Шацілкі, якія сышлі ў гісторыю

На пасляваенных фотаздымках Шацілак зараз ужо складана вызначыць, дзе ў сучасным Светлагорску знаходзяцца гэтыя месцы. Выпадкова плёнку, якая ляжала на гарышчы доўгія гады, не выкінулі, як звычайны хлам, а адлічбавалі, і чорна-белыя выявы Шацілак былі выкладзены ў Інтэрнэт. Аўтарства дадзеных здымкаў належыць Міхаілу Сівалапу, фатографу-аматару.

На адным з іх — на першы погляд звычайная хата, але назва яе вядома старэйшаму пакаленню. «Гэта крама Шульмана ў Шацілках з яго знакамітай лужынай, якая не прасыхае», — кажуць старажылы. Крамы ў даваенны час (ды і пасля вайны таксама) называлі па прозвішчах загадчыкаў: Перчыка, Шульмана, Левіна, Ламаскіна і іншых.

Фота: Міхаіл Сівалап

Крама Шульмана была прамтаварнай: там прадавалася пасцельная і ніжняя бялізна, гатовая верхняя вопратка, матэрыял і тканіна, а таксама ўсё, што было неабходна ў побыце. Калі ўважліва разгледзець драўляны будынак, то відаць, што дзверы знаходзяцца па цэнтры, з вуліцы, а па абодвух баках дзвярэй — вокны, якія зачыняюцца аканіцамі.

Такая архітэктура хат на беларускай зямлі была тыпова габрэйскай. Хаты нагадвалі крамы з вітрынамі. З боку вуліцы перад імі не было плота і кветніка, як у беларускай хаты. Зручнасць была і ў тым, што да ўваходу можна лёгка пад’ехаць на кані, за якім цягнулася фурманка з новым таварам. Яго хутка разгружалі, уносячы ў той самы ўваход-выхад дэфіцыты таго часу. Падобныя пабудовы часцяком станавіліся жылымі для загадчыкаў крамамі і іх сем’яў.

На вуліцы Сацыялістычнай у Шацілках стаялі хаты па гэтым баку вуліцы, цяпер яны знесеныя, а на іх месцы — пустка аж да будынка Светлагорскага Белдзяржстраху. Дзесьці тут знаходзіўся будынак шацілкаўскай габрэйскай школы. У нашы дні там пабудаваны жылы дом. Гаспадар дома, перакопваючы агарод, натыкаўся лапатай на падмурак школы. З яго слоў, на гэтым месцы да школы была сінагога, а ў ваенны час тут размяшчаўся штаб. Невядома, ці так гэта было на самой справе. Але мужчына распавядаў, што папярэднія гаспадары гэтага ўчастка валодалі менавіта такой інфармацыяй.

Са слоў старажылаў, яўрэйская школа да вайны была аднапавярховай. Яна згарэла ў 1938 годзе. Потым пабудавалі двухпавярховую. Яшчэ была польская школа, якая знаходзілася крыху далей. Жыхар найбліжэйшай вёскі А.П.Мітраховіч у сваіх «Мемуарах» успамінае шацілкаўскую сістэму адукацыі так: «Но вот последняя неделя августа — мать подхватила меня за руку и повела за 4 километра в польскую школу в Шатилках, где тогда было несколько школ. Польская — это для шляхтичей: деревянное, кажется, двухэтажное здание в центре местечка, на пересечении улиц Восточной и Жидовской. На Западной улице была школа для русских, то есть для белорусов. Но все эти школы ликвидировали и сделали центральной школой бывшую польскую».

Фота: Міхаіл Сівалап

Калі набліжацца да гістарычнай праўды, то ў сярэдзіне 30-х гадоў польская і яўрэйская школы былі рэарганізаваны ў беларускую. Але пэўны перыяд яны працавалі ў двух будынках, у кожным з якіх быў дырэктар.

Беларусы і габрэі мірна ўжываліся ў мястэчку Шацілкі. Просты народ ніколі не дзяліўся па нацыянальнай прыкмеце. Цыганы кватараваліся тут на зіму. А ўсё гэта — дзякуючы знакамітай шацілкаўскай суднаверфі, якая збірала на беразе Бярэзіны розных рабочых, спецыялістаў сталярнай і такарнай справы.

Яна з’яўлялася астраўком цывілізацыі сярод непраходных балот і глухіх лясоў. Яе будаўніцтва ў 20-30-х гадах ХХ стагоддзя звязана з вытворчасцю дэбаркадараў з жалезабетоннымі карпусамі. Яны вытрымлівалі 300 т грузу.

У згаданага раней шацілкоўскага фатографа Міхаіла Сівалапа ёсць фатаграфіі пасляваеннай суднаверфі. На іх адлюстраваныя двухпавярховыя дэбаркадэры, якія экспартаваліся да вайны нават за мяжу. Вялізныя плывучыя прыстані будаваліся цалкам з дрэва на месцы сучаснай Светлагорскай набярэжнай і касцёла. Яны выкарыстоўваліся пад гасцініцы, рачныя вакзалы, дамы адпачынку і нават піянерскія лагеры. Дзве велізарныя піларамы працавалі без прыпынку дзень і ноч. Заработная плата на суднаверфі складала 3 рублі ў дзень. На суднаверфі размяшчаўся электрагенератар, які забяспечваў электрычнасцю ўсю вёску. Пасляваенныя Шацілкі будаваліся выключна дзякуючы суднаверфі.

Фото: Міхаіл Сівалап
Фото: Міхаіл Сівалап

Шацілкі да вайны з’яўляліся шматнацыянальным і бурлівым жыццём мястэчкам. Асаблівасць у тым, што яно суседнічала з так званай ваколіцай Шацілкі, дзе пражывалі ў асноўным беларусы польскага паходжання. Яны называлі сябе шляхтай і не радніліся з «мужыцкім родам» — з беларусамі з мястэчка. Нават калі самі былі беднымі і хадзілі ў лапцях. Маладыя местачкоўцы называлі аколіцкіх хлопцаў «дзеркачамі» або «шэршнямі». «Дзеркачы» часта ладзілі лаянкі і мелі задзірлівы характар.

Фото: Міхаіл Сівалап

У кожным двары абавязкова быў конь. На суднаверфі трымалі 15 коней. Да вайны ў мястэчку, са слоў мясцовых жыхароў, заўсёды было святло. Паўсюль стаялі тэлефонныя аўтаматы. Кошт тэлефоннага званка да вайны складаў 4 капейкі. У 1938 годзе ў Шацілках было каля 1200 жыхароў.

ПРАЦЯГ БУДЗЕ

Падрыхтавана па матэрыялах інтэрнет-крыніц

Если вы нашли опечатку, пожалуйста, сообщите нам. Выделите текст с ошибкой и нажмите Ctrl + Enter.

Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: