Таямніцы мінулага Алены Міцуры

Традыцыйныя беларускія нацыянальныя касцюмы нельга ўявіць без вышытага арнаменту. Вышыўка – адзін з самых распаўсюджаных і найстарэйшых спосабаў упрыгожвання адзення і стварэння хатняй утульнасці. Многія арнаменты маюць шматвяковую гісторыю і захоўваюць свае коды на канве беларускіх майстрых. Супрацоўнік Дома рамёстваў Алена Міцура спрабуе разгадаць таямніцы гэтага цікавага напрамка вышыўкі.

Фото Людмила Ярец, «СН»

– У кожным раёне вышыўка была непаўторнай, каларытнай, мясцовай, не такой, як у суседзяў, – распавядае Алена. – У арнаментацыі традыцыйнага касцюма беларусаў выкарыстоўваюцца разнастайныя па тэхніцы вышывальныя швы і дэкаратыўныя прыёмы. Беларускія жанчыны дасканала валодалі вышывальнымі тэхнікамі. Часта ў адным вышытым вырабе можна налічыць да дзясятка разнастайных швоў. 

У святочным беларускім народным касцюме нашы продкі мелі багатыя вышыўкі на манжэтах, каўнярах, па краі адзення – не проста як ўпрыгажэнні. Чырвоным колерам – колерам абярэга – закрываўся доступ да цела. Абаранялі сябе ад сурокаў, ад адмоўнай энергіі. Знакі арнаменту гэтак жа неслі пэўны сэнс, і сёння могуць расказаць спецыялістам кім і для чаго вышываўся ўзор. Хто хоць раз апранаў традыцыйны беларускі касцюм, абавязкова адчуваў гэтую абароненасць, закладзеную колерам і знакамі арнаменту.

Нарадзілася і вырасла Алена ў Светлагорску, скончыла гімназію. Паступіла ў сельскагаспадарчы тэхнікум у Гомелі, але не скончыла яго, таму што не цікава ёй там было вучыцца. У 2009 годзе паступіла ў Светлагорскі індустрыяльны тэхнікум, атрымала дыплом бухгалтара. Але, як гэта ні дзіўна, пайшла працаваць зусім не па профілі – закройшчыкам на адно з прадпрыемстваў горада. Але, як у выніку высветлілася, душа прасіла іншага. Пачала вышываць карціны ў вольны час (мама з сястрой «заразілі»). Першую маленькую работу вышыла гадоў 10 таму. Паступова з’явілася цікавасць да беларускай традыцыйнай вышыўкі. Пры сустрэчы з дырэктарам Дома рамёстваў Наталляй Варонінай падзялілася сваёй марай і задумкамі: навучыцца ткаць, вышыць прыгожую беларускую кашулю і не толькі… Дарэчы сказаць, у яе пакуль яшчэ невялікай калекцыі – гальштук-матылёк і навагоднія сувеніры з традыцыйнымі беларускімі сімваламі, якія прыносяць шчасце і поспех. 

 – Цяпер я вышываю беларускую кашулю, дакладней – аднаўляю яе па старым узоры, – дзеліцца Алена. –Працую з нацыянальнай вышыўкай, шукаю матэрыял па сімволіцы, арнаментам. Вельмі хачу навучыцца ткаць. Я была са сваімі работамі ў Мінску на «Вясновым букеце», убачыла працу веткаўскіх майстрых і проста «захварэла» гэтым. Яшчэ вывучаю асаблівасці мясцовай традыцыйнай вышыўкі, каб правільна ўзнаўляць касцюмы мінулага. 

Фото Людмила Ярец, «СН»

І няхай Алена Міцура толькі пачынае свой творчы шлях у гэтым напрамку, у яе вачах гарыць той самы агеньчык непадробнай цікавасці, што адрознівае творчых людзей. Жадаем ёй поспехаў і цярпення ў гэтай нялёгкай справе адраджэння народных традыцый. Бо менавіта ў вышыўцы ярка і поўна раскрываецца душа беларускага народа, адвечнае імкненне да прыгожага. Гэта старажытнае і разам з тым – вечна маладое мастацтва. Сакрэт яго мудрасці – у адзінстве чалавека з прыродай, ва ўменні на працягу стагоддзяў дарыць людзям радасць.


Если вы нашли опечатку, пожалуйста, сообщите нам. Выделите текст с ошибкой и нажмите Ctrl + Enter.

Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: