24 мая — Дзень славянскай пісьменнасці і культуры

Развіццё міжнародных творчых кантактаў і ўзаемадзеянне ўсёй пісьменніцкай супольнасці, незалежна ад нацыянальнай прыналежнасці, з мэтай павелічэння ролі сучаснай літаратуры ў выхаванні падрастаючага пакалення, захавання міру і традыцый – адзін з важных напрамкаў у працы ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі». Яркія прыклады гэтай дзейнасці – у Гомельскім абласным аддзяленні пісьменніцкай арганізацыі. Аб супрацоўніцтве літаратараў дзвюх краін распавёў заслужаны дзеяч культуры Беларусі, старшыня Гомельскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі”, празаік і публіцыст Уладзімір Гаўрыловіч.

Уладзімір Мікалаевіч, цэлае дзесяцігоддзе вы як куратар наладжваеце супрацоўніцтва прафесійных пісьменнікаў і маладых паэтаў у рамках беларуска-расійскага літаратарурнага фестывалю «Берагі дружбы». Раскажыце аб гэтым праекце?

– Усё ў гэтым свеце трымаецца на ініцыятыўных людзях. Вось і аднойчы невядомы мне рускі чалавек позна ўвечары пастукаўся ў дзверы маёй гомельскай кватэры. Прадставіўся: паэт, нафтавік па прафесіі, Леанід Юр’евіч Север. Аказалася: ва ўзросце адзінаццаці гадоў сумесна з бацькамі пераехаў у Беларусь, жыў у Гомелі і скончыў мясцовую СШ № 33, тут пачаў свой працоўны шлях, да службы ў войску працаваў фрэзероўшчыкам на Гомельскім радыёзаводзе. А адслужыўшы, з адзнакай скончыў Рэчыцкае ТУ-86 нафтавікоў, працаваў у Рэчыцкім упраўленні разведачнага бурэння, на беларускіх філіялах на нафтавых радовішчах Ханты-Мансійскай і Ямала-Ненецкай аўтаномных акругаў, пасля чаго вярнуўся да бацькоў, якія цяпер жылі ў Таганрозе. І заўсёды пісаў вершы. Беларусь і Гомель для Леаніда назаўжды засталіся малой радзімай. За кубкам чаю на кухні мы дамовіліся аб супрацоўніцтве з растоўскімі калегамі: аб першых перакладах спачатку членаў аматарскіх літаб’яднанняў – Гомельскага раённага і Таганрогскага гарадскога, а пасля і прафесіяналаў. Так нараджалася наша «хроснае дзіця» – вядомы сёння фестываль і конкурс «Берагі дружбы«. Яго і цяпер узначальвае сын Беларусі і Расіі Леанід Север. Я ж – шчыры яго памочнік, каардыную ўсё дзесяцігоддзе творчыя і арганізацыйныя працэсы па Беларусі.

– А як праект развіваўся?

– Пасля таго, як нам удалося злучыць разам фестываль нацыянальных культур і круглагадзічны творчы працэс па ўзаемных паэтычных перакладах паміж літаратурнымі аб’яднаннямі Няклінаўскага і Гомельскага раёнаў нашых краін, такая садружнасць прыцягнула ўвагу прафесійных пісьменніцкіх саюзаў Беларусі і Расіі. У выніку з’явілася згуртаваная каманда грамадскасці, бізнесу і ўлады, здольная вырашаць больш складаныя задачы. У прыватнасці, адраджэнне школы паэтычнага перакладу, страчанай у постсавецкі перыяд, на што неаднаразова ў сваіх выступленнях звярталі ўвагу і лідары нашай Саюзнай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін. Мы пачалі праводзіць міжнародныя маладзёжныя конкурсы паміж маладымі паэтамі з розных нацыянальных тэрыторый і рэгіёнаў Расіі, а ад Беларусі спачатку прыцягвалася толькі творчая моладзь Гомельскай вобласці, а праз некалькі гадоў у працэс былі далучаныя і пачаткоўцы з усёй Беларусі. Выкананне конкурсных заданняў маладымі аўтарамі сталі курыраваць вопытныя, прафесійныя паэты-настаўнікі – прызнаныя ў сваіх рэгіёнах і краінах майстры мастацкага паэтычнага слова. Фінальныя слуханні і ўзнагароджанне пераможцаў усе гэтыя гады непарыўна звязваліся з фестывалем нацыянальных культур, які праводзіцца штогод у Няклінаўскім раёне Растоўскай вобласці, а таксама, што тычыцца Беларусі, з міжнародным фестывалем-святам «Славянскія літаратурныя дажынкі».

