Вышыванка — родавы беларускі аўтограф

У кожнай краіны свае сімвалы. Беларускі нацыянальны арнамент — важны сімвал для Беларусі, гэта гісторыя краіны і нацыі.

Арнамент з’яўляецца не проста ўпрыгажэннем, у ім кожны ўзор мае свой сэнс, элементы якога сімвалізуюць багацце, агонь, пладавітасць, ураджай, дождж, сонца, дабро, прыгажосць, даюць надзею, увасабляюць каханне, павагу да продкаў і роднай зямлі.

Найважнейшым элементам вышывак з’яўляецца ромб, яго варыянты і асобныя часткі. Асноўная колеравая трыяда: белы, чырвоны, чорны.

Нацыянальныя асаблівасці вышыўкі сімволікі беларускага арнаменту  праявіліся ў дэкоры ручнікоў і адзення.

Ручнік для беларуса — не толькі кавалак тканкі. У побыце беларусаў ручнікі выкарыстоўваліся амаль ва ўсіх значных абрадах і звычаях, яны суправаджалі беларуса ад нараджэння да смерці. На ручнік прымалі нованароджаных, падносілі хлеб-соль, ім упрыгожвалі вугал з іконамі.

Многія абрадавыя, святочныя функцыі ручнікоў працягваюць сваё жыццё і ў наш час у вясельных і юбілейных абрадах у загсе.

Маладажоны вераць у тое, што ручнік — абярэг сем’і, сімвал доўгай сямейнай дарогі. Раней ручнікі вышывалі нявесты сваімі рукамі. Дзяўчыны сядзелі над сваім стварэннем суткамі. Для гэтых мэт выкарыстоўвалі кавалачак льняной ткані. Назва адбылася ад слова «рушить», бо вышывалі ўзоры на парваным абрэзку тканкі.

Ручнікамі ўпрыгожваюцца стол і зал урачыстасцей, на ручніку стаяць маладажоны (юбіляры) падчас цырымоніі.

Таксама, пры жаданні, маладыя праходзяць пад «брамай неўміручасці»- аркай, створанай з ручнікоў. Іздаўна лічылася, што «На ручнік стаць- век адзін аднаго кахаць», «З мілым на ручніку стаяць — значыць  у любві і шчасці векаваць».

Кіраўнік адзела загса Наталля Нічыпарэнка

Перевод