Добры вечар таму, хто ў гэтым даму

Вучні класа народной творчасці Светлагорскай дзіцячай школы мастацтваў разам з настаўніцай Таццянай Рыбінскай зладзілі ў фае сапраўдныя Каляды. Яны “пабудавалі” сялянскую хату, у якой разгарнулася асноўнае дзеянне – гаспадыня сустракала калядоўшчыкаў.

“Добры вечар таму, хто ў гэтым даму, – пачалі калядоўшчыкі. – Добры вечар, шчодры вечар твайму дому на ўвесь вечар”. Калядоўшчыкі выказалі шмат добрых пажаданняў гаспадыні, а потым папрасілі пачастункаў: “Гаспадынька не скупіся, каб ячмень твой урадзіўся, каб нажала столькі жыта, каб сям’я ўся была сыта!” Яны распавядалі вершы і разам з гледачамі адказвалі на загадкі, танцавалі і спявалі пад баян і вялікі барабан, на якіх цудоўна гулялі настаўнікі Аляксандр Рудніцкі і Пётр Дзенясюк. Пасля гэтага калядоўшчыкі пайшлі за пачастункамі да гледачоў. А тыя не скупіліся: накідалі поўны пакет цукерак, шакаладак і вафельных батончыкаў.

Вось так скончыліся Каляды у школе мастацтваў: і гледачы атрымалі цудоўны настрой, і калядоўшчыкі з прыбыткам засталіся.