Сёння адукацыйна-асветніцкі праект «Берагі дружбы» імя А. В. Траццякова – гэта вядомы міжнародны фестываль-свята і фестываль-конкурс, на якім прадстаўнікі розных народаў могуць не толькі прадстаўляць свае нацыянальныя абрады і традыцыі, але і сустракацца з маладымі і шырока вядомымі паэтамі свайго этнасу і сутыкацца з іх творчасцю асабіста. Мы, беларусы, вельмі актыўна падтрымліваем гэты форум. За апошнія тры гады на базе праекта пры падтрымцы Фонда прэзідэнцкіх грантаў Расіі была створана Усерасійская адкрытая школа паэтычных перакладаў для маладых аўтараў. На працягу трох дзён пасля заканчэння фестывалю-свята 25 лепшых па выніках конкурсу маладых паэтаў атрымліваюць дадатковую адукацыю пры падтрымцы выкладчыкаў Луганскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя В. І. Даля і Таганрогскага інстытута імя А. П. Чэхава. Юнакі і дзяўчаты пасля вучобы атрымліваюць сертыфікаты ўстаноўленага ўзору. Заняткі праводзяцца ў канферэнц-зале народнага мемарыяльнага комплексу «Самбекскія вышыні», дзе будучая творчая эліта Беларусі і Расіі яшчэ раз знаёміцца з нашай агульнай славянскай гісторыяй, асабліва з подзвігам савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

Такім чынам, за дзесяцігадовы шлях мы падышлі са значным багажом назапашаных дасягненняў і вопыту. За гэтыя гады на радзіме Чэхава з нашым удзелам выдадзена звыш 70 зборнікаў перакладаў паэзіі, уключаючы 10 на беларускай мове. Сёння ўнікальны творчы праект, дзякуючы падтрымцы старшыні Саюза пісьменнікаў Расіі Мікалая Іванова, праўлення СПБ, Мікалая Чаргінца і Алеся Карлюкевіча, Алены Стэльмах, нашых калег з Гродна і Магілёва, аднадумцаў з іншых абласцей, пашырае свае межы. У бягучым конкурсным адборы ва Усерасійскую адкрытую школу паэтычнага перакладу для маладых аўтараў прымаюць удзел прадстаўнікі больш за 50 рэгіёнаў Расіі (у тым ліку з 16-ці нацыянальна аўтаномных) і ўсіх рэгіёнаў Беларусі – а гэта 60 чалавек.

А яшчэ фестываль «Берагі дружбы» афіцыйна стаў партнёрам-пабрацімам гомельскага фестывалю-свята «Славянскія літаратурныя Дажынкі«

– І гэта адбылося неяк само сабой. Больш таго, дзякуючы дзейнасці пісьменнікаў дзвюх краін Гомельскі раён Гомельскай вобласці і Няклінаўскі раён Растоўскай вобласці афіцыйна сталі раёнамі-пабрацімамі, заключыўшы адпаведнае пагадненне аб супрацоўніцтве. Дзякуючы імкненню наперад у рамках фестывальнага літаратурнага руху Беларусі і Расіі, выраслі, дарэчы, і іншыя праекты. Напрыклад, у цяперашні няпросты час нам удалося знайсці падтрымку і прысвоіць імёны народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа, а таксама нашага асветніка і паэта Кірылы Тураўскага бібліятэкам і дамам культуры ў двух раёнах Растоўскай вобласці. Тут мы нямала папрацавалі разам з дырэкцыяй фестывалю «Берагі дружбы», з Неклінаўскай раённай (узначальвае абедзве структуры Леанід Север) і абласной арганізацыяй «Саюз беларусаў Растоўскай вобласці» (узначальвае Уладзімір Жываткевіч). А ў 2021-ым мы ажыццявілі яшчэ адзін гуманітарна-асветніцкі праект: у дзень 100-годдзя Івана Мележа, які некалі ваяваў і быў паранены на Растоўскай зямлі, разам адкрылі музейна-этнаграфічны пакой беларускага класіка і нашага земляка ў Расіі!

