Арт‑група «Беларусы» – адзін з самых папулярных творчых калектываў на нашай эстрадзе. Мужчынскія ансамблі з добрым акадэмічным бэкграундам – наогул не самая частая з’ява. Кіраўнік калектыва, спявак і кампазітар Валерый Шмат напярэдадні канцэрта ў Дзень горада сустрэўся з карэспандэнтам «СН».
– Арт‑група «Беларусы» ў Светлагорску ўжо не першы раз?
– За 20 гадоў шмат разоў прыязджалі: і з групай, і ў мяне арганныя канцэрты былі. Уражанні ад горада такія, як і назва – светлы город, светлыя людзі, якія ўсміхаюцца – і гэта цудоўна.
– Кожная ваша песня – сардэчная, захапляльная, кранальная. Як гэта атрымліваецца?
– Песня нараджаецца, як дзіця, і калі ты працуеш над ёй, ты нібыта гадуеш дзіця. А калі адносішся з любоўю да любой справы, нават проста паліваеш кветкі, садзіш дрэва альбо нешта іншае, – і вынік адпаведны. Так і з творамі – гэта нашы дзеці: калі з любоўю да іх адносішся, кожны твор становіцца кранальным. Але ёсць і такія творы, якія не атрымліваюць творчага жыцця. Мы працуем над ім на рэпетыцыях, нам здаецца, што гэты твор будзе цудоўна ўспрыняты публікай, бо для нас, музыкантаў, ён – з цудоўнай гармоніяй, з цудоўным галасавым дзеяннем, гучаннем, з акордамі складанымі. А ён не «заходзіць» людзям. Мы да гэтага адносімся нармальна, як да пабочнай рысы нашай творчасці. Такіх твораў няшмат – 3-4 за 20 гадоў. Не могуць усе творы быць якаснымі хітамі. І гэта нармальна.

– З чаго складаецца канцэрт? Напэўна, ёсць адрозненні ў праграме канцэрта на стадыёне ад канцэрта ў камернай зале?
– Кожны канцэрт складаецца з розных твораў. У нас некалькі напрамкаў: творы аўтарскія, класічная музыка, творы розных куткоў свету, рэтра. Мы разумеем, што на плошчы, на стадыёне, у канцэртнай зале ёсць людзі розных узростаў, розных густаў. Заўсёды высвятляем, хто будзе на канцэрце, якія сацыяльныя катэгорыі будуць – і падбіраем рэпертуар. Гэта не жаданне спадабацца ўсім, а павага да кожнага чалавека. І сёння мы падрыхтавалі праграму, якая будзе складацца з лепшых твораў, створаных за 20 гадоў нашага існавання з розных праграм, выпрабаваных часам і публікай.
– Як вызначыць такія творы?
– Калі ёсць апладысменты, ёсць і прызнанне твора. Апладысменты – тая імгненная рэакцыя чалавека, якая інтуітыўна вызваляе эмацыянальныя пачуцці. Калі чалавеку не падабаецца – прымусіць немагчыма. Нам вельмі важна, каб людзі сардэчна і з душой гэта ўспрымалі.
– Знакаміты суперхіт будзе?
– «Беларусы мы»? Канечне. Я яго напісаў у 2006 годзе. За гэтыя гады ён не страціў сваёй значнасці. Прыемна, што песня гучыць па краіне, таму што артысту важна, што яго песні спяваюць у раённых, гарадскіх палацах культуры. Я як аўтар дазваляю, хай людзі спяваюць. «Беларусы мы», «Кожнаму дому шчасця», «За намі праўда», «Не будите уснувших солдат», «Трэба трымацца разам» і іншыя творы, створаныя за апошнія гады, – вельмі прыемна, што людзі не толькі іх любяць і слухаюць, але спяваюць самі. Калі людзі спяваюць, мы, артысты, кажам, што песня пайшла ў народ. І гэта важна.

– Пяцёрка выканаўцаў зменная ці нязменная?
– Пяць галасоў перыядычна змяняюцца па розных прычынах. Напрыклад, два чалавекі, якіх прыйшлося замяніць, выбралі асабістае жыццё: адзін сустрэў сваё каханне ў Германіі і там застаўся, а другога каханне прымусіла змяніць стыль жыцця на паходна-турыстычны, які цяжка сумяшчаць з выступленнямі і рэпетыцыямі.
Пяцёрка – бас, барытон і тры рознахарактарныя тэмбры. Аснова сугучча – чатырох-
галоссе – гэта шэраг фарбаў, якія мы галасамі можам зрабіць. У калектыве ёсць людзі, якія і жаночымі галасамі могуць спяваць, таму выконваем рэчы шырокага дыяпазону.

– Ці беларусы «Беларусы»?
– Так, беларусы. Я, напрыклад, нарадзіўся ў вёсцы, да 15-ці гадоў жыў у беларускім асяроддзі і для мяне пісаць верш, тэкст да песні па-беларуску зручна. Калі ёсць натхненне, літаральна
10-15 хвілін – і ў мяне будзе цудоўны тэкст песні, я не шукаю рыфмаў, яны самі плывуць, як хвалі, а на рускай мове магу доўга шукаць, спалучаць нейкія рыфмы, сэнс і г.д.
– Беларуская мова для вас – важная частка жыцця?
– Мова – гэта мысленне нашых продкаў. Я пішу тэксты і нясу адказнасць за кожнае слова, бо сцэна памылак не даруе.



– Наступны год – юбілейны. Што запланавана?
– Гэты год ужо юбілейны, але ўсе святкаванні пераносім на наступны. Спачатку я стварыў ў 2004 годзе мужчынскі хор, які праіснаваў невялікі час, а ў 2005-м з’явілася арт-група «Беларусы». Чатыры гады працавалі ў складзе 7 чалавек, але аптымальны варыянт – 5. Бывалі цяжкія часы, але яны пройдзеныя. Падзяка ўладам, таму што ніколі, нават у часы каранавіруса, не было ў нас поўнага лакдауна.
Канечне, будзе юбілейны тур. Важнае мерапрыемства – у Мінску адбудзецца канцэрт з Прэзідэнтскім аркестрам. Мы ўжо рыхтуем праграму, з аркестрам не адзін раз выступалі, рэпертуар напрацаваны, толькі некалькі твораў трэба дапрацаваць.
– Вашы пажаданні светлагорцам.
– Апошнія гады паказалі, што многія простыя справы, якія раней здаваліся звычайнымі, на сённяшні дзень насамрэч вельмі важныя. Жадаю жыхарам горада быць здаровымі, ніколі не мець страху ваеннай навалы, каб дзеці былі шчаслівыя і мелі добрую адукацыю, каб было каханне ў сем’ях. Шчасця, дабрабыту, радасці, павагі адзін да аднаго.


