Вёскі Светлагоршчыны: Зарэчча

Напярэдадні 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў карэспандэнт «Гомельскай праўды» пабывала ў вёсцы, якая ў студзені 1943-га была поўнасцю спалена. Карнікі забілі 24 жыхары Зарэчча.

gp.by

У чэрвеньскі дзень, калі ўсё наўкол цвіце і радуе вока, я з асаблівым настроем ішла па жывым Зарэччы. Падалося, што гэтая адбудаваная, заселеная вёска і ёсць найлепшы помнік тым, хто страціў жыцці, адстойваючы яе і ў 1941-м, і ў час вызвалення, калі распачыналася аперацыя “Баграціён”.

З вуліцы Савецкай, адзінай у Зарэччы, праглядаецца суседняя вёска Дуброва. Уласна кажучы, цэнтральная дарога, якая вядзе туды, нібы пераразае населены пункт на дзве часткі. Знаёмства пачала з карацейшай паловы Савецкай вуліцы.

Мы, Сіроцкія, дзеці вайны…

Іван Міхайлавіч і Яўгенія Рыгораўна (у дзявоцтве Шчэрбін) — трывалы сямейны саюз Сіроцкіх — нібы сімвалізуюць дзве бярозы каля іх сядзібы. Гаспадары нарадзіліся перад Вялікай Айчыннай і паспыталі такога дзяцінства, што згадкі і цяпер пранізваюць дрыжыкамі.

Іван Сіроцкі застаўся без бацькі пяцігадовым, той утапіўся. Памятае, што яго, малечу, забралі ў Мінск да сябе два старэйшыя браты Кузьма і Цімафей. Апошні су­праваджаў вагоны ў Маньчжурыю і восенню 1940-га прывёз хлапчука ў родную вёску. На наступны год — вайна.

Маці Куліна Іванаўна, простая сялянка, бы тая птушка, прыкрывала сабою ў самых складаных сітуацыях сваіх малодшых дзетак, калі прыйшлі акупанты.

gp.by. Алена Краўчанка з праўнукам Назарам

Аповед дзеда Івана

Фронт тут ішоў… — цяжка выдыхнуў дзядзька Іван, вяртаючыся ў балесныя ўспаміны. — Мы ў лесе Вяльчо хаваліся ад немцаў. Такое ж тут балота было паміж Зарэччам і Дубровай непраходнае. Дзе нам толькі не давялося з мамаю хадзіць! Жылі ў вёсках Шкава, Оземля, Гарохавішчах, Бродцах. Начавалі дзе прыдзецца. То ў курэні на полі, то шалашы рабілі з яловых лапак самі.

А як галадавалі! Бывала, і нямецкія салдаты кідалі нам то булку якую, то пячэння. Адзін раз нават бульбай разжыліся ў іх засеку, здолелі набраць.

У сорак трэцім мы з адным хлапчуком вымушаны былі разуць двух забітых нашых салдацікаў. У іх бацінках і хадзілі потым.

З абозам, у час вызвалення, заехалі ў нейкія Казловічы на Магілёўшчыне. Ішлі па хатах, прасіліся. Як пабачылі, што танкі нашы на Бабруйск пруць, дамоў рушылі. Пераначавалі ў Круках. А непадалёк ад Чэрніна машына дагнала. Памятаю, даехалі да паварота на Зарэчча. Глянулі, а вёскі няма. На месцы нашай хаты толькі ліпа…

У лесе пасяліліся ў зямлянцы. Такога жытла хапала. А наўкол шмат трохкалёсных матацыклаў. Зрабіў я тачку. Дзесяцігадовы хлапец! Цягаў на ёй дрэва і маленькую хатку зляпіў. Потым дзяржава нам пабудавала дыхтоўны дом…

Цяпер у бабулі і дзядулі Сіроцкіх чацвёра дзяцей. Надзея працуе ахоўнікам на ТЭЦ, сыны Васіль і Міша пайшлі па бацькавай сцяжыне — трактарысты, Сяргей — шафёр. Усе жывуць у Светлагорску. 7 унукаў, 10 праўнукаў у Івана і Яўгеніі Сіроцкіх.

Удавой бабуля дажыла свой век

Адметнае суседства старой драўлянай пабудовы і сучаснага штучнага басейна адкрылася воку, калі ступіла ў двор насупраць, пазначаны чырвонай зоркай на хаце. Цікава было даведацца пра лёс салдата Дзмітрыя Шчэрбіна, які напрыканцы вайны загінуў дзесь далёка ад роднага дома, прапаў без вестак.

Пра яго намерваецца адкапаць звесткі і ўнучка Марыя, якая даглядае радавое гняздо. Старалася каларытная жанчына, якая пражыла звыш трох дзясяткаў гадоў у Днепра­пятроўску, знайсці ў сямейным архіве хоць маленькую фатаграфію дзеда. Не знайшла. Затое захавалася не адно фота бабулі — удавы-салдаткі Мар’і, якая праз усё сваё жыццё пранесла памяць пра мужа, адна гадавала пяцёра дзяцей і не шукала іншай долі.

Аднак гора напаткала гэтую сялянку і ў пасляваенны час: двое яе дзетак — Маша і Коля — падарваліся разам з яшчэ дзесяццю юнымі школьнікамі, калі ў бярозавай алейцы знайшлі фашысцкую міну…

Аповед Марыі пра чутае ад маці

Мая маці, Ганна, адна з дачок бабулі Мар’і, расказвала, што іх бацька быў з заможнай шматдзетнай сялянскай сям’і, з хутароў, якія былі за Зарэччам. Усе дарослыя сыны іх роду атрымалі ў спадчыну асобную гаспадарку. Меў свой надзел і млын Дзмітрый. У час раскулачвання дзядулю прапанавалі перавезці хату і гаспадарку ў вёску. Згадзіўся. Хату разабралі па бервяну і перавезлі, а тут зноў склалі. Шмат чаго з гаспадаркі пайшло ў калгас. Сабе пакінулі пару коней, карову.

