Сярэдняя школа №3 г.Светлагорска
У рамках святкавання Дня роднай мовы настаўнікі і вучні ДУА”Сярэдняй школы №3 г.Светлагорска” падрыхтавалі і правялі шэраг мерапрыемстваў.

Вучні прынялі ўдзел у інтэлектуальна-пазнавальнай гульні «Знаўцы роднага слова”, віктарынах “Падарожжа па беларускіх казках” , “Мая краіна Беларусь”, у гульні-спаборніцтва “Перакладчыкі”, “Кветкі Беларусі”, брэйн-рынгу “Скарбніцы традыцый маіх дзядоў”.


Найбольш зацікавіла вучняў конкурсна-пазнавальнае мерапрыемства пад назвай “Як ты дорага мне, мая родная мова!” . Хлопчыкі і дзяўчынкі з вялікім захапленнем прымалі ў ім удзел. Падбіралі да ўстарэлых слоў сінонімы, растлумачвалі значэнні слоў, адгадвалі загадкі, працягвалі прыказкі, пазнавалі літаратурныя творы па пачатку.
Заключным акордам стала тэатралізаванае свята «Сустрэча з казкай», якое падрыхтавалі вучні старэйшых класаў.


Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці № 1 г.Светлагорска
У дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці № 1 г.Светлагорска выхаванцы знаёмяцца з роднай мовай на занятках па “Развіццю маўлення і культуры маўленчых зносін”. Акрамя таго, Міжнароднаму дню роднай мовы ва ўстанове прысвяцілі тэматычны тыдзень.

Выхавальнікі ўсіх узроставых груп прынялі ўдзел у конкурсе чытальнікаў “Мая Беларусь”. У фае ўстановы аформлена выстава малюнкаў “Беларусь мая сінявокая”, падрыхтаваных выхаванцамі сумесна з бацькамі. У кожнай групе на працягу тыдня працавала бібліятэка твораў беларускай літаратуры. Бацькі мелі магчымасць карыстацца бібліятэчным фондам для сумеснага сямейнага чытання твораў на беларускай мове.

Неардынарным і цікавым для дзяцей стала наведванне тэатра батлейкі. Выхаванцы старэйшых груп сумесна з педагагічнымі работнікамі падрыхтавалі пастаноўку “Саўка запрашае ў госці”. Юныя гледачы даведаліся пра гісторыю з’яўлення тэатра, адгадвалі загадкі, тлумачылі сэнс беларускіх прыказак і прымавак, а таксама атрымалі магчымасць паспрабаваць сябе ў якасці аркестрантаў-лыжачнікаў.
Найбольш захапляльным і пазнавальным было правядзенне квэст-гульні “Падарожжа па нашай краіне”. Выхаванцы падчас праходжання іспытаў на прыпынках мелі магчымасць сістэматызаваць і паглыбіць свае веды пра нашу Радзіму, яе сімволіку, жывёльны і раслінны свет Беларусі, народныя святы і гульні, пазнаёміцца з традыцыйнымі стравамі беларускай кухні (нават змаглі пачаставацца гэтымі стравамі), узгадалі беларускія народныя казкі.

Фінальным акордам тыдня беларускага маўлення стаў удзел выхаванцаў у музейных занятках “Юныя грамадзяне Светлага горада”. Праводзяцца яны ў рамках рэалізацыі сумеснага праекта з дзяржаўнай ўстановай адукацыі “Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі “Ювента”. Мэта праекта — пазнаёміць дзяцей з гісторыяй, культурай, дасягненнямі і знакамітымі людзьмі нашай малой радзімы — Светлагоршчыны.

Выхаванцы на працягу тыдня атрымалі шмат станоўчых і пазітыўных эмоцый ад удзелу ў мерапрыемствах.
Святлана Кісялеўская
Дуброўскі яслі-сад — сярэдняя школа
З 15 па 20 лютага ў школе праводзіўся Тыдзень роднай мовы і літаратуры “Табе складаю шчыры свой санет…” настаўнікамі Нінай Тукач і Таццянай Дайнека.
Распачаўся тыдзень сімвалічна: вучні сталі ўдзельнікамі Свята роднай мовы. Гульня-конкурс “Наша родная мова” сабрала зборныя каманды 5 і 6 класаў, каб у адкрытым спаборніцтве вызначыць, хто лепш ведае родную мову. Інтэлектуальная гульня “Што? Дзе? Калі?” дала магчымасць вучням 9 і 10 класаў атрымаць добры вопыт у каманднай гульні.
Вучні 7, 10, 11 класаў разам са сваімі класнымі кіраўнікамі сабраліся на літаратурнай віктарыне да стагоддзя со дня нараджэння І.П.Мележа. З цікавасцю дзеці пазнаёміліся з фрагментамі кінафільма Аляксандра Анісімава “Туманы над багнаю” і вызначылі лепшага знаўцу жыцця і творчасці нашага класіка.
Вучні 9 класа на конкурснай праграме “Квітней, родная мова!” правяралі свае веды па гісторыі, культуры, літаратуры нашага краю, да месца гучалі вершы Міхася Пазнякова, Пімена Панчанкі, Ніла Гілевіча. А вучні 8 класа сустрэліся на турніры юных філолагаў “І звонкае “дзе”, і густое “чаго”.
Яшчэ адной нагодай звярнуцца да твораў І.Мележа стала своеасаблівая майстэрня, у межах якой вучні ўяўлялі сябе мастакамі-ілюстратарамі і стваралі малюнкі да твораў пісьменніка — “Па старонках “Палескай хронікі”.
Шчыра спадзяюся: гэты тыдзень знойшоў водгук у сэрцах усіх, хто любіць родны край, родную мову, родны народ, і абудзіць душы тых, хто блукае і яшчэ не знайшоў шлях да Беларусі.
Таццяна Дайнека
Фота ўдзельнікаў