Як выхаванцы светлагорскага дзіцячага сада пазнаёміліся з народным календаром

Выхаванцы светлагорскага дзіцячага сада даведаліся, калі святкуюць Юр’я, што ядуць на Камаедзіцу, навошта скачуць праз вогнішча на Купалле і калі трэба гукаць вясну.

Маленькіх беларусаў з народнымі звычаямі знаёмяць з дзіцячых садкоў. Так, напрыклад, як зрабілі ў санаторным яслях-садзе №15 г.Светлагорска. Тут зладзілі спартыўнае свята “Прыгоды народнага календара”.

Як адзначыла загадчык установы Таццяна Яфімава, “у Год гістарычнай памяці важна нагадаць дзецям аб народных святах і традыцыях нашай краіны. Важна наогул далучэнне да патрыятычнага выхавання – праз нашу мову, культуру, гісторыю”. Як далучыць маленькіх грамадзян да роднага? Як прыклад – праз святы: у народным календары іх хапае.

У своеасаблівае падарожжа па месяцах і святах дзеці адправіліся разам з педагогам – кіраўніком фізічнага выхавання Наталляй Харытонавай. Спартыўнае мерапрыемства, падрыхтаванае сумесна з законнымі прадстаўнікамі выхаванцаў, знаёміла са значнымі святочнымі днямі – Купаллем і Юр’ем, Дажынкамі і Калядамі. Танцы і рухомыя гульні дапамагалі дзецям: паказаць, як птушкі нясуць на крылах вясну (Саракі), абуджаецца прырода і нараджаецца новае лета (Камаедзіца). Выхаванцы дзіцячага сада нават не пабаяліся скочыць праз імправізаванае Купальскае вогнішча.

Наталля Сяргееўна прапанавала дзецям дакрануцца да чароўнага свету беларускай культуры – і падарожжаа атрымалася незабыўным, вясёлым і лёгкім. Кожны прыняў актыўны ўдзел; далучыліся да гульняў і гледачы. Напрыканцы і дарослыя, і дзеці змаглі пакаштаваць смачных булачак у выглядзе птушак-вяснянак. Менавіта яны ўвасабляюць сабой прыход вясны і абуджэнне ўсёй прыроды.

Адно мерапрыемства ахапіла цэлы год: дзеці прайшлі па календары свят і абрадаў, наведаўшы кожны сезон. Маленькія беларусы не проста пазнаёміліся з гульнямі, але – з народнай памяццю. Якую захоўваць і аберагаць павінен кожны з нас.

Фота аўтара