Якія імёны даюць сваім дзецям светлагорцы?

18 снежня – 105-ы юбілей утварэння органаў загса. Кожны дзень сваёй працы мы з’яўляемся сведкамі значных момантаў у жыцці чалавека. Уласнае асабовае імя – найважнейшы сродак ідэнтыфікацыі асобы, паколькі кожны грамадзянін нашай краіны, як і кожны чалавек наогул, атрымлівае уласнае імя адразу пасля нараджэння і рэгістрацыі у загсе.

Наталля Нічыпарэнка, кіраўнік аддзела загса Светлагорскага райвыканкама

Першая патрэба у імені з’явілася тады, калі чалавек навучыўся адрозніваць членаў свайго племені, а пасля і іншых, калі ён зразумеў, што чалавек не проста жывая істота.

У працах шматлікіх даследчыкаў (этнографаў, лінгвістаў, гісторыкаў) адзначаецца, што ў старажытных славянскіх плямёнаў было толькі асабістае імя, ці больш правільна – мянушка. Бо людзей называлі па нейкаму падабенству з раслінай, свойскай жывёлінай, нават са зверам, птушкай, рыбай (Воўк, Заяц, Мядзведзь, Певень, Карась, Шпак, Дуб, Клён, Ясень). Некаторыя мянушкі ўтвараліся ад фізічных пераваг ці недахопаў (Здаравяк, Віславух, Галавач, Сушко). Называлі і па іншых прыкметах, напрыклад, абставінах нараджэння — доўга чакалі сына, значыць, называлі Жданам обо Чэканам, па пэўнай рысе характару — Дабрыня, Волат, Пярун.

Калі у Кіеўскай Русі адбылося хрышченне славян і яны з язычнікаў ператварыліся ў праваслаўных людзей, імён адразу прыбавілася. Візантыйская царква падаравала ўсходнім славянам сваю веру ў бога, а яшчэ і шмат назваў святых, чые імёны і даваліся царквой пры хрышчэнні народжаных дзяцей. Па візантыйскаму (грэчаскаму) іменаслову, якім былі забяспечаны ўсе цэрквы, і давалі новароджаным дзецям імёны.

Некаторыя імёны перакладаліся. Так, былі перакладзены з грэчаскай мовы імёны трох сясцёр-пакутніц – Пісціс, Эльпіс і Харыс, якія ў славянскіх адпаведніках — Вера, Надзея і Любоў.

Ніхто акрамя свяшчэнніка не мог вызначыць імя, а ён браў з іменаслова тое, што прыпадала на дзень нараджэння, і замацоўваў яго за чалавекам навечна.

Гэта было так званае кананічнае (дадзенае па закону) імя, якое прыйшло ці з грэчаскай мовы (Агафон,  Кацярына, Нічыпар, Пелагея), ці з лацінскай (Валянцін, Матрона, Павел, Юлія), а бывала, што і з моў Азіі. Сярод іх былі і арамейская (Кіфа, Марфа, Сава, Марта), старажытна-яўрэйская (Адам, Ева, Даніла, Іван, Марыя, Тамара, Якуб) мовы. І імёны з гэтых моў траплялі ў царкоўнаславянскую мову, што фарміравалася у першыя гады існавання Кіеўскай дзяржавы, пачынаючы з 10 стагоддзя.

Па-рознаму ставіліся святары да сваіх наведвальнікаў: адны сумленна бралі у рукі іменасловы і прапаноўвалі адно, два, тры імені з бліжэйшых да дня нараджэння, другія ж пры гэтым маглі навязаць сваю волю, асабліва да тых, хто некалі пакрыўдзіў ці згнявіў бога, і даць дзіцяці непрыгожае і немілагучнае імя (Агава, Псой, Зілота, Сакердон, Іов, Глікія і інш.).

Царкоўныя імёны вельмі неахвоча ўваходзілі ў жыццё, бо яны браліся на веру, без разумення іх сапраўднага сэнсу. Нараджэнні прыпадалі на адны і тыя ж дні, значыць, множылася паўтарэнне адных і тых жа імёнаў – Ганна, Марыя, Кацярына і Анастасія, Іван, Міхаіл, Васіль і Фёдар.

Аднак у жыцці яшчэ доўга людзі карысталіся звыклымі нецаркоўнымі імёнамі (Няждан, Юрась, Таміла, Кірыла, Матруна, Гасцята, Пуцята, Стах).

На пачатку ХIX стагоддзя ўжо рэдка можна было сустрэць нецаркоўныя, мірскія імёны.  

Ліхаманка рэвалюцыі ўнесла свае карэктывы. Так, у студзені 1920 года Народны Каммісарыят Унутранных Спраў даў бацькам поўную свабоду і права выбару імён для нованароджаных. Дзіцяці можна было даць любое імя, калі яго нават не было ў святцах або іменаслове.

Некаторыя дзеці вучыліся жыць з імёнамі новага фармату тыпу: Радлен («радзіўся быць Леніным»), Даздраперма («Да здравствует Первое мая»), Акцябрына, Трактарына ці Электрына.

Да пачатку 30-х гадоў ХХ стагоддзя на змену неардынарным імёнам прыйшлі звычайныя. Дзяўчынкі становяцца Галінамі, Нінамі, Валянцінамі, а хлопчыкі Анатоліямі, Барысамі, Генадзямі і Леанідамі.

У 40-я гады ХХ стагоддзя з-за падняцця краіны з руін, сельскагаспадарчага буму народ успомніў імёны Іван і Марыя. Бліжэй да 5-га дзесяцігоддзя сталі нараджацца Людмілы і Валянціны, Сяргеі, Аляксандры і Уладзіміры.

Разам з палётам у космас “запусцілі трэнд” на Юру. А дзяўчынкі сталі Таццянамі, Святланамі, Наталлямі. Хлопчыкі пазней зноў вярнуліся да Лёшаў, Сашаў і Сяргеяў.

З канца 70-х у 80-я перайшлі многія замежныя варыянты: Эдуард, Альфрэд. Сярод дзявочых карысталіся папулярнасцю Жанна, Ала.

Пасля мыльных опер “Багатыя таксама плачуць, “Санта Барбара” вельмі папулярнымі сталі Марыя і Марыянна. У вялікіх колькасцях з’явіліся Сняжаны, Маргарыты, Валерыі. А вось хлопчыкаў, наадварот, сталі называць прасцей: Андрей, Яўгеній, Дзмітрый.

З пачатку ХХІ стагоддзя паціху ўзрастае цікавасць да старых імёнаў. На Светлагоршчыне дзяўчынак часцей сталі называць Любавамі, Праскоўямі, Дар’ямі, Палінамі, Ульянамі, а хлопчыкаў – Яраславамі, Уладзіславамі, Захарамі, Багданамі.

На працягу апошніх гадоў імя з 19 стагоддзя — Анастасія — зноў перажывае татальны ўсход. Самымі любімымі мужчынскімі імёнамі з’яўляюцца Данііл, Мацвей, Арцём, Мікіта і Саша. Ёсць таксама сярод грамадзян нашага раёна Мадонна, Рафаэль, Эстэр, Каміль, Тайра, Марсэль, Анджэліна, Луіс, Сэмануэль.

Са студзеня і дагэтуль у 2022 годзе лідарамі ў Светлагорскім  раёне сталі Вікторыя, Сафія, Цімафей і Марк.

Наталля Нічыпарэнка