У Светлагорскім краязнаўчым музеі пачала работу выстава “Прыгажосць традыцый: народны касцюм беларускага Палесся”

На выставе прадстаўлена 13 касцюмаў Тураўскага і Калінкавіцкага рэгіёнаў, узоры традыцыйнай беларускай вышыўкі, ткацтва, вязання кручком, хатнія прадметы. І, канечне, вядучая роля належыць традыцыйнаму касцюму як важнай частцы матэрыяльнай культуры народа. Традыцыйнае народнае адзенне Палесся адрозніваецца высокай мастацкасцю і разнастайнасцю, захоўвае стогадовыя традыцыі.

Аўтар выставы – Наталля Цярэшчанка – нястомны і шматгадовы падзвіжнік на ніве захавання і папулярызацыі народнай культуры беларускага Палесся. Карані такой любові – з сям’і таленавітых і працавітых людзей з вёскі Юркевічы Жыткавіцкага раёна: маці Васіліса Рамановіч – удзельніца фальклорнага ансамбля “Вечарніца”, бабуля Кацярына Сачыловіч-Рамановіч – вядомая на ўсю акругу ткачыха, цётка Параска Рамановіч – удзельніца заслужанага танцавальнага ансамбля “Чабарок” (г.Мінск). І не дзіўна, што Наталля Анатольеўна – актыўны ўдзельнік многіх выстаў, майстар-класаў, сустрэч, прысвечаных беларускім традыцыям і абрадам.

Акрамя гэтага яна з 2007 года з’яўляецца ўдзельнікам народнага тэатра “Спадчына”. З 2012 года кіруе дзіцячай тэатральнай студыяй “Спадчынцы” ў СЦК, дзе маладое пакаленне адраджае народныя традыцыі і знаёміць людзей з багатай фальклорнай спадчынай нашых продкаў. У іх рэпертуары – пастаноўка беларускіх абрадаў (“Троіца”, “Багач”, Пакровы”, “Вяселле” і іншыя). І падчас адкрыцця мерапрыемства яны прадэманстравалі сваё майстэрства ў выкананні народных танцаў.

Запрашаем ўсіх, каго цікавіць спадчына роднага краю, наведаць гсторыкаа-краязнаўчы музей і выставу “Прыгажосць традыцый: народны касцюм беларускага Палесся”.

Фота: Людміла Ярац, “СН”

Перевод