Мова жывая, пакуль на ёй гавораць

Дзень роднай мовы – нагода яшчэ раз задумацца пра лёс і будучыню той, якую мы завём нацыянальнай і матчынай.

Валодаць замежнымі мовамі сёння неабходна і прэстыжна: англійскай, нямецкай, французскай, кітайскай. А роднай? Калі шчыра, каштоўнасць гэтага скарбу ўсведамляюць нямногія. На жаль. Мову вывучаюць у школе, нядрэнна разумеюць, але мала хто свабодна на ёй гаворыць і ёю карыстаецца. Прычыны гэтага розныя: не хачу, не ўмею, саромеюся, баюся быць незразумелым ці якія іншыя. А можа, варта проста памяняць свае адносіны да мовы, адважыцца і пачаць? Паспрабаваць хаця б на працягу аднаго дня, 21 лютага, гаварыць з калегамі, сябрамі, блізкімі на роднай мове.

Вучні і педагогі ўстаноў адукацыі Светлагоршчыны запусцілі чэлендж «Мова родная – мова матулi», прысвечаны Міжнароднаму дню роднай мовы. Прыемна чуць з вуснаў дзяцей беларускія казкі, вершы, песні. Далучайцеся і вы!