Запрашаем светлагорцаў на выставу

У карціннай галерэі «Традыцыя» імя Г.Пранішнікава пачала работу выстава Анатоля Отчыка «Учора. Сёння. Заўтра».

У трох залах размешчана каля 60 твораў. Кожны з іх – асаблівы: тут перамяжаюцца духоўнасць і падарожжы, прыгажосць беларускай прыроды і гісторыя, роздум мастака і спроба данесці да нас простыя ісціны праз творчасць.

Цікава, што на некаторых палотнах ёсць і выявы Светлагоршчыны – і гэта невыпадкова. Лёс Анатоля Уладзіміравіча цесна звязаны не толькі з Гомельшчынай, але і з нашым раёнам. Па-першае, тут жывуць яго сябры Віктар Смоляр, Аляксандр Камардзін і іншыя, а па-другое, у свой час ён быў старшынёй Гомельскай абласной арганізацыі саюза мастакоў і разам з Ізяславам Катляровым яны многа прыклалі сіл, каб карцінная галерэя развівалася.

— У 2002 годзе адбылася мая персанальная выстава ў гэтай галерэі. Сёння так атрымалася, што мне прапанавалі зрабіць тут другую выставу. Я хацеў сабраць творы выключна мінскага перыяду (пасля выхаду на пенсію я жыву і працую ў Мінску). Але многія работы, якія я хацеў выставіць тут, экспануюцца на другіх пляцоўках. І таму аб’яднаў работы за невялікі перыяд часу і даў такую сімвалічную назву “Учора. Сёння. Заўтра”. Тут сабраны творы як натурнага плана, выкананыя на пленэрах, так і работы з майстэрні, на якія трэба больш часу. Экспазіцыя разнапланавая, бо стараюся працаваць у розных тэхніках, таму што лічу, што кожны дзень у мастака павінен быць адкрыццём.

І сапраўды ў творах фарбы мяккія, спакойныя, а таму яны выклікаюць станоўчыя эмоцыі і заклікаюць да роздуму. У іх вельмі акуратна пераклікаюцца рэальнасць і авангард, не супярэчаць адзін аднаму. І гэта паказчык сталасці і майстэрства аўтара. Гэта ацанілі ўсе, хто прыйшоў на адкрыццё выставы, бо пад чароўныя гукі музычных твораў выхаванцаў Дзіцячай школы мастацтваў было на што паглядзець і над чым падумаць.

Сябра Беларускага саюза мастакоў, сябра Міжнароднага саюза мастакоў Беларусі Анатоль Отчык не сядзіць склаўшы рукі: актыўна ўдзельнічае ў пленэрах у Расіі, Карачаева-Чаркесіі, Літве, працуе і ў майстэрні. “Я за мірнае суіснаванне , за нашу родную Беларусь, каб яна жыла ў міры, дабрыні. І прыкладу ўсе намаганні, каб нам жылося лепш, прыгажэй, каб ўсе мы былі шчаслівыя”, — выказвае сваю пазіцыю мастак.

Выстава будзе працаваць да 25 лютага. Наведайце – не пашкадуеце!

Фота: Людміла Ярац, «СН»