Хрыстос уваскрэс! Вітаю вас, дарагія хрысціяне, вернікі і ўсе людзі добрай волі!
Вялікдзень – гэта самая вялікая хрысціянская ўрачыстасць. Яго называюць святам святаў. У гэты дзень Хрыстос сваёю крывёю адкупіў увесь свет. Сваім уваск-
рэсеннем з мёртвых Ён здзейсніў подзвіг выратавання чалавецтва, прымірыўшы людзей з Творцам. Гэта аснова хрысціянскай веры, першая і самая галоўная ісціна, якая сімвалізуе перамогу жыцця над смерцю, адраджэнне і абнаўленне духоўнага свету чалавека. У гэты дзень вернікі святкуюць сваё адкупленне і магчымасць дасягнуць вечнага шчасця, што было здабыта коштам крыжовай смерці і ўваскрэсення Збавіцеля. Для вернікаў Пасха – пераход да іншага, лепшага жыцця, яна дае надзею на ўваскрэсенне да новага і вечнага жыцця ў спакоі, справядлівасці і хвале.
Ён прыйшоў, каб прынесці спакой, добрую навіну, каб прынесці новае жыццё ўсім без выключэння братам і сёстрам, бо ўсе мы дзеці аднаго Айца-Бога. І таму, як сведчаць шматлікія святыя з усіх кантынентаў нашай Зямлі, на самай справе ёсць адна толькі чалавечая раса – раса дзяцей Божых. І ёсць толькі адна мова – тая, што без слоў прамаўляе да сэрца і розуму, дазваляючы нам пазнаваць Бога і натхняючы любіць адзін аднаго, таму што ўсім нам трэба старацца не толькі жыць у любві, але праз гэтую нашу чалавечую любоў трэба імкнуцца паказаць іншым людзям любоў Божую, каб і яны захацелі стаць сапраўднымі хрысціянамі. Менавіта ўваск-
рэсенне Хрыста адкрыла браму ў Нябеснае валадарства для тых усіх, хто верыць у Іісуса. І менавіта ў гэты радасны дзень радасць Евангелля гучыць: «Хрыстос жыве!» У гэты дзень ад усяго сэрца благаслаўляю: «У імя Айца, і Сына, і Святога духа, амінь. Хрыстос уваскрэс! Сапраўды ўваскрэс. Алілуя».
Архіепіскап Іосіф Станеўскі