Светлагорская «Традыцыя»

Хто не памятае мінулага,
хто забывае мінулае –
асуджаны зноў
перажыць яго. Безліч разоў.

Уладзімір Караткевіч

Памятаць – асноўная мэта ўсіх традыцый. Традыцыя – тое, што атрымана ў спадчыну ад папярэдніх пакаленняў, што абуджае ў сэрцы незгасальнае імкненне захаваць і перадаць нашчадкам павагу да продкаў. Яна злучае мінулае і будучае. «Традыцыя» – Светлагорская карцінная галерэя, якая ў верасні гэтага года адзначыла свой 30-гадовы юбілей.

Нам, светлагорцам, здаецца, нібы яна заўсёды была з намі, побач, і я не ўяўляю свой родны горад без гэтай крыніцы культуры. Тут ты можаш сустрэць настаўніка, суседку, сябра – усіх, хто стварае гісторыю нашага горада. Але ўсё па парадку.

Адкрыта карцінная галерэя была ў верасні 1992 года. Адным з ініцыятараў яе стварэння стаў паэт, публіцыст, ганаровы жыхар горада Светлагорска Ізяслаў Катляроў. Дзякуючы дапамозе прадстаўнікоў улады — Аляксандра Якабсона і Баляслава Пірштука – галерэя адчыніла свае дзверы для вялікай колькасці не только мясцовых жыхароў, але і гасцей з іншых гарадоў і нават краін. Выстава, з якой пачалася творчая біяграфія карціннай галерэі, належыць светлагорскаму мастаку Герману Пранішнікаву. Імя гэтага таленавітага мастака было прысвоена каціннай галерэі ў 1995 годзе.

За ўвесь час існавання ўстановы тут адбываліся выставы не толькі знакамітых мастакоў Беларусі (Стэльмашонка, Вашчанкі, Кашкурэвіча, Паплаўскага, Бараноўскага і інш.), але і маладых, якія робяць свае першыя крокі ў мастацтве. Гэта спрыяе станаўленню талентаў – адкрывае новыя зоркі. І у нас, у дарослых і дзяцей, ёсць магчымасць дакрануцца да гэтых зорак: наведвальнікам галерэі праводзяцца цікавыя экскурсіі, іх знаёмяць з рознымі тэхнікамі і манерамі напісання карцін. У людзей фарміруецца эстэтычны густ. Магчыма, хтосьці з іх, залюбаваўшыся прыгажосцю, захоча сам паспрабаваць сябе ў якасці мастака. А нехта захапляецца каларытам роднага горада і яго наваколля, таму што «чалавек – гэта цэлы свет», як сказаў знакаміты беларускі пісьменнік Кузьма Чорны.

Мастак бачыць незвычайнае ў звычайным і дапамагае нам убачыць асяроддзе іншымі вачыма. Таму што, як сказаў у інтэрв’ю нам, журналістам маладзёжнай рэдакцыі «New FISHки», светлагорскі мастак Сяргей Каваль: «Ёсць пачуцці, якія неабходна рэалізаваць, расказаць асяроддзю тое, што адчуваеш па-свойму».

Акрамя звычайных паказаў карцін, у галерэі праходзяць сустрэчы з цікавымі людзьмі, плэнэры, сумесныя з Дзіцячай мастацкай школай выставы работ.

Сувязь пакаленняў не павінна разарвацца. Менавіта таму дзейнасць бацькі працягнуў Міхаіл Пранішнікаў. Зараз усе яго намаганні накіраваны на тое, каб адкрыць музей сямейнай спадчыны. І гэта стане яшчэ адным звяном у ланцугу традыцый.

Валянціна Лапіч, карэспандэнт маладзёжнай рэдакцыі «New FISHки»