У Светлагорскім раёне ў працы пошукавага атрада «Эстафета памяці» дапамагаюць школьнікі

Удзельнікі пошукавага атрада «Эстафета памяці» – на палявым выхадзе. У рабоце ўдзельнічаюць і малодшыя памочнікі — школьнікі з Парыцкай школы.

Пасярод поля, недзе ў раёне г.п. Парычы Светлагорскага раёна – кароткі інструктаж ад кіраўніка атрада, пасля – абмеркаванне плана працы. Поле ўжо было даследавана чальцамі атрада, тут для дзяцей бяспечна.

Усе разышліся па пэўных кропках, у руках рыдлёўкі, металадэтэктары і лісткі з каардынатамі. Дзеці разам з Валянцінай Пятровай, удзельніцай атрада, працаўніком філіяла Казлоўскай сельскай бібліятэкі. Школьнікі ўважліва слухаюць яе аповед аб гэтым месцы баёў. «А вунь там, за пагоркам, атакавалі «штрафбатаўцы», тут, у месцы, дзе мы зараз стаім, знаходзіліся нашы акопы і агнявыя кропкі, тут салдаты наступалі і абараняліся…»

Мы тут ужо раней праводзілі раскопкі падчас некалькіх «Вахт памяці». Паднятыя астанкі байцоў пахаваны ў брацкіх магілах, але мы вырашылі яшчэ раз прайсціся тут, каб пераканацца, што нікога не прапусцілі, – растлумачыў мэту ўдзельнік атрада Уладзімір Дражын.

Пакуль ішла праца, я паразмаўляў з камандзірам пошукавага атрада «Эстафета памяці» Раманам Цярэшчанкам.

Наша праца штодзённая. Бо для таго, каб знайсці астанкі і ўстанавіць імя хаця б аднаго загінуўшага савецкага салдата часоў Вялікай Айчыннай вайны, нам даводзіцца перакопваць не толькі тоны зямлі, але і перапрацоўваць сотні гігабайт інфармацыі з архіваў. У атрадзе «Эстафета памяці» кожны з членаў заняты пэўнай работай: нехта ўдзельнічае ў палявых работах, вось як нашы мужчыны, нехта працуе з архівамі, як Валянціна Іванаўна Пятрова. Яна, напрыклад, са школьнікамі з дзіцячага пошукавага атрада «Юны памочнік – Памяць» адказвае за пошук інфармацыі. Без гэтага ў нас нічога б не атрымалася. Жадаю асобна сказаць пра нашых юных памагатых. Гэта навучэнцы Парыцкай сярэдняй школы Арцём Смусёнак, Соф’я Кохна, Міхаіл Рабцаў, Мацвей Бярдовіч і Дар’я Шчэрбін. Усе яны не проста так прыйшлі ў атрад, каб паставіць галачку ў спісе наведванняў, яны свядома, нароўні з дарослымі ўносяць неацэнны ўклад у нашу агульную справу. Плюс да гэтага, дзякуючы прыцягненню да пошукавай працы, гэтыя хлопчыкі і дзяўчынкі даведаюцца шмат новага аб гісторыі сваёй роднай зямлі, аб вайне. Яны самі сваімі дзіцячымі рукамі робяць гісторыю. Я лічу, што дзякуючы гэтаму мы гадуем сапраўдных патрыётаў Беларусі, якія ў будучым зоймуць наша месца і працягнуць нашу працу.

Праз некаторы час у розных месцах пошукавікамі былі пракапаны невялікія шурфы. У гэтай справе не так усё проста: атрадаўцам без вайскоўцаў 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна праводзіць самастойна раскопкі забаронена, таму яны праводзяць павярхоўнае даследаванне грунта ў вызначаных месцах, пра час і вынікі сваёй працы яны дакладаюць па інстанцыях.

На свет то там, то тут пачалі з’яўляцца артэфакты часоў вайны: старыя салдацкія чаравікі, кацялок, аскепкі снарадаў і мін, гільзы і іншае. У гэты час юныя члены атрада, захапіўшы адзін з металадэтэктараў, даследвалі поле ў пошуках чагосьці цікавага. За дзецьмі пільна назіраў Мікалай Гаўрыльчык. Ён сабраў усіх каля кучы ваеннага металу і пачаў тлумачыць прынцып працы металадэтэктара. Які гук на які метал гучыць з навушнікаў, якія месцы небяспечныя і што неабходна рабіць, калі знойдзеце выбухованебяспечны прадмет. Мікалай – камандзір аддзялення мясцовай пажарнай аварыйна-выратавальнай часці, і забеспячэнне бяспекі – яго абавязак. Выслухаўшы настаўніка, школьнікі, атрымаўшы ў сваё распараджэнне вызначанае месца для раскопак, прыняліся за справу. Сярод поля раз-пораз раздаваліся іх захопленыя воклічы, а ў руках з’яўляліся ўжо бяспечныя аскепкі ад боепрыпасаў, якія тут жа дэманстраваліся Валянціне Іванаўне.

Я заўважыў дзяўчынку, якая адбілася ад групы моладзі. Яна дапамагала Дзмітрыю Яўстратчыку. У працэсе яна расказала:

– Я Лера, вучаніца 5-га класа школы № 8 г. Светлагорска, а гэта мой тата Дзіма.

– Даўно ты ў дзіцячым атрадзе?

– Я ў яго яшчэ не запісалася, але езджу з бацькам на пошукі ўжо не першы год. Усё пачалося з таго, што тата прыносіў дадому розныя ваенныя прадметы і расказваў мне пра іх. Гэта вельмі захапляльна – даведацца, што ў простай пацёртай алюмініевай лыжкі ёсць свая гісторыя, а нейкія незразумелыя рысачкі, надрапаныя на ёй, могуць стаць ключом да пошуку імя загінулага салдата.

Што цікавага асабіста для цябе ў пошуках?

– Шмат чаго, тут усё вельмі цікава. Я памятаю першую паездку, калі на вялікай глыбіні зямлі былі знойдзены астанкі салдат. І мне зусім было не страшна бачыць усё гэта, проста я разумею, што гэта не проста косткі чалавека – гэта астанкі тых, хто загінуў, абараняючы мяне ад фашыстаў.

Лера, а чаму ты тут, бо ў дзяўчынак твайго ўзросту ёсць заняткі, якія зусім не звязаныя з беганнем па палях?

– Я хачу стаць археолагам, таму ўсё, што робіць мой тата і яго сябры, для мяне – добрая дапамога ў выбары будучай прафесіі. Мне вельмі падабаецца аглядаць знаходкі, якія мы шукаем. Бо кожны прадмет – гэта частка гісторыі. Мяне ўвогуле ўражвае, калі знаходзяць астанкі салдат, бо гэта могуць быць нечыя сваякі. І мне прыемна заўсёды чуць ад таты, што знаходзяць іх імёны і сваякоў. Наогул тэма вайны для мяне вельмі сур’ёзная. Я бачу ўсё на свае вочы і разумею, што вайна – гэта не тое, што паказваюць у фільмах – яна нашмат страшнейшая.

Як ставяцца да твайго занятку твае сябры і сяброўкі ў школе?

– Нармальна, яны слухаюць мае апавяданні і ставяцца да гэтага з некаторай цікавасцю. Я разумею, што пакуль яны ўсё не ўбачаць самі, то шмат чаго не зразумеюць, а ўзяць усіх з сабой пакуль што немагчыма.

Гісторыя вайны – гэта не толькі фільмы і кнігі – гэта яшчэ і лёсы тых, хто ваяваў і аддаў сваё жыццё за нас. Я стараюся прывіць гэтае паняцце сваёй дачцэ, расказаць і паказаць ёй, што адбывалася ў рэальнасці ў тыя гады. Я хачу выхаваць яе добрым чалавекам. І мне здаецца, што гэта прыносіць свой плён, – дадаў да слоў дачкі Дзмітрый Яўстратчык.

Папрацаваўшы на гэтым участку і выканаўшы план работ, атрад рушыў далей. Перад намі стаяла задача ў адным з лясных масіваў знайсці асобныя пахаванні савецкіх салдат. Атрад зафіксаваў GPS-каардынаты для наступных работ па ўзняцці астанкаў загінуўшых салдат і работы на гэтым вырашыў завяршыць.

На сёння ўсё, скрыншоты знойдзеных месцаў дасланыя для аналізу, час рыхтаваць заяўкі на раскопкі ў гэтым месцы, – абвясціў Раман Цярэшчанка.

Кожны са знойдзеных салдат для пошукавікаў – гэта велізарная перамога. Бо кожны герой – гэта не толькі асобная гісторыя подзвігу, якая з’яўляецца радком воінскай славы народаў СССР у тыя гады, але і лёс чалавека-салдата. І наш святы абавязак як грамадзян Беларусі – зрабіць усё, каб імя кожнага зніклага і загінуўшага савецкага воіна было ўстаноўлена і заняло сваё ганаровае месца ў спісах герояў Вялікай Айчыннай вайны. І выхаваць з дзяцей нашай краіны сапраўдных патрыётаў Беларусі – тых, хто будзе за мір і сяброўства, хто ніколі не ўбачыць на свае вочы, што бачылі нашы продкі – усе жахі вайны.

Кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Якімаслабадской СШ Светлагорскага раёна Вадзім Кандрашонак

Фота аўтара