Книга «Дыядэмная споведзь» Софьи Шах стала уникальным примером написания венка венков сонетов в кубе

Сёлетнi намiнант на Нацыянальную лiтаратурную прэмiю ў галiне паэзii — Соф’я Шах са Светлагорска

Яе жыццё — яркi прыклад служэння слову. Напiсала больш за 20 кнiг, у лiку якiх выданнi для дзяцей i дарослых. Летась у «Беларускай навуцы» выйшла яе «Дыядэмная споведзь» для ўсiх прыхiльнiкаў прыгожага пiсьменства. Аўтар прапануе пазнаёмiцца з санетнай дыядэмай — трохпрыступкавымi (вянкамi вянкоў вянкоў) санетамi. Прыклады падобнага цяжка адшукаць ва ўсёй славянскай i сусветнай паэзii. «Гэта самы складаны жанр, у якiм 3375 узаемазвязаных санетаў злучаюцца ў вянок вянкоў вянкоў санетаў. Пачынаецца i заканчваецца твор, падкрэслена ў анатацыi, так: «Жылi калiсьцi продкi на зямлi…» Спавядальнасць — галоўная асаблiвасць, дзякуючы якой, як адзначыў у прадмове Iзяслаў Катляроў, «стагоддзi зблiжаюцца i аддаляюцца… Толькi так асабiстае перастае быць уласным i набывае мастацкае абагуленае ўвасабленне. Жанравая неабходнасць паўтарэння радкоў надае не толькi рытмамузыку, але i робiцца сэнсавым катонам…». Мастацкае афармленне кнiгi зроблена на аснове твораў жывапiсу Соф’i Шах — паэткі Гомельскага аддзялення Саюза пiсьменнiкаў Беларусi.

Нарадзiлася пiсьменнiца ў вёсцы Лясец Калiнкавiцкага раёна, маленства i юнацтва прайшло ў гарпасёлку Азарычы. Малая радзiма ўвесь час адгукаецца ў яе сэрцы.

— Колькi сябе памятаю, заўсёды было iмкненне выказаць тое, чым поўнiлася душа, — адзначае творца. — А поўнiлася яна ў далёкiм дзяцiнстве перш за ўсё выявамi роднай прыроды.

Многа пранiкнёных радкоў аўтар прысвячае роднай зямлi, i ўсе яны максiмальна шчырыя:

За адкрыццём прыходзiць 
адкрыццё,
маленства зараз бы навiдавоку: 
найлепшай вулачкай на ўсё 
жыццё
мне стала Пiянерская ў пасёлку.
I як бы лёсу нi круцiў вiхор, 
якiя б далi нi дарыў ён следам,
а поле, што за вулачкай, — 
прастор
маёй душы i па-за дальнiм векам.

Пасля Азарыцкай школы Соф’я Шах паступiла ў Мазырскi педiнстытут на факультэт пачатковых класаў. Выкладала ў Нараўлянскiм раёне. Там, у газеце «Прыпяцкая праўда», надрукавалi яе першыя вершы пра восень. Скончыўшы Мiнскi педiнстытут iмя Горкага, пераехала ў Светлагорск i стала працаваць лагапедам у школе-iнтэрнаце. Менавiта з таго часу i бярэ адлiк яе сур’ёзная творчасць, паэтычная споведзь, песня душы. 

— Доўга iшла да сапраўднага спеву, — расказвае Соф’я Шах. — Пачаткам лiчу 1983 год, калi пазнаёмiлася з паэтам Iзяславам Катляровым i стала сябрам лiтаб’яднання пры газеце «Светлагорскiя навiны», якое ён узначальваў. А пачалося ўсё так: сабрала свае лепшыя, як мне здавалася, творы i прынесла ў рэдакцыю. Ён прагледзеў, сям-там паставiў пытальнiкi, асобныя адзначыў клiчнiкам, штосьцi адабраў для друку. А аднойчы параiў перайсцi на беларускую мову. Для мяне такая прапанова была нечаканай, i я, нiбы пад нейкiм гiпнатычным уплывам, яе паслухмяна выканала. У той жа дзень склала па-беларуску верш. Прачытала па тэлефоне — Iзяслаў Рыгоравiч ухвалiў: «Верш натуральна задыхаў, у iм гучыць сама душа». Пасля гэтага з’явiлася большая смеласць у выкладаннi думак, пачуццяў, душэўных памкненняў. А мы з Iзяславам Рыгоравiчам пасябравалi i сталi на ўсё жыццё блiзкiмi адно аднаму. Супалi захапленнi паэзiяй, жывапiсам.

Два месяцы таму Iзяслаў Катляроў адышоў у iншы свет. Не перадаць горка-балючага адчаю. Ды яго творчая спадчына, у якой каля 40 кнiг высокай паэзii i прозы, застанецца з намi навечна. Амаль 35 гадоў жыцця творца аддаў працы ў светлагорскай газеце, многiя яго публiкацыi сталi журналiсцкiм летапiсам горада i раёна. За ўдзел у стварэннi мемарыяльнага комплексу на месцы спаленай вёскi Ала ў Светлагорскiм раёне паэт удастоены прэмii «За духоўнае адраджэнне». 

— Муж быў маiм строгiм лiтаратурным крытыкам i дарадцам, — прыгадвае Соф’я Мiкалаеўна. — Верыла яму, як нiкому iншаму. I амаль усе яго кнiгi прайшлi праз маё рэдактарства. Дарэчы, i да напiсання санетаў далучылася праз мужа. У адной з сустрэч ён успамiнае земляка Анатоля Сербантовiча, якi пiсаў вянкi. Слова «санет» адклалася ў маёй памяцi нейкай незвычайнай прывабнасцю. Можа, яшчэ i гукавою пераклiчкай з iмем Соня… У бiблiятэцы перачытала тэматычную лiтаратуру, заканспектавала, i ў 1985 годзе з’явiўся мой першы вянок. У гэтым жанры адчуваю сябе вольна, бо кожны твор вымушае працягу, дзе можна шырока разгарнуць думкi.

Хутка ў Соф’i Мiкалаеўны з’явiлiся i вянкi вянкоў. Яны сплятаюцца з 15 твораў, звязаных памiж сабой. Чатырнаццаты завяршаецца радком, якiм пачынаецца першы. Як i магiстрал — пятнаццаты санет. Форма даволi складаная, таму яна вымагае ад аўтара глыбокай i нестандартнай думкi, асаблiвай паэтычнай здольнасцi. У прадмове да «Дыядэмнай споведзi» сказана, што яна напiсана пяцiстопным «шэкспiраўскiм санетам», гэта дазваляе рабiць рыфмоўку больш разнастайнай.

Фота з уласнага архiва Соф’i Шах.

Перевод