У праекце «Бацькаўшчына» паказваем архіўныя фотаздымкі значных аб’ектаў Светлагорскага раёна

«Бацькаўшчына» – сумесны гісторыка-культурны праект Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь і лаўрэата прэміі «За духоўнае адраджэнне» Уладзіміра Ліхадзедава. Праект заснаваны на аўтарскай калекцыі паштовак і фотаздымкаў к.XIX-п.XX стагоддзя, якія нагадваюць пра багатае мінулае нашай краіны. Ён прымеркаваны да Года гістарычнай памяці і ставіць перад сабой вельмі важную задачу – вывучыць, захаваць і папулярызаваць гістарычную спадчыну народа.

Рэдакцыя газеты «Светлагорскія навіны» падтрымала гэту ідэю і публікуе архіўныя і сучасныя фотаздымкі значных мясцін і аб’ектаў раёна.

Горвальскі тракт або вул.Савецкая

Светлагорск – горад па гістарычных мерках малады: яму ўсяго 60 гадоў. Але гісторыя яго сыходзіць у даўніну. І гэтаму ёсць доказы.

Амаль у кожным горадзе ёсць плошча або вуліца Савецкая. Ёсць такая і ў Светлагорску. Але калі дакрануцца да гісторыі, можна даведацца, што гэта вуліца раней мела іншую назву. У прывілеі (грамаце на валоданне зямлёй), знойдзеным у 1989 г. у архівах, падпісаным 15 ліпеня 1560 г. вялікім князем ВКЛ і каралём польскім Жыгімонтам ІІ Аўгустам, сказана, што зямельнае ўладанне пад назвай Востраў Шацілінскі (так раней называўся населены пункт – заўвага аўт.) размешчана на гары, на тракце Горвальскім, на рацэ Бярэзіне ў Рэчыцкім павеце. Горваль – вёска (некалі значнае мястэчка з замкам), якая знаходзіцца ў Рэчыцкім раёне на беразе Бярэзіны на месцы ўпадзення яе ў Дняпро. Таму відавочна, што Горвальскі тракт – гэта шлях, які вёў у Горваль, напэўна, з Парыч ці Бабруйска, уздоўж ракі, а зараз гэта адна са старэйшых вуліц горада – Савецкая.

Касцёл Святога Крыжа

У першай палове XVII стагоддзя на тэрыторыю нашага раёна пранікаюць каталіцкія місіянеры. Гэтаму спрыяла дзяржаўнасць каталіцкай царквы ў Рэчы Паспалітай. Першую місіянерскую дзейнасць тут праводзілі манахі Нясвіжскага езуіцкага калегіума. Езуітам удалося замацавацца ў Бабруйску ў 1618 г., а рэзідэнцыя іх узнікла ў 1630 г. Верагодна, што жыхары Шацілак у гэты час прынялі каталіцтва, хаця большасць жыхароў суседніх вёсак была праваслаўнай.

У 1638 г. з дапамогай гарадскога старасты Пятра Трызны пабудавалі касцёл у вёсцы Шацілкі, які пазней быў падораны езуітам.

Мясцовыя жыхары заўсёды моцна трымаліся сваёй веры каталіцкай. У час шматлікіх войнаў касцёл неаднаразова быў знішчаны, але мясцовыя жыхары, мясцовыя каталікі, заўсёды зноў адбудоўвалі сваю святыню.

Падчас вайны 1812 г. у чарговы раз шацілкаўскі касцёл быў знішчаны. Але ў 1818 г. шляхцічы Манкевічы сталі ініцыятарамі будаўніцтва тут новага храма. І ён прастаяў аж да пачатку ХХ стагоддзя. У 1905 годзе ў касцёл на свята Узвіжання прыехаў граф Баляслаў Тышкевіч. І пасля богаслужэння ён сказаў вернікам, што касцёл гэты ўжо стары, і калі ніхто не супраць, то ён гатовы дапамагчы пабудаваць тут новы.

Баляслаў Тышкевіч даў лес на касцёл, шацілкаўскія мужчыны яго спілавалі і прывезлі сюды. Тышкевіч наняў добрую брыгаду цесляроў, і ў 1906 годзе храм тут быў пабудаваны – новенькі, драўляны. Тышкевіч даў загад устанавіць у ім арган вельмі гучны. І ён, кажуць, быў такі, што калі на ім гралі, то ў суседніх дамах нават вокны дрыжалі, а гук яго можна было пачуць у маёнтку Іленпаль (зараз вуліца Лазо ў Светлагорску), дзе жыў Тышкевіч. А побач з касцёлам паставілі званіцу на тры званы: два званы чыгунныя, а адзін — медны. Званіцу пабудаваў жыхар мястэчка Шацілкі – Манкевіч. Па вялікіх святах і па выхадных на службу прыязджаў ксёндз з горада Бабруйска.

У касцёле было шмат прыгожых абразоў у пазалочаных рамах, таксама былі абразы, якія адлюстроўвалі пакуты Ісуса Хрыста. Лёс гэтых абразоў невядомы. Пачынаючы з 1916 г., пры касцёле дзейнічаў прыходскі хор. На жаль, фотаздымкаў тагачаснага касцёла няма. Удалося знайсці толькі здымак 1918 г., дзе на фоне драўлянай сцяны касцёла сядзяць прыгожа прыбраныя людзі. Верагодна, гэта і ёсць шацілінскі храм.

Першая сусветная вайна прынесла шмат гора і страт жыхарам Шацілак. Праваслаўны святар прыходзіў у Шацілкаўскі касцёл, і сумесна з ксяндзом яны адпявалі нябожчыкаў. Рускія салдаты былі пахаваны на каталіцкіх могілках.

У 1920 г. польская армія кароткі час знаходзілася ў Шацілках. І фотаздымак, дзе польскія салдаты хаваюць сваіх аднапалчан, сведчыць пра гэта. Калі верыць подпісу на ім, гэта адбываецца ў красавіку 1920 г. у Шацілках на Беразіне побач з касцёлам…

Але пазней былі знішчаны і храм, і магілы Першай сусветнай вайны, і мясцовых багатых шляхцічаў, і надмагіллі – вельмі прыгожыя, з чорнага мармуру – фундатараў касцёла Тышкевічаў.
У 1936 г. за савецкім часам было прынята рашэнне храм закрыць. Але мясцовыя каталікі сталі на абарону свайго касцёла. За гэта іх абвінавацілі ў контррэвалюцыі: каго расстралялі, а каго адправілі на 10 і больш гадоў у лагеры. Ну, а храм па бярвенні разабралі, і з гэтага бярвення пабудавалі мясцовы клуб. Расказваюць, што, калі касцёл разбіралі, на пляцоўцы побач гулялі два хлопчыкі, бервяно з касцёла сарвалася і аднаго з іх забіла. І гэта быў сын менавіта таго чалавека, які быў ініцыятарам знішчэння шацілаўскага храма.

Разбурэнне касцёла не прывяло да знікнення духоўнасці шацілкаўцаў. Праз дзесяцігоддзі пранеслі яны сваю веру, збераглі абразы і касцёльны крыж.

І толькі ў 90-х гадах мінулага стагоддзя ў Светлагорску была адноўлена каталіцкая парафія. У 1992 г. пачалося будаўніцтва на новым месцы новага мураванага храма. І ў 1997 г. касцёл Святога Крыжа ўзнёс свае вежы да нябёсаў.

Фота: архіў «СН»