Шацілкі, якія сышлі ў гісторыю. Частка 2

Працяг. Пачатак тут.

Вайна

На павароце ад Бярэзіны да электрастанцыі стаяў млын. Падчас вайны ён тройчы гарэў і тройчы быў адноўлены. На ім працаваў паволжскі немец Рудэль.

Вёска Шацілкі была акупавана фашыстамі 7 жніўня 1941 года. Частка габрэйскага насельніцтва паспела сысці з Шацілак на ўсход да акупацыі. Хтосьці сыходзіў пешым ходам, хтосьці ад’язджаў на конях, хтосьці плаціў грошы камандзірам і салдатам, каб з’ехаць на транспарце з прыфрантавой зоны.

Карныя акцыі ў Парыцкім раёне прыйшліся на перыяд з кастрычніка 1941 года па люты 1942 года.

Фото: Міхаіл Сівалап

Увосень 1941 года ў мястэчку Шацілкі, у хатах, якія знаходзіліся па суседстве (месца за цяперашняй крамай «Лагуна» ў Светлагорску) з’явілася гета.

Маёмасць, пакінутую габрэямі ў дамах, разрабавалі. Вязняў прымушалі працаваць на ўзвядзенні ўмацаванняў вакол чыгуначнага моста.

У апошні тыдзень лютага 1942 года з нямецкай штабс-камендатуры паступіў загад сабрацца ўсім габрэям для перасялення ў іншае месца. Вязні гета зразумелі, што іх збіраюцца расстраляць, і не выканалі загад. Жорстка збітых, іх калонай вывелі ва ўрочышча Чартапаш (або Хартапах) — поле на месцы сучаснага мікрараёна Кастрычніцкі.

Па іншых крыніцах — сагналі ў лясок (цяпер раён вуліц Садовай і Камсамольскай). Загадалі выкапаць ямы-магілы. Групамі падво-
дзілі да ям, загадвалі легчы і расстрэльвалі. Наступная група вязняў засыпала зямлёй трупы, клалася на зямлю і таксама была расстраляная. Расстрэльвалі і па адным. З трупаў здымалі ўпрыгажэнні, выломлівалі залатыя зубы. Маёмасць была падзелена паміж членамі крывавай каманды.

Фото: Міхаіл Сівалап

Дакументы сцвярджаюць, што падчас Халакоста загінула 360 шацілкаўскіх габрэяў. Вайна вогненным смерчам прайшла па ўсёй Беларусі, па ўсіх раёнах, сельскіх саветах. У «пайменным спісе савецкіх грамадзян, расстраляных з Шацілкаўскага сельсавета, Парыцкага раёна Гомельскай вобласці» прозвішчы 40 беларусаў. У ляску расстрэльвалі і асоб іншых нацыянальнасцяў, якія маглі аказаць хоць нейкае супраціўленне або выклікалі падазрэнне. Гэта было месца «працы» паліцаяў. Нярэдка расстрэльвалі без усялякіх прычын жыхароў суседніх вёсак, у тым ліку са Жлобінскага і Рэчыцкага раёнаў.

У 1943 годзе на баржах у вёску даставілі шмат дзяцей з выхавальніцай і нянечкай. Трох з іх забралі мясцовыя жыхары. Іншых чакаў жудасны лёс. Дзяцей размясцілі ў школе. 25 лістапада 1943 года, падчас баёў за вёску, фашысты абклалі школу саломай, аблілі гаручай вадкасцю і падпалілі. Школа з дзецьмі згарэла дашчэнту. Выжыла толькі выхавальніца.

Станцыя Шацілкі з’яўлялася перавалачным пунктам для адпраўлення дзяцей і падлеткаў на працу ў Германію. З Парычаў у 1942-1943 гады вывозілі грузавікамі дзяцей з навакольных вёсак, у Шацілках перасаджвалі ў таварныя вагоны і адпраўлялі ў Франкфурт-на-Майне. Адтуль іх размяркоўвалі па заводах, прыватных фермах і нават лагерах.

Фото: Міхаіл Сівалап

26 лістапада 1943 года войскамі Першага Беларускага фронту вызвалена чыгуначная станцыя Шацілкі, а 28 лістапада — вёска Шацілкі. Але каля вёскі да сярэдзіны лютага 1944 года яшчэ працягваліся жорсткія баі. Разбіта і спалена 14 шацілкаўскіх двароў.

Калі прайсці вуліцу Лазо, то ў канцы яе будзе невялікае поле, якое ўпіраецца ў могілкі. Мала хто ведае, што на ім ёсць помнік, усталяваны на месцы перапахавання габрэйскіх парэшткаў, выкапаных восенню 1962 года ля шашэйнай дарогі паміж бліжэйшым пяціпавярховым домам і Алеяй Герояў прама насупраць «Беларусбанка».

Фото: Міхаіл Сівалап

Выцягнуты ўздоўж дарогі прастакутнік 25 метраў шырынёй і 35 — даўжынёй захапіў сучаснае месца тратуара каля банка і быў абгароджаны. Ніхто не заходзіў за агароджу. Усе ведалі, што гэта могілкі. Тут у 1950-60-я гады стаяў невялікі абеліск. Насыпнога пагорка над брацкай магілай не было. Расла трава, якую косяць на сена.

Увосень 1962 года, калі гэта месца раскапалі рабочыя, каб перапахаваць, сабраліся разявакі. Мужчыны нешта казалі, потым пілі гарэлку. Жанчыны плакалі пры раскопках чарговай магілы. Хлапчукі з нядаўна адкрытай новай трэцяй школы з цікавасцю назіралі за тым, што адбываецца. Але ў адзін момант не вытрымалі і ўцяклі.

Фото: Міхаіл Сівалап

Пасля вайны

Шмат што змянілася ў Шацілках пасля вайны. 9 чэрвеня 1961 года Шацілкі становяцца раённым цэнтрам, а неўзабаве — горадам Светлагорскам Гомельскай вобласці.

Мастак з найбліжэйшай да Светлагорска вёскі Якімава Слабада Сяргей Каваль адлюстраваў старыя Шацілкі з дзеючай крамай Шнэера Шульмана. А ў 1995 годзе на набярэжнай Светлагорска, дзе былі руіны згарэлай суднаверфі, крама Шульмана, аўтадром і помнік, пабудавалі рэстаран і ўсталявалі помнік воінам-афганцам.

мастак Сяргей Каваль

Вы Шацілкі не знойдзеце на сучаснай карце Беларусі, як не знойдзеце краму Шульмана ў Светлагорску. Але пакуль захоўваецца памяць, будзе радавацца праўда жыцця на нашай зямлі, якая дасць сілы ведаць, любіць і перамагаць у паўсядзённым жыцці, у мітусні дзён. Нашы дзеці адкрыюць для сябе сапраўдную гісторыю іх краю, горада, сям’і. Бо ўсё для дзіцяці пачынаецца з роднага дома, роднай гісторыі.

Падрыхтавана па матэрыялах інтэрнет-крыніц

Если вы нашли опечатку, пожалуйста, сообщите нам. Выделите текст с ошибкой и нажмите Ctrl + Enter.

Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: