У праекце «Бацькаўшчына» расказваем пра чыгуначны мост у Светлагорскім раёне

За сваю больш за 100-гадовую гісторыю мост перажыў тры вайны, чатыры разы быў разбураны. Але людзі кожны раз аднаўлялі яго, забяспечваючы бесперабойную працу лініі Жлобін — Калінкавічы. І, у нейкай ступені дзякуючы гэтаму, вёсачка Шацілкі ператварылася ў прыгожы горад Светлагорск: каб узводзіць тут аб’екты прамысловасці і інфраструктуры, неабходна было прывезці вялікую колькасць будматэрыялаў, абсталявання і інш. Справіцца з такой складанай задачай магла толькі чыгунка, якая тут і была. Участак паміж Жлобінам і Калінкавічамі – толькі малая частка Падольскай чыгункі, уведзенай у эксплуатацыю ў лістападзе 1915 года.

У гэты час Грамадзянская вайна палала па ўсёй Расійскай імперыі, і 6 студзеня 1920 года пры адступленні польскія салдаты спалілі мост дашчэнту. І толькі ў 1921 годзе чыгуначнікі прыступілі да яго рамонту: ваенныя дзеянні на тэрыторыі раёна не дазвалялі гэта зрабіць раней. Аднак драўляныя фермы недаўгавечныя. Таму за тыя 20 гадоў, якія заставаліся да пачатку Вялікай Айчыннай вайны, мост каля Шацілак рэканструіравалі.

У 1941 годзе пры адступленні войскі Чырвонай Арміі ўзарвалі мост, і немцам ён дастаўся разбураным. Пра гэта сведчыць фотаздымак з кнігі нямецкага ваеннага пісьменніка Вернера Хаўпта «Фатаграфіі групы армій «Цэнтр». Канешне, немцы вымушаны былі рамантаваць мост, каб наладзіць паведамленне па лініі Жлобін-Калінкавічы. І яны даволі хутка прыступілі да працы, выкарыстоўваючы ў якасці таннай працоўнай сілы мясцовае насельніцтва.

У лістападзе 1943 года пачаліся цяжкія 2-месячныя баі за чыгуначную станцыю Шацілкі. Пакідаючы плацдарм, у студзені 1944 года фашысты ўзарвалі мост, абрынуўшы ўсе фермы. Прыступіць да яго аднаўлення савецкія сапёры змаглі толькі ў сакавіку, калі баі адышлі ўглыб левага берага. Гэты мост быў неабходны, таму што ўлетку планавалася наступленне.
Вайна сышла з нашага раёна летам 1944-га. Але мост аднавілі толькі ў 1949-м – занадта вялікія былі разбурэнні чыгуначных камунікацый на іншых, больш важных накірунках. Канструкцыю аднавілі па існуючай схеме. Але замест разбураных каменных апор узвялі бетонныя, шматкутныя формы замянілі на прастакутныя. І мост стаў такім, якім мы бачым яго зараз.

Па міжнародных стандартах светлагорскі мост адносіцца да катэгорыі вялікіх. Ён – другі па велічыні ў краіне (пасля мазырскага). Штосутачна тут праходзіць каля паўсотні грузавых саставаў, яшчэ і пасажырскія цягнікі рэгіянальных і міжрэгіянальных ліній.

Чыгуначная станцыя

У пачатку ХХ стагоддзя праз р.Бярэзіну каля в.Шацілкі быў пабудаваны чыгуначны мост, а ў 1916 г., з завяршэннем будаўніцтва чыгуначнай лініі Жлобін-Калінкавічы, праз станцыю Шацілкі быў пачаты рух цягнікоў па маршруце Санкт-Пецярбург-Адэса. Чыгуначная станцыя Шацілкі была ўключана ў Чыркавіцкі сельсавет Парыцкага раёна.

29 ліпеня 1961 г. г.п.Шацілкі пераўтвораны ў г.Светлагорск, а Парыцкі раён перайменаваны ў Светлагорскі. 1 снежня 1966 г. да горада была далучана чыгуначная станцыя Шацілкі, якая цяпер
называецца «Светлагорск-на-Бярэзіне».

Фота з адкрытых крыніц