Ведаю: ёсць і яшчэ адна знакавая перамога, дасягнутая ўпершыню

– Гэта так. У нашым абласным аддзяленні ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» завяршаецца ўнікальны праект – прафесійныя літаратары і маладыя аўтары пад іх куратарствам перавялі на беларускую мову больш за 40 паэтаў з 25 краін свету… Што, несумненна, пацвярджае: літаратура – лакаматыў, які паспяхова пашырае нацыянальна-культурныя сувязі як у Саюзнай дзяржаве, так і з далёкім замежжам.

Як гэта адбывалася?

– У пачатку бягучага года ў наш аргкамітэт звярнуўся каардынацыйны савет сусветнага паэтычнага руху «Свет без сцен” з прапановай рэалізаваць сумесны праект “Зямля – наш агульны дом». Адважыцца на такую складаную працу было вельмі адказна. Але разам мы – сіла! Расійскі бок узяў на сябе пераклады вершаў аб агульначалавечых каштоўнасцях з родных моў на рускую вядомых паэтаў з В’етнама, Ганы, Бангладэш, Індыі, Калумбіі, Украіны, Расіі, Азербайджана, Узбекістана, Казахстана, Таджыкістана, Босніі і Герцагавіны, Сербіі, Турцыі, Узбекістана, Італіі, Францыі, Вялікабрытаніі, Косава і іншых краін, а мае каллегі і сябры – гомельскія літаратары-перакладчыкі ўзяліся за беларускі варыянт вершаў кожнага замежнага аўтара.

Падкрэслю: усё ішло вельмі няпроста. Шаснаццаці членам абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, якія маюць прафесійныя навыкі мастацкага перакладу, было вельмі складана справіцца з велізарным аб’ёмам прадстаўленага з-за мяжы матэрыялу, таму мне прыйшлося рызыкнуць і прыцягнуць да гэтай дзейнасці і шэсць маладых аўтараў, якія паказалі паспяховасць сваёй перакладчыцкай працы ў папярэднія гады, удзельнічаючы ў праекце “Берагі дружбы”. Больш за 4 месяцы ішла напружаная творчая праца. Пры чым, паэтка Тамара Кручанка працавала над перакладамі адразу трох замежных аўтараў, а Ніне Шкляравай, Дар’і Дарошка, Галіне Рагавой, Алегу Ананьеву, Вользе Раўчанцы, Але Бяльковай, Лідзіі Долбікавай і Наталлі Шамятковай, Алёне Алёшынай прыйшлося пераствараць беларускія варыянты вершаў адразу двух замежнікаў. Сапраўдны прафесіяналізм праявілі ў гэтай працы паэты Мікалай Ждановіч і Міхаіл Болсун, Святаслаў Крупенька і Іна Зарэцкая, Ганна Атрошчанка і Лідзія Возісава. Дарэчы, варта падкрэсліць і рост прафесіяналізму маладых аўтараў-перакладчыкаў: Вольгі Грынь, Надзеі Петрачук (Філон), Уладзіміра Чараухіна, Аліны Рыцік, Ульяны Пятрэнка. Як кіраўнік і каардынатар праекта з беларускага боку шчыра ўдзячны сваім калегам і маладым сябрам, якія ўдзельнічаюць у нашых праектах, за гэтую неймаверна складаную творчую працу! Падрыхтаваныя пераклады мы нават ужо ўзгаднілі з замежнымі калегамі. Іх рэакцыя была імгненнай і – станоўчай! Напрыклад, цёплыя словы перакладчыкам і арганізатарам днямі адрасавалі вядомыя в’етнамскі і французскі паэты Май Ван Фан і Францыс Комбес, якія зробленыя пераклады нават размясцілі на сваіх рэсурсах…