Па маміным сведчанні, у іх самай прасторнай хаце ў час вайны жылі немцы. Аднак гэта не карнікі, а звычайныя вайсковыя. Мама гаварыла, што яны даволі станоўча адносіліся, нават дзяліліся ежай. Менавіта яны папярэдзілі вяскоўцаў пра падыход карнікаў і адагналі ў лес за вёску. Там зарэчанцы выкапалі зямлянкі і перажылі цяжкі перыяд.

Матуля расказвала мне: калі йшла аперацыя “Баграціён”, у вялікім балоце ля нашай вёскі шмат танкаў патанула.

З гісторыі вёскі

Зарэчча вядома з XVIII стагоддзя ў Мінскім ваяводстве. У 1737 годзе было ў складзе маёнтка Ліпаў ва ўладанні Горватаў. 14 двароў тут налічвалася ў 1834-м. Больш чым у тры разы вёска вырасла ў 1897 годзе, калі была ў Чэрнінскай воласці Бабруйскага павета.

У 1924 годзе ў адной з сялянскіх хат адкрылі школу. Праз год Зарэчча было ў складзе Дуброўскага сельсавета Парыцкага раёна Бабруйскай акругі. Калгас “Чырвонае Зарэчча” арганізавалі тут у 1930-м. 10 сялян былі рэпрэсіраваны. Ветраным млынам, кузняй, ваўначоскай на той час была знакаміта вёска. Тут заўжды святкуюць Міколу вясновага. У перадваенным 1940-м у Зарэччы жылі 280 чалавек. У 1959-м — 236, у 2004-м — 113. Зараз, як паведамілі ў Мікалаеўскім сельсавеце, тут пастаянна жывуць 60 вяскоўцаў.

gp.by

І днюю, і начую тут з 1948 года

Ідучы па Савецкай, я любавалася дыхтоўнымі хатамі, упрыгожанымі адметнымі налічнікамі з галубамі. Зарэчанцы сваім стаўленнем да падворкаў, агародаў нібы стараюцца сцвердзіць: іх вёска — самая мірная і прыгожая ў свеце. У двары сям’і Краўчанка вельмі ўзрадавала сустрэча з ветэранам працы Аленай Фёдараўнай, 1924 года нараджэння. Яна без акуляраў вязала, седзячы ў цяньку, шарсцяныя шкарпэткі праўнуку Назару. Хлопчык прыехаў на канікулы з Бабруйска і такой цеплынёю і пяшчотай быў атулены, што нельга было не зафіксаваць гэтую еднасць пакаленняў роду.

Я ж з Кармы Акцябрскага раёна. У вайну што перажылі, то перажылі! Памятаю, у час вызвалення танкі нас адсеклі ад абоза. І нейкі стары чалавек прывёў у сваю вёску, а там адны грубы, — дзеліцца цётка Алена. — Тры дні там прабыла, дамоў хацела. Удзельнічала ў падрыхтоўцы пляцовак для пасадкі нашых самалётаў-кукурузнікаў. Зямлячак сустрэла. Праз Парычы вярталіся. Трупы забітых па Беразіне плывуць. Салдацік нейкі суправаджаў нас на другі бераг рэчкі. Ён расказаў, што ад многіх вёсак нашых засталіся толькі зямля і неба… Прыйшла ў сваю Карму, а там каб дзе дрэўца цэлае! Бы людзечкі, параненыя стаяць, пабітыя. Сюды замуж прыйшла ў 1948-м. Жаніх мой у вайну перажыў выгнанне ў Германію. Іх вызвалілі амерыканцы. Потым праца на шахтах у Горлаўцы. Уцёк. Год хаваўся: вяскоўцы не выдалі.

Запамяталася, як у час вяселля многія мясцовыя казалі: “Ды хіба яна, такая прыгажуня, тут жыць будзе? Пераначуе, мабыць, толькі”. А я 71-ы год у Зарэччы.

Фёдараўна расказвае, як пасля вызвалення па шэсць жанчын упрагаліся і цягнулі плуг, і многія падрываліся на варожых мінах. А палі і без таго былі ўсцелены забітымі, а на іх крыві раслі-шугалі чорныя расліны. Ежу варылі ў гільзах, солі не было, таму радаваліся, калі знаходзілі хоць драбок яшчэ даваеннага ўдабрэння…

Была беларуска ў заробках на Украіне, у Ровенскай вобласці. Жыта жала, зарабляла натураплаты па пуду ў дзень. А калі прадэманстравала гаспадыні, у якой жыла, сваё майстэрства ткацтва, тая яшчэ пяць пудоў выдала. Тут жа, у Зарэччы, Фёдараўна і даяркай працавала, і ў паляводстве…

У гэты летні час Зарэчча ажыло галасамі дзятвы. І дарослыя дзеці старэйшын вёскі едуць сюды, каб дапамагчы маці і бацькам у іх сялянскіх клопатах. Працуючы на агародах, упрыгожваючы двары, людзі яшчэ больш умацоўваюць повязь з малой радзімай. Хай жа ніколі не абрываецца яна!

gp.by

Если вы нашли опечатку, пожалуйста, сообщите нам. Выделите текст с ошибкой и нажмите Ctrl + Enter.

Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: