27 лістапада 1943 года былі вызвалены Шацілкі

У зводцы Савінфармбюро ад 27 лістапада 1943 г. гаварылася: «У раёне ніжняй плыні ракі Бярэзіна нашы войскі з баямі занялі н.п.Вялікі Бор, Мармавічы, Давыдаўка, Прасвет, Людвінаўка і чыгуначную станцыю Шацілкі». Вось ужо шмат гадоў менавіта 27 лістапада жыхары нашага горада святкуюць, як дзень вызвалення.

З 25-га па 27-е лістапада

Лістапад 1943 г. прынёс жаданую свабоду большасці жыхароў нашага раёна. Часці 65-й арміі пад камандаваннем генерала арміі П.І.Батава фарсіравалі Днепр на поўдзень ад Лоева і ўступілі на тэрыторыю Гомельскай вобласці. Асноўны напрамак – уздоўж чыгункі Гомель-Брэст, у напрамку Калінкавіч і Мазыра.

18 лістапада практычна без бою была вызвалена Рэчыца. Спрацаваў фактар раптоўнасці. Ад Рэчыцы немцы адступалі па правым беразе Дняпра ў напрамку Горваля. Тут іх перахапіў партызанскі атрад «Смерць фашызму». Больш сутак партызаны вялі жорсткі бой з ворагам. Пасля імклівай атакі партызанаў сярод немцаў паўстала паніка. Пасля гэтага бою шмат нямецкай зброі і тэхнікі аказалася ў партызан і пасля перададзена часцям Чырвонай Арміі.

Адначасова з узяццем Рэчыцы асноўныя сілы 65-й арміі ішлі на паўночны захад па правым беразе Дняпра ад Горваля ўздоўж Бярэзіны ў бок Парыцкага раёна.

У кірунку заходняй часткі нашага раёна рухалася 37-я гвардзейская стралковая дывізія пад камандаваннем Я.Р.Ушакова.

Уздоўж р.Сведзь была першая мяжа нямецкай абароны. Масты былі ўзарваныя.

22 лістапада 1943 г. перадавыя часці (разведка) 65-й арміі дайшлі да ракі. Да вечара Парыцкі партызанскі атрад ім.Кірава пад камандаваннем М.М.Какоўкі разам з чырвонаармейцамі вызвалілі в.Хутар.

24 лістапада ў 7 гадзін палкі дывізіі пасля кароткага агнявога налёту перайшлі ў наступ. У раёне Стракавіч праціўнік аказаў моцнае агнявое супраціўленне. Але да 8 гадзін 25 лістапада былі вызвалены н.п.Стракавічы, Яланы, Баравікі.

З вызваленнем Стракавіч паміж 113-м і 115-м палкамі быў уведзены ў бой 110-ы полк пад камандаваннем маёра У.С.Дарохіна.

На правым флангу дывізіі, у напрамку Якімавай Слабады, наступаў 113-ы полк пад камандаваннем маёра Н.У.Грыгор’ева, якія падтрымліваў 3-і дывізіён 88-га артылерыйскага палка пад камандаваннем капітана П.Н.Засіменкі. 115-ы полк палкоўніка А.З.Фёдарава сумесна з 2-м дывізіёнам капітана А.М.Малікава наступаў на левым флангу дывізіі.

Да 15 гадзін 25 лістапада падраздзяленні 113-га палка ва ўзаемадзеянні з партызанамі па лясных дарогах і па глыбокім снезе выйшлі на зыходнае становішча і пасля кароткага агнявога налёту, абыходзячы апорны пункт, атакавалі праціўніка ў Якімавай Слабадзе. Атака падраздзяленняў захлынулася з-за моцнага агню артылерыі і кулямётаў праціўніка. Аднак да сыходу дня варожы гарнізон у Якімавай Слабадзе быў акружаны. У 23 гадзіны вёска была вызвалена ад фашыстаў. 113-ы полк быў выведзены ў другі эшалон дывізіі ў раёне лесу на поўдзень ад Шацілак. 110-ы полк вёў цяжкі бой за Шацілкі. Гвардзейцамі ў баі былі ўзятыя палонныя са складу 635-га вучэбна-палявога палка, якія паказалі, што яны мелі загад любой цаной утрымаць мост праз Бярэзіну і спыніць савецкія войскі.

Да Шацілак Чырвоная армія выйшла да поўдня 25 лістапада (нагадваем: гэта сучасныя вуліцы Савецкая і Сацыялістычная – вось і ўсе Шацілкі таго часу). Да зыходу дня 25 лістапада 110-ы полк пры падтрымцы першага дывізіёна 88-га артпалка авалодаў паўночна-заходняй ускраінай вёскі. 115-ы полк заняў Расаву, Рудню і Чыркавічы. 115-ая брыгада была перакінутая да Ракшына і Прудка, не ўвязваючыся ў бой за Шацілкі. Раніцай 26 лістапада пасля моцнага агнявога налёту праціўнік перайшоў у контратаку на пазіцыі 1-га батальёна 110-га палка. Бой за Шацілкі доўжыўся больш за 4 гадзіны. Нярэдка справа даходзіла да рукапашнай сутычкі, але стрымаць націск мацнейшага суперніка не ўдалося. Па загадзе камандзіра дывізіі падраздзяленні палка адышлі на паўднёвую ўскраіну Шацілак. Для аднаўлення становішча камандзір дывізіі вырашыў адначасова атакаваць вёску з усходу і захаду.

З усходу на Шацілкі наступаў першы батальён 113-га палка і 1-шы батальён 110-га палка, а з лесу на заходнюю ўскраіну Шацілак – 3-ці батальён 110-га палка.

Раніцай 27 лістапада гвардзейцы пасля кароткага налёту спынілі праціўніка ў Шацілках. Гарматныя батарэі 1-га дывізіёна 88-га артпалка вялі агонь прамой наводкай па ворагу. Да 16 гадзін 30 хвілін 27 лістапада праціўнік быў выбіты з Шацілак. Гомель быў вызвалены на дзень раней – 26 лістапада.

Важны стратэгічны аб’ект

А вось чыгуначная станцыя знаходзілася за паўтара км на захад ад населенага пункта Шацілкі, за лесам (зараз – «Светлагорск-на-Бярэзіне»). Гэта быў значны стратэгічны аб’ект, бо па чыгунцы можна было даставіць вялікую колькасць грузаў, ды і зрабіць гэта значна хутчэй па часе, чым цягнуць конным транспартам. Таму за станцыю ішлі зацятыя баі.

25 лістапада фашысты былі выбіты са станцыі. Пад націскам савецкіх войскаў вызваленыя Какаль, Рудня і Чыркавічы. У гэты ж дзень фашысты пакінулі Якімаву Слабаду. 26 лістапада яны контратакавалі, і нашы адступілі – аддалі станцыю. Толькі к вечару 27 лістапада канчаткова выбілі фашыстаў з мястэчка Шацілкі і са станцыі. Практычна ўсё вакол было знішчана: ад будынка застаўся адзін падмурак, пашкоджана ўся прылеглая тэрыторыя. Але потым яшчэ два месяцы ішлі баі за станцыю, яна была канчаткова вызвалена толькі 25 студзеня 1944 года. І ўся тэрыторыя сучаснага горада была ў той дзень канчаткова вызвалена. Аб цяжкіх баях сведчаць ужо зарослыя акопы і траншэі ў розных раёнах сучаснага горада, дзе былі агнявыя рубяжы. А каб вызваліць увесь раён, спатрэбілася яшчэ доўгіх 5 месяцаў…