Ведаць, каб захоўваць…

У кожнага чалавека ёсць свой любімы куток зямлі і завецца ён малой радзімай.

 Вёска Якімава Слабада Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці – гэта наша малая радзіма, цудоўны край: блакітныя азёры і хуткаплынная Бярэзіна, залацістыя хлебныя палі і квітнеючыя сады. Тут жывуць выдатныя працавітыя людзі. 

Фото: Людмила Ярец, «СН»

«Праца і рукі – моцныя зарукі», «Дзе шчырая праца – там густа, а дзе лянота – пуста». Пра каго ўсе гэтыя прыказкі? Вядома, пра майстроў сваёй справы, народных умельцаў! А чаго толькі не рабілі нашы людзі: вязанне карунак, пляценне з лазы і саломкі, разьба па дрэве, размалёўка і ганчарная справа, выцінанка і іншае. Пры вырабе любой рэчы народныя майстры думалі не толькі пра практычнае прызначэнне, але і пра прыгажосць. З простых матэрыялаў (дрэва, металу, каменя, гліны) ствараліся штучныя творы мастацтва.  

Фото: Людмила Ярец, «СН»

Ведаць народныя рамёствы, імёны  майстроў-умельцаў – гэта значыць лепш разумець свой народ. 

Падчас Тыдня роднай мовы ў Якімаслабадской сярэдняй школе  адбылася сустрэча з  мастаком лясной скульптуры Васілём Ковалем. Майстар  нарадзіўся ў в.Якімава Слабада ў 1953 годзе. Васіль Іосіфавіч распавёў вучням пра выставу з далёкага дзяцінства, дзякуючы якой ён і зразумеў, чым хоча займацца. Канешне, не адразу ўсё атрымалася, але з цягам часу лясная скульптура стала яго захапленнем на ўсё жыццё: «Аднойчы мой дзядзька, які жыў у той час у Мінску, прапанаваў пры-ехаць да яго. Уявіце сабе, што хлапына, які ў той час не бачыў ні тэлебачання, ні пральнай машыны, ні халадзільніка, на аўтобусе ні разу не ездзіў, прыехаў у сталіцу. Я ўбачыў там і ліфт, і тралейбус, і ўсё тое, што ў той час было ў горадзе. Пазнаваў Мнск проста: мне далі праязны білет і я ездзіў па Мінску колькі хацеў. Калі стамляўся, ехаў да чыгуначнага вакзала, а адтуль дарогу дадому ведаў добра. Выпадкова трапіў на выставу «Прырода і фантазія». Можаце верыць, можаце не верыць, я да сённяшняга часу памятаю асобныя працы з гэтай выставы. Мяне вельмі ўразілі работы, асабліва тым, што пад нагамі гэта дзіва ляжыць. Вярнуўся дадому і адразу ж пабег у лес. Адпілаваў галінку, прынёс дадому, а што рабіць – не ведаю. Нешта паспрабаваў з ёй зрабіць, але нічога не атрымалася. Кінуў, і заняўся гэтым толькі пасля арміі. Ля ракі знайшоў нейкую галінку і з яе атрымаліся рожкі казулі. Дарэчы кажучы, мае сябры не здагадваліся, што яны з дрэва, думалі што сапраўдныя. 

Фото: Людмила Ярец, «СН»

Зараз работам дома месца не хапае (каля 600 работ), нешта паціху прадаецца, але гэта нічога не мяняе, я працую не для продажу. На продаж у мяне не атрымліваецца. Я магу зрабіць толькі тое, што цікава мне, толькі тое, што ўбачыў». 

Вучні IV і V класаў з вялікім задавальненнем прынялі ўдзел у сустрэчы, былі рады даведацца, што асноўнай асаблівасцю лясной скульптуры з’яўляецца яе ўнікальнасць. Каб рабіць такія вырабы, неабходна валодаць багатай фантазіяй і,  вядома, майстэрствам, якое будзе развівацца і ўдасканальвацца падчас працы. 

Фото: Людмила Ярец, «СН»

Васіль Коваль падзяліўся з вучнямі сакрэтамі свайго майстэрства: «Прырода не можа паўтарыць аднолькавыя выгіны ў галінах і каранях дрэў, таму і чалавек не можа зрабіць дзве аднолькавыя лясныя скульптуры з прыродных знаходак. Можна толькі паўтарыць тэму, ідэю, але ні ў якім разе нельга паўтарыць працу. У гэтым яе перавага. 

У лясной скульптуры дазваляюцца такія прыёмы, як умоўнасць і перабольшанні. Аднак умоўнасць не павінна парушаць цэласнасці ўражання ад працы.

Фото: Людмила Ярец, «СН»

Ніколі не спасылайцеся ў сваіх няўдачах на прыроду – «так стварыла прырода», «зрабіў так, як знайшоў, нічога не чапаў». Гэта не аргумент. На вялікі жаль, прырода рэдка падае нам больш ці меней пэўныя выявы. Наша справа – выявіць, асэнсавана «дадумаць» і апрацаваць знаходку, каб стварыць з яе сапраўдны твор мастацтва. 

Калі заняткі лясной скульптурай прыйдуцца вам па сэрцы, то, безумоўна, і вашы блізкія падтрымаюць гэта захапленне. Бо ўсё, што злучана з прыродай, з казкай і фантазіяй, блізка і зразумела кожнаму дзіцяці. 

Не засмучайцеся, калі адразу штосьці ў вас не атрымаецца. Для пачатку вазьміцеся за што-небудзь простае, і толькі калі элементарныя прыёмы будуць засвоены, пераходзіце да прац больш складаных. 

Я ішоў сёння да вас з думкаю, што вам трэба зразумець, што ў жыцці акрамя інтэрнэта і тэлебачання шмат цікавага. Добра, калі ў чалавека ёсць захапленні. Мне падабаецца, калі чалавек акрамя таго, што ён павінен рабіць, робіць яшчэ нешта асаблівае. Чытайце больш, глядзіце вакол сябе, запамінайце. У жыцці так многа цікавага і незвычайнага!» 

Кожнаму чалавеку вельмі важна рэалізаваць сябе ў жыцці. Хтосьці знаходзіць ужыванне свайму таленту ў прафесіі, хтосьці, акрамя працы, займаецца любімай справай, а хтосьці бязмэтна хістаецца па вуліцах, не ведаючы, чым сябе заняць. Выбар заўсёды застаецца за чалавекам. 

Если вы нашли опечатку, пожалуйста, сообщите нам. Выделите текст с ошибкой и нажмите Ctrl + Enter.

Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: