Close

Зніклыя, але не забытыя

Разное 14 января 2019

Кожнае паселішча мае не толькі менавіта сваю — асабістую — гісторыю, гісторыя яго складаецца ў тым ліку і з акаляючага наваколля. Заўсёды мясцовыя жыхары давалі назвы палям, урочышчам, лясам і сажалкам адметныя назвы, карыстаючыся сваімі ўражаннямі і пунктам погляду. Так, і вакол вёскі Дуброва існуе шмат цікавых тапонімаў — і зніклых, і існуючых сёння. Вось некаторыя з іх.
Асінава даліна — так звалася поле на паўднёвы захад ад в.Дуброва ў накірунку в.Пружынішчы. Цяпер поле засаджана лесам. Магчыма, там рос асінавы лес, і, раскарчаваўшы яго, надалі полю такую назву.
Балотца — сенажаць на поўдзень ад Дубровы. Даўней там было невялікае балота. Мяркуецца, што ад памераў плошчы балота ўтварылася і адпаведная назва.
Брышта — поле, ваколіца на захад ад в.Прытыка (цяпер назваю не карыстаюцца).
Буда — поле на паўночна-заходнім кірунку ад в.Дуброва, па правы бераг безназоўнай рэчкі. Адзінай думкі аб пахо-джанні назвы гэтай мясціны няма. Але абодва варыянты паходзяць ад адной асновы: буда – часовая пабудова як для жытла, так і для гаспадарчых мэт. Па-першаму варыянту – гэта млын, што стаяў на рачулцы, магчыма, тыя пабудовы былі каля яго. Па-другому – гэта сукнавальня, што знаходзілася там.
Буслы — частка паселішча в. Дуброва, звязаная з прозвішчамі жыхароў.
Бярозаўка — лес на захад ад в.Марцінаўка. Назва паходзіць ад дамінуючай там расліны — бярозы.
Віты брод — поле, што цягнецца па левы бераг р.Іпа ў паўднёва-ўсходнім накірунку ад в.Зарэчча. Назва звязана з асаблівасцю формы поля, бо яно паўтарала згібы ракі.
Воўчы лясок — так зваўся раней лес, што на левабярэжным грудку р.Іпа. Зараз гэта пясчаны ўзгорак (сенажаць) між тарфянікаў. Верагодна, назва звязана з нейкай канкрэтнай падзеяй. Магчыма, нехта з жыхароў вёскі знайшоў там воўчы вывадак ці там жылі ваўкі. Цяпер назваю не карыстаюцца.
Глінішчы — поле на захад ад Дубровы. Сваю назву мясціна хутчэй за ўсё атрымала таму, што на яго ўскрайку яшчэ да нядаўняга часу капалі гліну.
Гоманаў лясок – так звалі раней лес, што на пагорку у паўночным кірунку ад в.Дуброва. Зараз гэта ўжо сенажаць і назваю не карыстаюцца.
Дайнекі — частка Дубровы. Назва звязана з прозвішчам мясцовых жыхароў.
Ельнічкі — поле на ўскрайку лесу ў заходнім кірунку ад в.Дуброва па правы бок дарогі на Гарохавічы (Акцябрскі раён). Назву мясціна атрымала ад прыродных асаблівасцей. Відаць, раней там рос ельнік.
Журавова шыя — лес, што ў паўночным накірунку ад Дубровы (раней гэта была сенажаць). Канкрэтнага тлумачэння назвы мясціны няма. Магчыма, яна пайшла ад формы паляны: «доўгая, як журавова шыя».
Жэралец — лугавіна на поўнач ад в.Прытыка. Назва, хутчэй за ўсе, паходзіць ад старажытнаславянскага слова «жэрал», што значыць «крыніца» (мясціна, дзе бруілася крыніца). Там і зараз нізіна, дзе пракапана канава.
Занцаў Груд — сенажаць (пясчаны пагорак) на месцы колішняга лесу, што на ўсход ад в.Дуброва на левым беразе р.Іпа. Назва, відаць, пайшла ад уласнага імя «Зан», «Занко» (падобнае прозвішча сустракаецца ў суседніх з Дубровай вёсках.
Кадаўба — лес на поўнач ад вескі Палессе, на левы бок шашы Парычы — Азарычы. Частка лесу з дуплістымі дрэвамі, з якіх выраблялі розныя ёмкасці (дуплянкі, кадкі, кадаўбы) для захоўвання розных рэчаў. Адсюль і пайшла назва мясціны.
Кіслы Мох — балаціна сярод лесу на поўдзень ад в.Дуброва. Назва характарызуе якасці гэтага месца. Як кажуць мясцовыя жыхары, глеба там нічога не вартая.
Кружок — поле на поўнач ад в.Палессе па правы бок шашы Парычы — Азарычы. Назву мясціна атрымала па асаблівасцях формы.
Крушнікі — лес, што на поўдзень ад в.Дуброва ў кірунку в.Віша. Назва, відаць, паходзіць ад дамінуючай у лесе расліны – крушыны.
Лясок — поле на поўдні в.Дуброва па правы бок ад шашы Парычы – Азарычы. Магчыма, раней паблізу гэтага поля быў невялікі лясок, пазней яго высеклі, а назва засталася.
Паддубок — поле, што на поўдзень ад в.Дуброва па правы бок шашы Парычы — Азарычы. Магчыма, там некалі стаяў дуб-волат, што і дало такую назву.
Папкоў Ражок — поле, што на паўднёвы захад ад в.Дуброва. Назва поля звязана з прозвішчам уласніка. Даўней гэтае поле належала царкве.
Паштовы Шлях — дарога, з даўніх часоў паблізу Шацілак праходзіў шлях, які вёў з Якімавай Слабады (там размяшчалася паштовая станцыя) на Мазыр. Па гэтай дарозе вазілі пошту з Мазыра да Якімавай Слабады, далей па Гомельскаму тракту – у Гомель. Адсюль і назва. Па пошту доўгі час дуброўцы хадзілі ў Чэрнін.
Саланец — поле, што на поўдзень ад в.Зарэчча. Па вясковых паданнях назва звязана з соллю. Калісьці па р.Іпа ха-дзілі баржы і адна з іх, загружаная соллю, патанула.
Свішчук — балота, што на паўднёвы ўсход ад в.Дуброва, зараз асушанае. «Свішч», магчыма, тое ж, што «свіль», «цвіль», г.зн. зарастаючае возера, пакрытае расліннасцю. Па іншаму – цвілое балота.
Сухі Лясок — балота, што ў паўднёва- ўсходнім накірунку ад в.Дуброва. Цяпер асушана. Балота, відаць, было верхавое, на якім дрэўцы сохлі, адсюль і назва.
Таўсты Снет — лес у паўднёвым накірунку ад в.Дуброва, прыкладна між Масцішчамі і Грынаўкаю. Назва, хутчэй за ўсё, паходзіць з бортніцкай лексікі. «Снет» — таўсты дубовы (ці які іншы) аполак, мацуемы пад борць. Кажуць, што тут былі вельмі тоўстыя дрэвы.
Шыбенка — лес і сенажаць, што ў паўднёва-ўсходнім накірунку ад в.Дуброва. Магчыма, ёсць два варыянты тлумачэння: 1) ад асновы «шыбаваць», што значыць «далёка», «далёкае месца»; 2) «шыбеніца», «шыгайла», «павеса» (магчымае месца нейкай казні, пакарання каго-небудзь, забойстваў).

Если вы нашли опечатку, пожалуйста, сообщите нам. Выделите текст с ошибкой и нажмите Ctrl + Enter.

Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: