Як выхоўваюць патрыётаў у Светлагорскім раёне?

Год народнага адзінства, згоды, узаемаразумення, павагі адзін да аднаго прайшоў у нашай краіне. Услед за Годам народнага адзінства прыйшоў новы – Год гістарычнай памяці. Ёсць каштоўнасці, да якіх імкнецца кожны чалавек, а жаданне жыць у міры і быць шчаслівым аб’ядноўвае кожнага з нас, і гэтыя паняцці непарыўна звязаны паміж сабой. Патрэбна заўсёды памятаць, што мы – беларусы, што жывём на зямлі беларускай і, як кожны народ, маем сваю мову, культуру, гісторыю. 

Як багатая спадчына дапаможа выхаваць моладзь, вартую традыцый сваіх дзедаў і прадзедаў? Адказаць на гэтае пытанне дапамогуць педагогі і вучні Давыдаўскай сярэдняй школы. А ці можна адчуваць сябе сапраўдным беларусам, грамадзянінам сваёй дзяржавы, калі не ўжываць родную мову? Безумоўна, не. Некалі Францішак Багушэвіч казаў: «Мова – гэта «адзежа душы».  Для нас, беларусаў, роднай мовай з’яўляецца беларуская мова. І ў Міжнародны дзень роднай мовы традыцыйнай на святах у школе стала рубрыка «Беларускае слоўка», якая дапамагае акунуцца ў чароўны свет роднай мовы, паслухаць, як гучыць дзіўнае, непаўторнае беларускае слова,  такое блізкае і роднае. А як жа нам лепш вывучаць родную мову? Безумоўна, трэба чытаць і размаўляць на ёй.

Тэма народнага адзінства разглядаецца на працягу навучальнага года і ў рамках Школы актыўнага грамадзяніна. Вучні дзеляцца думкамі аб гістарычным развіцці Беларусі, абмяркоўваюць сучасныя дасягненні нашага народа, узгадваюць дзяржаўныя святы і сімвалы Рэспублікі Беларусь – герб, сцяг, гімн. Бо гэта не проста словы, гэта атрыбуты дзяржаўнасці, якія адлюстроўваюць яе суверэнітэт, незалежнасць і самастойнасць. Чаму на календары з’явілася новае свята? Якія гістарычныя падзеі паўплывалі на аб’яднанне беларускіх зямель? Чаго дабілася краіна за часы свайго незалежнага існавання? На гэтыя і многія іншыя пытанні вучні знайшлі адказы на тэматычнай інфармацыйнай гадзіне «Дзяржаўнае свята «Дзень народнага адзінства». Навучэнцы разважалі над паняццем «адзінства» і даказалі, што дружба, падтрымка, салідарнасць, патрыятызм – гэта не толькі словы,  але і аснова існавання незалежнай і шчаслівай краіны пад гордай назвай Беларусь.

Атмасфера свята панавала і на наступны дзень: гучалі цудоўныя беларускія песні, дэманстраваліся відэаролікі з беларускімі краявідамі і, канешне, з дзіўнымі беларускімі стравамі. Бо гэты дзень быў прысвечаны беларускай кухні. Наш народ – гасцінны народ і любіць прыгожыя святы. Нішто так не аб’ядноўвае людзей, як душэўныя, цёплыя размовы за агульным сталом, які сабраў усіх нас: і вучняў, і настаўнікаў. Вучні не толькі елі стравы, але і яшчэ шмат чаго даведаліся пра іх спажыўныя якасці і пра тое, як можна прыгатаваць іх, папрысутнічаўшы на майстар-класе. Мы ўпэўнены, што традыцыі беларусаў мы захаваем і ў песнях, і ў святах, і ў кухні. І ў памяці народнай …

Менавіта цяпер, калі спрабуюць перапісаць гераічнае мінулае нашай краіны, важна памятаць пра адну з самых трагічных старонак у гісторыі нашай малой Радзімы – Вялікую Айчынную вайну і Халакост яўрэйскага насельніцтва вёскі Давыдаўка. Сёння на тэрыторыі Давыдаўскага сельсавета сем памятных знакаў воінам-аднавяскоўцам, якія загінулі на франтах самай жудаснай у гісторыі чалавецтва вайны, помнік ахвярам Халакоста, тры брацкія магілы савецкім воінам і партызанам. Наш велапрабег, прысвечаны Дню народнага адзінства,  праходзіў па гэтых знакавых мясцінах. А адзін з маршрутаў быў звязаны з аперацыяй «Баграціён».

У 2010 годзе па ініцыятыве членаў краязнаўчага гуртка школы, Светлагорскага райвыканкама, клуба «Пошук» і пры падтрымцы Гомельскага абласнога аддзялення фонду міру на месцы генеральнай рэпетыцыі аперацыі па вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў быў адкрыты памятны знак.  Гэты знак знаходзіцца за вёскай Горкі. Члены краязнаўчага гуртка знайшлі месца, на якім у гады Вялікай Айчыннай вайны быў размешчаны камандны пункт 65-ай арміі генерала П.І. Батава, дзе ішла падрыхтоўка для нанясення асноўнага удару па войсках праціўніка. Для гэтага рыхтавалі гаці праз балота, па якіх змаглі б прайсці савецкія танкі. Гэта памяць патрэбна ўсім нам. Ад нас зараз залежыць захаваць гэту памяць ці не.

Так, у канцы студзеня адбылася сустрэча студэнтаў БДУ імя М. Танка з вучнямі ў рамках інтэрнацыянальнага 57-га Зорнага паходу па месцах баявой славы беларускага народа. Настаўнік гісторыі Вольга Асланава правяла з моладдзю майстар-класс па арганізацыі і правядзенні даследчай дзейнасці. Вучаніца XI класса Ксенія Міцкевіч прэзентавала сваю даследчую работу,  распавяла аб Халакосце яўрэйскага насельніцтва в. Давыдаўка. А студэнты правялі прафарыентацыйныя мерапрыемствы. Удзельнікі сустрэчы пабывалі на брацкіх могілках, дзе пахаваны воіны Вялікай Айчыннай вайны і ахвяры Халакоста в.Давыдаўка, усклалі вянкі.

Беларускі народ змог прайсці праз суровыя выпрабаванні і вынесці на сваіх плячах увесь цяжар вайны. І мы павінны аб гэтым памятаць, каб не паўтарылася падобная трагедыя.

Алена Лапотка, настаўнік Давыдаўскай школы