21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы, абвешчаны ЮНЕСКА па прапанове краіны Бангладэш. У свеце налічваецца больш за 6000 моў. Нам ў спадчыну засталася ўнікальная мова – жывая і мілагучная, песенная і паэтычная, старажытная і сучасная, – беларуская мова.
Дзень роднай мовы асаблівы для кожнай нацыі, кожнага народа, бо няма народа без мовы, няма мовы без яго носьбіта.
Дні роднай мовы ў школе ладзяцца штогод.
“Будзем ветлівымі!” – пад такім дэвізам вучні 1-11 класаў паўдзельнічалі ў конкурсе-выставе слоў этыкету. Пяцікласнікі наведалі сельскую бібліятэку, дзе Людміла Фёдараўна Бусел прапанавала змястоўную гульню-віктарыну, прысвечаную роднай мове. Удзельнікі паказалі добрыя веды ў адгадванні загадак, у перакладзе безэквівалентнай лексікі, гучала і паэтычнае слова.
Свята “Адвечны голас радзімы” сабрала вучняў 9-11 класаў, на якім было месца і для гісторыі свята роднай мовы, і для гісторыі станаўлення беларускай мовы, і для паэзіі. Класнымі кіраўнікамі праведзены інфармацыйныя гадзіны, прысвечаныя Дню роднай мовы, рознай формы і зместу, але агульнае, што аб’ядноўвае дадзеныя мерапрыемствы – ідэя: родная мова з’яўляецца формай існавання і захавання народных традыцый, духоўных скарбаў, сродкам развіцця нацыянальнай культуры.
Значэнне мовы ў жыцці чалавека вялікае , гэта жывая повязь пакаленняў, знак прысутнасці на зямлі, голас радзімы, наш голас. Пачнем гаварыць на роднай мове разам!
Таццяна Дайнека