Гомельскае абласное аддзяленне Саюзу пісьменнікаў Беларусі стварыла Школу мужнасці і патрыятызму

У Год гістарычнай памяці Гомельскае абласное аддзяленне ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі» стварыла пазакласную выхаваўчую ўстанову – Школу мужнасці і патрыятызму. Яна працуе на дабрачынных пачатках, а ў ролі настаўнікаў выступаюць пісьменнікі, якія маюць педагагічную альбо журналісцкую вышэйшую адукацыю і аддначасова з’яўляюцца аўтарамі мастацкіх твораў  грамадзянска-патрыятычнай тэматыкі.

– У першай навучальнай чвэрці 2022-2023 навучальнага года,  у адпаведнасці з узгодненай з абласным упраўленнем адукацыі Гомельскага аблвыканкама праграмай пазакласных заняткаў, памятныя патрыятычныя ўрокі літаратуры на прыкладах класічнай і сучаснай паэзіі і прозы прафесійныя літаратары праводзілі два-тры разы на месяц як у офісе абласнога аддзялення СПБ, так і ў непасрэдна ва ўстановах сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай ці вышэйшай адукацыі абласнога цэнтра,   –  распавядае дырэктар школы – заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, старшыня Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі У.М.Гаўрыловіч. – З другой навучальнай чвэрці фармат урокаў крыху змяніўся, дзякуючы падтрымцы гэтага цікавага асветніцкага праекта для школьнікаў абласной універсальнай бібліятэкі імя У.І. Леніна. Так, чарговыя  лістападаўскія заняткі ў Школе мужнасці і патрыятызму прысвячаліся гадавіне вызвалення Гомеля ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і адбыліся на базе менавіта абласной кніжніцы, а яе слухачамі сталі вучні старэйшых класаў Цэнтральнага раёна горада Гомеля.

У галоўнай бібліятэцы вобласці старшакласнікаў прывітаў кіраўнік школы Уладзімір Гаўрыловіч і запрасіў наведаць Музей літаратуры Гомельшчыны і краязнаўчы аддзел бібліятэкі, які вельмі плённа працуе з пісьменніцкай арганізацыяй вобласці (згадаем: ініцыятыва стварэння гэтага музея належала кіраўніцтву абласной бібліятэкі і актыву абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, падтрымана аблвыканкамам і рэалізавана 2016 годзе;  намаганнямі прафесіяналаў створаны шэраг змястоўных экспазіцый, прысвечаных як чатыром народным пісьменнікам Беларусі І.Шамякіну, І.Мележу, І. Навуменку і А.Макаёнку – выхадцам з Гомельшчыны, так і шматлікім таленавітым творцам, якія нарадзіліся ў Палескім краі). Менавіта ў Музеі літаратуры для старшакласнікаў была арганізавана экскурсія, галоўны бібліятэкар аддзела краязнаўства Ніна Серыкава зрабіла змястоўнае паведамленне пра франтавы перыяд у жыцці народных пісьменнікаў Беларусі — ўраджэнцаў Гомельшчыны.

Затым незвычайны літаратурны ўрок прадоўжыўся ў актавай зале абласной бібліятэкі. Ён складаўся з некалькіх частак.

Напачатку слова трымаў вядомы беларускі паэт Анатоль Зэкаў: ураджэнец Буда-Кашалёўшчыны, унук ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, прысвяціў сваё выступленне малой і вялікай Радзіме, подзвігу старэйшага пакалення ў гады вайны, прачытаў і каменціраваў вершы пра родную мову і родны кут, заклікаў зберагаць гістарычную праўду і духоўныя набыткі нашага народа.

Цікавыя факты, прысвечаныя 79-ай гадавіне вызвалення горада над Сожам ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, распавёў слухачам школы мужнасці і патрыятызму ганаровы член Саюза пісьменнікаў Беларусі, паэт Міхась Болсун. Сын франтавіка, яго маленства было апалена вайной, чытаў кранальныя вершы пра той час, пра падзеі, якія недапушчальна забываць кожнаму беларусу і грамадзяніну нашай краіны.

У час выступленняў пісьменнікі адказалі на шматлікія пытанні старшакласнікаў, а літаратары скіроўвалі іх увагу да чытання мастацкіх твораў, якія праўдзіва паказваюць мінулае і сённяшняе жыццё нашай Беларусі і дружалюбных нам краін.

Падвёў вынікі незвычайнага ўрока, які працягваўся амаль дзве гадзіны, Уладзімір Гаўрыловіч: пазнаёміў юных чытачоў з навінкамі сучаснай беларускай літаратуры, у тым ліку грамадзянска-патрыятычнага накірунку, у якіх сцвярджаецца, што  патрыятызм – яскравае сведчанне любові людзей да зямлі, на якой ты нарадзіўся і жывеш, да сваёй краіны, да свайго народу і сваёй сям’і, роду, да духоўна-асветніцкіх традыцый нашай міралюбівай Беларусі.

Як адзначылі ў Савеце аддзялення СПБ, у такім жа фармаце ў гэтым навучальным годзе ўрокі патрыятызму для вучняў, навучэнцаў і студэнтаў чатырох раёнаў горада над Сожам  правядуць 16 вядомых пісьменнікаў Гомельшчыны. Акрамя гэтага, па-ранейшаму будуць практыкавацца творчыя сустрэчы літаратараў ва ўстановах адукацыі па месцы жыхарства.

Мікалай Ігнатовіч

На здымках: у час працы Школы мужнасці і патрыятызму Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”.

Фота аўтара