Каталіцкія вернікі святкуюць Раство Хрыстова ў Светлагорску

Каталіцкія вернікі адзначаюць Раство Хрыстова. Сёння апоўначы на святочнай службе віталі светлагорцаў у касцёле Узвышэння Святога Крыжа.

Урачыстую імшу адслужыў ксёндз Тадэвуш, перадаўшы светлагорцам словы Антоні Дзям’янка — біскупа Пінскага:

Дарагія браты і сёстры ў Хрысце! Людзі добрай волі!

З нагоды Божага Нараджэння звяртаюся да Вас з найлепшымі святочнымі віншаваннямі. Калядны час натхняе ўсіх нас да паглыблення веры, надзеі і любові. Сярод разнастайных завіраванняў гісторыі і свету Сын Божы ўваходзіць у нашае жыццё і ціха стукаецца ў дзверы кожнага сэрца, запрашаючы адкрыцца на дар Божай любові.

Няхай святло Бэтлеемскай зоркі прынясе ў кожны дом Божае благаслаўленне, супакой і ўзаемаразуменне. Няхай нованароджаны Сын Божы абудзіць у нас усё найлепшае і дапаможа з новай моцай адкрыць тое, што найважнейшае.

Жадаю Вам моцнага духоўнага і фізічнага здароўя, усіх неабходных Божых дароў і ласкаў. Няхай цяпло і надзея, якія асвяцілі ноч Хрыстовага Нараджэння, дапамогуць на нова адчуць, як моцна мы любімыя і як жа нашая любоў неабходная кожнаму чалавеку, якога Бог ставіць на шляху нашага жыцця.

Няхай нованароджанае Божае Дзіцятка прынясе паўнату Божага благаслаўлення і радасці жыцця ў новым 2022 годзе.

Хрыстус нарадзіўся! Славім Яго!

Фота: Вадзім Кандрашонак