Асаблівае месца ў сістэме выхавання дзяцей дашкольнага ўзросту займае знаёмства з народнымі святамі і абрадамі. Урачыстасць, атрыбутыка, святочнае нацыянальнае адзенне, фальклорныя песні — усё гэта садзейнічае выхаванню патрыятычных пачуццяў, у дзяцей узнікае жаданне ведаць беларускую мову і размаўляць на ёй, вывучаць родную культуру, традыцыі.
Першае народнае свята ў новым годзе — Каляды, адно з самых любімых святаў у старажытных славян. Адна з самых яркіх традыцый Каляд, што дайшла да сучаснасці — калядаванне. Лічылася, што толькі весялосць, шумлівыя гулянні могуць напалохаць злыдняў, павылазіўшых у гэты дзень, ды аберагчы людзей ад іх. Моладзь збіралася разам, пераапраналася ў строі татэмных жывёл (мядзведзя, казу, каня, бусла) і хадзіла па хатах, спяваючы калядныя песні з пажаданнямі ўсяго лепшага, услаўляючы сілы святла і граючы на музычных інструментах.
Вось і ў санаторны яслі-сад №13 г.Светлагорска на Каляды завіталі вясёлыя калядоўшчыкі: гарэзлівая Каза, Гаспадар і Гаспадыня. Песні, гульні, карагоды і доўгачаканы снег стварылі цудоўны настрой і дзецям, і дарослым!



Фота ўдзельнікаў мерапрыемства
