Прыхільнікаў творчасці Васіля Ткачова запрасілі на вечар памяці

«Усміхайцеся, сябры, як мага часцей…»

Пад такой назвай у гомельскай цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя А. І. Герцэна адбыўся вечар памяці Васіля Юр’евіча Ткачова.

У літаратурна-мастацкім салоне «Сустрэчы на Замкавай» з нагоды 75-годдзя са дня нараджэння празаіка, драматурга, публіцыста, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі і Саюза тэатральных дзеячаў, лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі, абласной літаратурнай прэміі імя Кірылы Тураўскага, прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, імя Васіля Віткі, аўтара 28 кніг і 70 п’ес для дзяцей і дарослых сабраліся разам яго калегі па творчай арганізацыі, члены сям’і і прыхільнікі творчасці.

Шмат цёплых успамінаў прагучала са сцэны. У сваіх творах Васіль Ткачоў заставаўся верным сваім галоўным прынцыпам — любові да сваёй малой радзімы, да землякоў, якія нясуць у сабе святло дабрыні і вернасці, адданасці роднаму краю, шматпакутнай беларускай зямлі. Гэта падкрэслілі ў сваіх выступленнях заслужаны дзеяч культуры Беларусі, празаік, публіцыст, драматург, старшыня Гомельскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Уладзімір Гаўрыловіч, галоўны рэдактар газеты «Сельмашавец», член Саюза пісьменнікаў Беларусі і Беларускага саюза журналістаў Мікалай Дзямчыхін, ганаровы член Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхась Болсун, дырэктар дзяржаўнага тэатра лялек Дзмітрый Гарэлік, паэт, драматург, акцёр абласнога драматычнага тэатра, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксей Бычкоў, дырэктар выдавецтва «Барк» Міла Беразоўская, іншыя прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі горада.

Найлепшым падарункам для ўсіх стала выступленне артыстаў лялечнага тэатра: яны паказалі ўрывак са спектакля “Не ўсе зайцы – кролікі”, які “прапісаўся” на падмостках тэатра не адзін год і карыстаецца вялікім глядацкім поспехам нараўне з трыма іншымі пастаноўкамі па творах Васіля Ткачова.

Кранальна згадвалі пісьменніка і бібліятэчныя работнікі: творца быў вялікім сябрам цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя А. І. Герцэна і ўсіх гарадскіх бібліятэк, ніводнае значнае літаратурнае мерапрыемства не праходзіла без яго ўдзелу. Напрыклад, больш дзесяці гадоў літаратар быў нязменным старшынёй журы конкурсу «Лепшы чытач дзіцячых кніг».

Літаратурны талент, пачуццё гумару і адданасць мастацкаму слову Васіля Ткачова заўсёды будуць памятаць яго шматлікія чытачы і гледачы – канстатавалі на памятнай сустрэчы ў гонар годнага творцы яго ўдзячныя землякі.

Фота і тэкст: Улад Прыазёрны