Вынікам жа ўсёй працы стануць вялікія кніжныя выданні перакладаў – адно на рускай, другое – на беларускай мовах, якія, як мяркуецца, будуць выдадзены беларускай нацыянальнай аўтаноміяй у Расіі і прадстаўлены чытачам у самай бліжэйшай перспектыве. А таксама, думаецца, хутка нас парадуюць і «жывыя» сустрэчы з аўтарамі і перакладчыкамі на знакавых фестывалях у Расіі і ў нашым Гомелі. Такія сустрэчы абавязкова адбудуцца. Тым больш, што толькі што прыйшла радасная навіна Масквы…

– Чым жа яшчэ парадуеце?

– Напярэдадні Дня славянскай культуры і пісьменства, па хадайніцтве Саюза пісьменнікаў Беларусі, нашага Гомельскага абласнога аддзялення СПБ і шасці рэгіянальных пісьменніцкіх аддзяленняў Беларусі і Расіі, Сакратарыятам Саюза пісьменнікаў Расіі прынята рашэнне аб прысваенні ганаровага звання «Літаратурны раён Расіі» Няклінаўскаму раёну Растоўскай вобласці. Гэта доўгачаканая  і вялікая падзея, здавалася б, тычыцца толькі творцаў і жыхароў гэтага раёна-пабраціма, але і для нас яна сапраўды вельмі важная, бо гэта вельмі сур’ёзны вынік дзесяцігадовай сумеснай, стваральна-збліжаючай, сумеснай працы пісьменнікаў Гомельшчыны і ўсёй нашай рэспублікі з творцамі гэтага рэгіёну Расіі!

Дарэчы, палажэнне аб дадзеным ганаровым званні зацверджана СП Расіі 28.07.2020 года і разглядаецца Сакратарыятам саюза адзін раз у год. Прысуджаецца за вялікія заслугі ў справе захавання літаратурнай спадчыны, прапаганду мастацкага слова і класічных традыцый у рускай літаратуры, а таксама арганізацыю літаратурнага працэсу ў Расійскай Федэрацыі. Першым уладальнікам дадзенага звання ў 2021 годзе стаў Хунзахскі раён Рэспублікі Дагестан — малая радзіма Расула Гамзатава. Няклінаўскі раён Растоўскай вобласці – другі ў гэтым спісе. Нам, гамяльчанам, вельмі прыемна, што і да атрымання гэтага звання мы прыклалі нямала намаганняў, сумеснымі творчымі праектамі падтрымаўшы малую радзіму Антона Чэхава (Таганрог, дзе ён нарадзіўся, як адміністрацыйная адзінка ўваходзіць у склад Няклінаўскага раёна).

А ў завяршэнне варта адзначыць наступнае. 23 мая рашэннем Савета Гомельскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» старшыні праўлення мясцовай нацыянальна-культурнай аўтаноміі «Беларусы Няклінаўскага раёна», члену вышэйшага творчага савета Саюза пісьменнікаў Расіі, члену Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктару фестываля «Берагі дружбы”, паэту і перакладчыку Леаніду Северу прысуджана Міжнародная літаратурная прэмія “Вернасць Слову». У рамках гэтай узнагароды ў Гомелі да Дня беларускага пісьменства і Міжнароднага фестывалю-свята «Славянскія літаратурныя дажынкі» выйдзе кніга выбраных вершаў і песенных тэкстаў аб Беларусі і Расіі гэтага таленавітага творцы і выдатнага арганізатара. Думаецца, званне лаўрэата і выдадзеная кніга на другой малой радзіме стане выдатнай ацэнкай працы для чалавека, які ўсё жыццё шчыруе дзеля збліжэння, дружбы і яднання беларускага і рускага народаў.

Гутарыў Мікалай Ігнатоўскі