Сцежкамі жыцця: праз Азарыцкі канцлагер

Ён выжыў. І быў вызвалены з Азарыцкага канцлагера разам з 15 960 дзецьмі. Аркадзю Шкурану, ураджэнцу Даманавіцкага раёна Палескай вобласці, тады было каля 10 год.

Ён не забыў пра тыя жахлівыя 9 дзён, праведзеныя за калючым дротам у лесе сярод балот. Збіраў дакументальныя звесткі пра канцлагер, аналізаваў, задаваў пытанні і часта не знаходзіў на іх адказаў. Але не здаваўся і далей шукаў ісціну. Плён яго працы — гэта другое выданне кнігі пра гісторыю стварэння канцлагера «Азарычы» больш чым на 700 старонак. Кнігу выдалі напярэдадні святкавання 75-й гадавіны вызвалення узнікаў канцлагера, якое адбылося 19 сакавіка.

Фота: strada.by

Аркадзь Шкуран расказвае:

— Канцлагер «Азарычы» быў гатовы для прыёма людзей 23 лютага 1944 года. Першымі, хто з’явіўся там, былі будаўнікі, што жылі ў зямлянках. Фашысты забралі ў канцлагер дзяцей да 13 год, жанчын і старых. Азарыцкія канцлагеры праіснавалі 9 дзён, а больш бы людзі і не вытрымалі, аддалі б Богу душу. Праз сістэму канцлагераў прайшло больш за 50 тысяч чалавек. А колькі людзей яшчэ памерла на этапах, колькі памерла ад тыфу і голаду пасля вызвалення!

Фота: strada.by

— Гэта была мясцовасць сярод лесу і балотаў, агароджаная калючым дротам. Нас ахоўвалі з вышак. Для вязняў не было прадугледжана ніякіх пабудоў: ні санітарных, ні баракаў для жыцця.

Бацьку Аркадзя Шкурана расстралялі, а падлетак трапіў у Парыцкую турму:

— У нашай сям’і — вельмі цяжкі лёс. Справа ў тым, што мае продкі па мужчынскай лініі, па лініі бацькі, склалі свае голавы за Айчыну: мой дзядуля, Адам Паўлавіч Гарбар, і шэсць яго сыноў. Мяне таксама арыштавалі, але пасля ночы, праведзенай за кратамі, адпусцілі.

Вёску Аркадзя Шкурана — Параслішчы — немцы спалілі яшчэ напачатку вайны. Таму выжыўшым не было куды вяртацца. Побач з роднымі мясцінамі ў 1943-1944 гадах быў лагер для прамежкавага ўтрымання грамадзян, якіх зганялі ў канчатковыя канцэнтрацыйныя лагеры каля Мыслава Рога і Ліцвінавічаў. Цяпер Параслішчы ўзгадваецца як былая вёска ў Акцябрскім раёне, бо апошняга яе жыхара не стала ў 2004 годзе. А на месцы пахавання былых узнікаў працоўнага і зборнага лагера ў Параслішчах замест помніка ўзвышаецца толькі камень — вось і ўся памяць пра загінулых. А іх было каля 900 чалавек.

— Выжылі, вярнуліся ў родную вёску, а хат няма. Маці, я і дзве старэйшыя сястры жылі ў зямлянцы гады тры. Навучанне, пачынаючы з 8 класа, было платным. У год — 150 рублёў. Цяжкія былі часы… Мая мама была разумнай жанчынай, таму і казала мне: «Сынку, як бы не было цяжка, а вучыцца патрэбна». Яе намаганнямі і скончыў школу. Спрабаваў паступіць у ваеннае вучылішча, але не ўзялі, бо туды былі патрэбныя толькі правераныя, надзейныя людзі, а я ж быў у канцлагеры.

Аркадзь Шкуран пасля вайны служыў у арміі, пасля — Магілёўская спецыяльная сярэдняя школа транспартнай міліцыі, праца, зноў вучоба.

Плёнам шматгадовай працы і глыбокіх даследаванняў
Аркадзя Пятровіча стала кніга «Палессе: трагедыя і памяць. Злачынствы вермахта: канцлагер «Азарычы», 1944 год»:

— Юнацкая памяць глыбока ўспрыемлівая, але не было чаго ўспрымаць, не было ў руках кнігі. Таму я стаўлюся да жыцця вельмі пазітыўна, бо жыццё адно. Я не хацеў пражываць сваё жыццё, як усе, а разважаў над шматлікімі пытаннямі сваёй сям’і і шукаў на іх адказы. Мне хацелася пакінуць след у нашай гісторыі. Ніхто ў Беларусі не вывучаў пытанне існавання Азарыцкага канцлагера. Таму ў сваёй кнізе я сабраў не толькі свае ўспаміны, але і важныя дакументы, распавёўшы гісторыю канцлагера. Каб памяталі, перадавалі гэтую памяць наступнаму пакаленню, каб такое ўжо ніколі не паўтарылася.

Марына Яўсейчык

Если вы нашли опечатку, пожалуйста, сообщите нам. Выделите текст с ошибкой и нажмите Ctrl + Enter.

Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: