21 лютага – Міжнародны дзень роднай мовы.

«Дразды” пасталелі!

Што-што, а ліць слёзы пад спевы гурта “Дразды” – дзіва дзіўнае. Хлопцы-музыкі са сваімі “кедамі-паўкедамі”выклікалі адное: балакі і не болей! Але апошнім часам “Дразды” радуюць: калектыў нарэшце выйшаў на новы ўзровень і нядаўні канцэрт на сцэне Гарадскога цэнтра культуры таму сведка.

Разам з даўно знаёмымі песнямі, з якіх пачыналася гісторыя “Драздоў” (без “Кедаў”, разумова, не абыйшлося!), прагучала некалькі новых твораў на роднай мове, якія і падштурхнулі пасля канцэрту напрасіцца на інтэрвію. Лідэр гурта “Дразды” Віталь КАРПАНАЎ не адмовіў.

— На фоне ўсяго, што перажываюць беларусы зараз, нам патрэбна апора, а мова, здаецца мне, і ёсць гэтая апора, — лічыць Віталь. – Нам не хапае песень на роднай мове.

Не так даўно музыка і спевак адкрыў для сябе вершы беларускага паэта Леаніда ПРАНЧАКА (журналіст, паэт, драматург – заўвага аўтара):

— Калі я чытаў яго вершы, сама сабой пачала нараджацца музыка на яго вершы, — гаворыць Віталь. — Пакуль супрацоўнічаем толькі з Леанідам Іванавічам. Адзначу, што ў нас ўжо 12 твораў на роднай мове, а будзе яшчэ больш! 

Мова ў асяроддзі Віталя КАРПАНАВА гучала з дзяцінства.

— Я вырас на Міншчыне, у вёсцы Сівіца. Менавіта там мая душа, з тым мястэчкам звязанае многе ў маім жыцці, — шчыра кажа Віталь. —   Бацькі, дом, сябры, аднавяскоўцы. Мова была ў маім асяроддзі. Падчас вучобы ў школе у нас была цудоўная беларускамоўная настаўніца, класны кіраўнік. Менавіта юнаком я пачаў марыць аб прафесіі музыкі. Нават песня “Каханая дзяўчына” напісана ў школьныя гады.

Але ж, заўважыў Віталь КАРПАНАЎ, прафесія музыкі не абавязкова прывядзе да поспеху.

— Гэта той хлеб, які патрабуе пастаянна знаходзіцца ў пошуку. Пачаўшы складаць песні з дзяцінства, працягнуў пісаць іх падчас вучобы ў музычным вучылішчы ў Маладзечна, а ў Акадэмію музыкі я ўжо прыехаў з дыскам запісаных песень. З Іллёй НЕМЫЦЬКО, які і сёння з намі ў камандзе, мы жылі ў адным пакоі ў інтэрнаце і маю прапанову стварыць групу ён успрыняў станоўча. Мы з ім пачыналі.

Але ж для бацькі – старшыні калгаса — гэта было дзіўнай навіной аб тым, што сын хоча быць музыкай. Ён спадзяваўся, што гэта ўсё дзяцінства і з’ява часовая.

— Ён заўсёды хваляваўся, ці сапраўды ў мяне ёсць задаткі да музыкі, асабіста цікавіўся ў выкладчыкаў музычнай школы. І калі я займаўся ў музычнай школе, і ў музычным ліцэе, і нават у Акадэміі музыкі ён усё спадзяваўся, што абяру справу рэальную і сур’ёзную, напрыклад, агранома як і ён сам. Цяпер я разумею яго. Ён перажываў як любы бацька, як зараз я хвалююся за сваіх дзяцей. Бацька, бывала, казаў, звярніся да якога-небудзь  кампазітара, хай напіша табе нармальную песню. Прызнаюся, мяне гэта крышку крыўдзіла, — працягваў дзяліцца ўспамінамі Віталь. – Але ўсё прыйшло з узростам і вопытам. На сённяшні дзень рэпертуар групы папоўніўся дванаццаццю новымі песнямі на роднай мове і, спадзяюся, у нас нядрэнна атрымліваецца. Памятаю, прыехаў дадому і ўпершыню паказаў бацьку песню “Вёска”. Ён вельмі расчуліўся, ледзь не заплакаў.

А потым было знаёмства з творамі Леаніда ПРАНЧАКА і нарадзілася песня “Хата бацькоў”, але ж гэты музычны твор бацька ўжо не пачуў. Затое ацаніла матуля і адчула гонар за сына.

Што ж, “Дразды” нарэшце пасталелі і гэта вельмі радуе.

Алена Юшкевіч