Праз некалькі дзён пасля нараджэння дзіцяці неабходна было выбраць хросных бацькоў.
Быць хроснымі лічылася вялікай пашанай i ад яе не адказваліся. Хросныя прымалі ўдзел у выхаванні дзіцяці. Пасля родаў на трэці дзень праходзілі адведкі: суседзі, родзічы ішлі праведаць, як адчуваюць сябе рожаніца і дзіця. Прыносілі пачастункі, але пры гэтым дзіця ім не паказвалі. Праз тыдзень-два праходзілі хрэсьбіны.
У дзень хрэсьбін у хаце бацькоў народжанага збіраліся госці, гэта павінны былі быць сямейныя людзі. Хросныя бацькі прысутнічалі пры зборах народжанага. Вельмі часта, укутываючы дзіця, закручвалі ў пялёнку кавалачак вугля, манету, хлеб, соль — гэта павінна было ў будучым дапамагчы дзіцяці не маць патрэбы ні ў чым.

У царкву дзіця везлі хросныя бацыкі. У дарозе яны не размаўлялі, каб народжаны не быў крыклівым. Пасля абраду дзіця апраналі ў кашульку i закутвалі ў пялёнкі, якія падаравала яму хросная маці.
Сустракала хросных i народжанага бабка-павітуха. Яна пыталася, якое імя далі дзіцяці, i несла да бацькоў. Далей усіх чакаў святочны абед, традыцыйнае застолле праходзіла з выкананнем шэрагу рытуальных дзеянняў: сталы ставілі ў адну лінію, каб жыццё дзіцяці было доўгім і шчаслівым, колькасць ежы — бязмежная i няцотнага ліку (гэта сімвалізавала жыццё). За сталом шмат жартавалі, смяяліся, садзіліся блізенька адзін каля аднаго, каб дзіця жыло ў згодзе з людзьмі i было гаваркім. Самымі пачэснымі гасцямі былі бабка-павітуха і хросныя бацькі — ix садзілі ў чырвоны куток. Астатніх рассаджвалі па старшынстве.
Прыкладна ў сярэдзіне абеда праходзіў абрад ачышчэння. Для гэтага браўся авёс, у які налівалі ваду, і гэтай сумессю бабка-павітуха націрала шчокі рожаніцы, а потым yciм гасцям.
У час застолля здзяйснялася дарэнне. Не толькі кума дарыла падарункі, але i бацькі народжанага даравалі нешта кумаўям i бабцы-павітусе (у знак пашаны).
У канцы абеда падавалася бабіна каша, якую гатавалі з розных круп (акрамя рысу), яе гатавала бабка-павітуха або хросная. Гэтую рытуальную ежу падавалі ў гліняным гаршку i накрывалі талеркай. У гэтую талерку клалі грошы за кашу, самы большы выкуп прапанаваў хросны. Вельмі часта адразу ўносілі гаршчок з пеўнем, бульбай i разыгрывалі жартоўны гандаль. Грошы, атрыманыя за кашу, бабка магла забраць сабе ці аддаць частку народжанаму.
Ударам кулака хросны павінен разбіць гаршчок. А потым з чарапка пакарміць ycix прысутных, тады народжаны будзе хутка бегаць.
Заканчваліся хрэсьбіны абрадам цягання бабы на баране (барана ў нашых продкаў была сімвалам багацця). Барану клалі на воз ці сані (у залежнасці ад часу года), садзілі на яе бабку. Госцi везлі бабку з песнямі да дому ці да крамы, дзе яна павінна была іх пачаставаць.
Матэрыял прадастаўлены Якімаваслабадской сельскай библіятэкай