Ганна Намуйлік, Ангеліна Грыбанава і Дар’я Шапель — менавіта яны, гэтыя юныя беларусачкі, на рэспубліканскім конкурсе гульнёвых праграм расказалі і паказалі, якім бывае беларускі ручнік, дзе ён выкарыстоўваўся і як можа паслужыць нам сёння.

Штогод Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр «Зубраня» збірае на конкурсе “Гуляюць дзеці — гуляем мы!” каманды гульнятэхнікаў з усёй Беларусі. І штогод сярод іх — каманда сярэдняй школы №8 г.Светлагорска. Гэтая восень прынесла дзецям і іх кіраўніку Таццяне Сенцюровай другое месца на рэспублікнаскім спаборніцтве. Ганаровая і прыемная ўзнагарода, улічваючы тое, што кожная з 12 каманд-удзельнікаў рыхтавала сваю праграму. І сярод іх — лепшых у сваім раёне і сваёй вобласці — светлагорскія красуні не згубіліся.

Аб праграме “Маем рэчы. Ручнікі” нам расказала Таццяна Сенцюрова:
— Кожны год мы ўдзельнічаем у конкурсе, прычым раней бралі перамогу ў розных намінацыях. Апошнія тры гады каманда займала прызавыя месцы — вось так мы заявілі пра сябе. І кожны год рыхтуем розныя праграмы, працуючы ў напрамку “Абрады Беларусі”. Так, мінулае выступленне прысвяцілі Купаллю. На гэты раз дзяўчаты расказвалі дзецям аб ручніках.

Фота: Яўгенія Захарэнка, «СН»
У 20-хвілінным выступленні камандзе трэба не проста расказаць і паказаць, але заахвоціць да гульні, захапіць залу, узрушыць і здзівіць — і ўсё гэта пад наглядам строгага журы. Задачу дзяўчаты выканалі бездакорна, нягледзячы на складанасці. А яны былі, бо не так лёгка казаць аб сур’ёзных рэчах у форме гульні, памятаючы пры гэтым, што не ўсе маленькія беларусы валодаюць мовай.
Але ўсё ўдалося: расказаць дзецям аб тым, якія бываюць ручнікі на Беларусі, як выглядае арнамент і што ён абазначае, якую магічную сілу нясе ручнік, што такое кросны. Кожны глядач атрымаў вышываны абярэг, праз гульню дзеці даведаліся аб розных відах ручнікоў, пабачылі намітку, уціральнік, трапкач і скарач.

На кожную з гульняў праграмы каманда рыхтавала ручнік. Трэба адзначыць, што падрыхтоўка да конкурса — справа агульная: ствараць касцюмы і рэквізіт заўсёды дапамагае адміністрацыя і калектыў школы. Вялікі ўнёсак і натхненне на тэмы для выступаў дае існуючы ў школе этнаграфічны музей “Спадчына”.




На працягу многіх гадоў пад кіраўніцтвам Алены Яцко тут збіраюцца ручнікі з усяго раёна. Некаторыя з экспанатаў выкарыстоўваліся на конкурсе.
Па словах Таццяны Віктараўны, тэма для выступлення на будучы год ужо ёсць. Не раскрываем сакрэтаў, але з задавальненнем чакаем новых творчых эксперыментаў светлагорскіх зорачак, што даказалі ўсім: “Па ручніку, што з роднай хаты, мы пазнаём сваю Радзіму”.

Падрабязней чытайце ў нумары «СН»