Зажынкі – жніво – дажынкі

Тэатральная пляцоўка «Сцэны вясковага побыту» зрабіла працу працоўнага лагера Давыдаўскай сярэдняй школы цікавай і пазнавальнай. У гэты раз дзяўчаты прымалі ўдзел у незвычайным для іх майстар-класе: жыхарка в.Давыдаўка вучыла іх жаць сярпом. Так-так, сапраўдным сярпом, якім карысталіся раней ўсе сялянкі. Дзяўчаты вязалі снапы, робячы так званыя бабкі. А настаўнік беларускай мовы і літаратуры Тамара Гумбатава пазнаёміла іх з гісторыяй гэтага абрада. Такім чынам, захоўваючы традыцыі, выхоўваецца павага да сваіх продкаў, да сваіх каранёў.

Як яго святкавалі?

Свята пачатку і заканчэння жніва для беларусаў заўжды было ці не важнейшае за Купалле ды Каляды. Нягледзячы на т, што на нашы палеткі прыйшлі трактары і камбайны, да сённяшняга дня ў Беларусі захаваліся старадаўнія песні, танцы і абрады, якімі і цяпер дзе-нідзе адзначаюць пачатак і заканчэнне жніва. Рыхтаваліся да Дажынак вельмі старанна. Загадзя, яшчэ на Каляды, нашы продкі ўсе абрадавыя дзеянні накіроўвалі на ўраджайнасць, верылі ў прыродныя сілы, якія дапамогуць добраму гаспадару, што выконвае ўсе народныя правілы жыцця.

Пачыналася гарачая пара жаночай працы з Зажынак. На Зажынкі адпраўляліся або раніцай да ўзыходу сонца, або ў прыцемках. Самую першую сабраную жменю каласоў жанчына клала не ў сноп, а асобна на полі разам з хлебам і сырам. Потым пачыналі жаць першы сноп – «гаспадар». Звычайна яго зажынала старэйшая ў сям’і жанчына. Яго ўпрыгожвалі кветкамі, неслі ў дом з песнямі і ставілі ў чырвоны кут пад іконы. З яго ж пачыналі восенню малацьбу, а саломай кармілі хворую скаціну. Збожжа першага снапа лічылася гаючым для людзей і птушак.

Увечары кожная сям’я ладзіла святочную вячэру, на якой абавязкова была ежа, прынесеная з поля. Спявалі спецыяльныя песні.

У сучаснай Беларусі дакладнай даты Зажынкі не маюць і святкуюцца ў дзень пачатку ўборачнай кампаніі.

Жніво — гарачая пара ўборкі поля — займала асноўнае месца ў жыцці сялян, асабліва ў жніўні. У апошні дзень жніва трэба было аддзячыць ніве за добры ураджай, папрасіць у духаў поля і продкаў новага ўраджаю на наступны год, таму жнейкі пакідалі на полі некалькі нязжатых каласоў для абрада «Барада» («Раёк», «Ніўка», «Куст», «Дажынкі» і інш.), а таксама для апошняга снапа. Завяршалі асноўны цыкл земляробчай працы ў полі Дажынкі. Паводле Я.Карскага, першыя згадкі пра свята сустракаюцца ў хроніках ХІІ ст. Хаця сама традыцыя можа весці свой пачатак яшчэ ад неаліту, калі на Беларусі з’явілася земляробства.

Дажынкі — свята заканчэння жніва, якое суправаджалася абрадамі, танцамі, песнямі ды частаваннямі. Адзначалі падчас трэцяга малога Спаса — свята хлеба.

1. Калі асноўныя працы ў полі былі скончаныя, на наступны дзень пасля абеду, святочна апрануўшыся, жанчыны і незамужнія дзяўчаты ішлі ў поле, узяўшы з сабой сярпы, посцілкі і пачастунак (хлеб, соль, яйкі, сыр, сала), каб зладзіць абрад Дажынкі.

2. Спачатку перад абрадам трэба было прапалоць кавалак пакінутага жыта. Напрыклад, на Крупшчыне жанчыны клікалі на праполку лясных звяроў: «Ваўкі, мядзведзі, хадзіце бораду палоць…»

3. Затым галоўная жняя прапаноўвала незамужнім дзяўчатам паваражыць. Дзяўчаты сядалі колцам вакол каласоў і рукамі, абгорнутымі ў рукаў, пачыналі палоць, уважліва глядзелі, хто выпаўзе з зямлі: чарвячок — багаты жаніх, маленькая казявачка — бедны жаніх, павучок — удавец, вусень — легкадумны жаніх.

4. Варажылі і цяжарныя жанчыны, каб даведацца, хто ў іх народзіцца: хлопчык ці дзяўчынка. Калі знаходзілі павучка — хлопчык, калі чорную казюльку — дзяўчынка.

5. Пасля варожбаў удзельніцы абраду падзяляліся на дзве групы: кабеты завівалі бараду, упрыгожваючы яе стужкамі і кветкамі. Сярод дзяўчат абіралі Багіню, для якой плялі вянок з каласоў, каснічкоў (стужак), палявых кветак, а таксама ўпрыгожвалі апошні сноп, каб аднесці гаспадару поля. Часам апошні сноп вязалі ў выглядзе антрапаморфнага пудзіла (бабы ці дзеда ў залежнасці ад рэгіёна).

6. Дажынкавыя абрады суправаджаліся загаворамі і песнямі, якія былі скіраваны на атрыманне ўраджаю ў наступным годзе. Напрыклад, падчас «завівання барады» спявалі «Стаіць казёл на мяжы» і іншыя адпаведныя песні.

У многіх вёсках, сабраўшы ўраджай, было прынята пакідаць на полі некалькі нязжатых каласкоў. Іх абвязвалі поясам, упрыгожвалі кветкамі і стужкамі. Гэта і называлася «завіць бараду».

7. Пасля працы жнеі ладзілі на полі невялікае частаванне, паабедаўшы, усё тое, што засталося, пакідалі на полі для жывёл і птушак як падзяку за ураджай.

8. Падрыхтаваўшы ўсе асноўныя сімвалы ўрадлівасці (бараду, апошні сноп,
вянок), жанчыны надзявалі на «Багіню» вянок, давалі ў рукі сноп, з песнямі накіроўваліся ў двор гаспадара поля.

9. Дажынкавы вянок уручалі або надзявалі гаспадару з пажаданнем здароўя і добрага ўраджаю на лета. Гаспадар у сваю чаргу дзякаваў жнейкам, плаціў ім грошы і абавязкова ладзіў частаванне. Напрыклад, у Лідскім раёне гаспадар лез на гару і абліваў жняю вадой, пасля яна аддавала яму вянок — гэта садзейнічала таму, каб у наступным годзе не было засухі.

Апошні сноп займаў пачэснае месца ў хаце гаспадара — покуць (чырвоны кут). Пасля зімы яго абмалочвалі, а зерне дадавалі ў агульную сявеньку для засявання новага ўраджаю.

Перевод