Жадаеце рэгістрацыю шлюбу ў Светлагорску на беларускай мове і ў нацыянальным стылі? Калі ласка!

ЗАГСы праводзяць работу па развіцці нацыянальнай абраднасці, у тым ліку праводзяць рэгістрацыі на беларускай мове. Пры падачы заявы аб рэгістрацыі шлюбу ўзгадняюцца не толькі дата, час, месца і урачыстасць абстаноўкі, але і выбар мовы, на якой будзе праводзіцца цырымонія.

Пры правядзенні абрадаў на беларускай мове могуць выкарыстоўвацца і нацыянальныя вясельныя атрыбуты: нацыянальныя касцюмы, вясельны рушнік, «арка шчасця», зерне, каравай і інш.

Вясельны рушнік можна назваць абавязковым атрыбутам беларускіх вяселляў. Маладажоны вераць у тое, што рушнік — абярэг сям’і, сімвал доўгай сямейнай дарогі. Здаўна лічылася, што «На рушнік стаць- век адзін аднаго кахаць», «З мілым на рушніку стаяць – значыць, у любві і шчасці векаваць».

Запальванне свечак – адна з самых прыгожых частак цырымоніі. Раней па тым, як гараць свечы, вызначалі лёс пары. Вясельныя свечкі сімвалізуюць злучэнне двух сэрцаў у адзіным полымі. Акрамя таго, гэта сімвал сямейнага ачага.

Заручальныя пярсцёнкі сімвалізуюць бясконцасць пачуццяў і злучэнне лёсаў. Спецыяльны ларчык, у якім пара шукае пярсценкі ў пшаніцы, напоўняецца да самых краёў зернем, каб яно прасыпалася і каб можна было сказаць: «Колькі прасыпалася зярнятак, каб столькі ў вас было дзіцятак».

P.S. Для беларусаў родная мова — адна з важных састаўляючых культурнага кода нацыі і патрыятычнага выхавання, які выступае ў якасці сродку камунікацыі, сімвала нацыянальнай самасвядомасці і гістарычнай памяці (у розных краінах свету 21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Свята было абвешчана на 30-й Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА ў лістападзе 1999 г.).

Наталля Нічыпарэнка, кіраўнік аддзела загса

Перевод