НАШИ ПРОЕКТЫ

Як адчуваю – так і раблю

ПРЕСС-ЦЕНТР

Як адчуваю – так і раблю
1 июля 2026
257

У многіх з нас дома ёсць рэчы, якія так і хочацца закінуць у смеццевае вядро, бо, здаецца, што іх прасцей выкінуць, чым прыводзіць у парадак. А вось героі нашага новага праекта “(Не)звычайныя рэчы” даказваюць, што калі ў чалавека ёсць вольны час, а яшчэ рукі растуць адкуль трэба, то нават самыя “сумныя” рэчы можна змяніць так, што ўсе вакол ахнуць.

А калі гаварыць сур’ёзна, у цяперашні час экалагічны лад жыцця і свядомы падыход да спажывання - вядучыя трэнды. А другаснае выкарыстанне тавараў і іх пераробка не проста мода, а філасофія грамадства. Кожны дзень мы здзяйсняем звыклыя ўчынкі, часта не думаючы аб наступствах. Усвядомлены падыход да нашых пакупак і другасная іх пераапрацоўка могуць палепшыць прыватнае жыццё кожнага чалавека і стан нашай планеты ўвогуле.

У Доме рамёстваў заўсёды рады гасцям. І ў гэты раз нас чакае цікавая размова з супрацоўнікам установы Марынай Рубанавай – майстрам роспісу па дрэве, якая працягвае самаўдасканаленне: побач з дрэвам знайшлося месца і скуры (дакладней, скураным абрэзкам). Творчы чалавек, яна пачала з невялікіх сувеніраў і дробязных вырабаў, а цяпер у яе “скарбонцы” – пано і карціны са скуры, якія ўражваюць колькасцю дэталяў.

-Я люблю працаваць з невялікімі дэталямі і атрымліваць за кошт гэтага мнагаслаёвасць, - падркрэслівае Марына Рубанава і вылучае са сваіх работ “Саву”, якая пазірае са сцяны, знаходзячыся побач з мядзведем, рыссю, жар-птушкай, ваўком, лісой. І на самой справе – кожная работа скаладаецца з маленькіх дэталек, якія ставараюць пэўны аб’ём. Цікаўлюся выбарам “персанажаў” і атрымліваю адказ: “На жаль, каляровай скуры мала, асноўная палітра – чорны, шэры, карычневы, таму прыходзіцца суадносіць матэрыял з выбарам карціны. Матэрыял (абрэзкі) нам “пастаўляе” прыватная фабрыка па вырабу рэчаў для сабак, але і самі шукаем, як можам”.




На магнітнай дошцы – скураныя магніты і сувеніры, якія здзіўляюць сваёй разнастайнасцю (ад герояў мультфільмаў да дзяржаўнай сімволікі). На стале Марыны – нарыхтоўкі для бліжэйшага майстар-класа (яна ахвотна дзеліцца за дзецьмі і дарослымі сваім вопытам). І на маіх вачах дробязныя дэталі складваюцца ў сімпатычнага зайчыка, які лёгка стане магнітам на халадзільнік або абвесам на сумку ці тэлефон…




Як ствараецца прыгажосць

Але высвятляецца, што ў гэтым рамястве хапае складанасцяў і тонкасцяў. Па словах Марыны, на адзін выраб можа спатрэбіцца некалькі дзён, а то і тыдняў.

- Каб стварыць гэтую прыгажосць, трэба зрабіць шмат працы, бо кожная дэталь ствараецца асобна. Вядома, спачатку я прыдумляю і малюю эскіз (хаця ён зусім нечакана у працэсе працы можа быць дапоўнены новымі дэталямі). Затым са скуры выразаю неабходныя дэталі. Гэта робіцца вельмі акуратна, каб ніякіх няроўнасцяў нідзе не выглядала. Наступны этап - насычаю дэталі ў спецыяльным саставе і даю час падсохнуць. Потым прыступаю да наступнага этапу, калі нешта не падабаецца ці не падыходзіць - перарабляю. Для мяне важна давесці кожную дэталь да таго стану, калі ўсё падабаецца. Галоўны мой сакрэт: як адчуваю – так і раблю.

Яшчэ ўнікальнасць вырабаў Марыны ў тым, што яна не толькі стварае рэчы, але і распісвае некаторыя акрылавымі фарбамі. Гэта таксама не хуткі і вельмі складаны працэс, які патрабуе асаблівай акуратнасці. А каб выраб выклікаў радасць і добрыя эмоцыі, рамесніца заўсёды садзіцца за працу толькі ў добрым настроі.

- Калі ты пазітыўна настроены, то ўсё неяк лёгка робіцца і без асаблівых складанасцяў атрымліваецца. Да таго ж, у кожную працу я ўкладваю часцінку сябе. А дзяліцца трэба толькі дабром. І я веру, што закладзеная мной у выраб цеплыня перадаецца, - падагульняе майстар.



P.S. Старыя рэчы непазбежна з'яўляюцца ў любой хаце — гэта і вопратка, якую перасталі насіць, і мэблz, якую прыйшоў час змяняць, і састарэлая тэхніка, і посуд, і разнастайныя побытавыя дробязі… Спіс можна дапаўняць, але ўстае пытанне: а куды дзяваць? На гэтае пытанне кожны адказвае па-свойму. Хтосьці адразу пазбаўляецца ад усяго лішняга і непатрэбнага: месца і так мала, ды і навошта захоўваць усякае халусце. А нехта ўсё прыстасоўвае да справы. У такіх гаспадароў нават іржавы цвік без справы не валяецца - усё спатрэбіцца, усё набывае другое жыццё.

Калі вы таксама з тых, хто ў любой старой рэчы ўмее разглядзець новы шэдэўр, раскажыце, як вы гэта робіце, дзе бераце ідэі, як знаходзіце час, каб іх увасобіць? А можа, ваш сакрэт ва ўменні нестандартна думаць і знаходзіць нечаканае ўжыванне звыклым рэчам? Далучайцеся!




 
Предыдущая новость
І гісторыя, і культура
следующая новость
Войну надо прекратить