Католики Светлогорского района готовятся встретить Рождество Христово

Дарагія браты і сёстры ў Хрысце! Людзі добрай волі! З нагоды Божага Нараджэння звяртаюся да Вас з найлепшымі святочнымі віншаваннямі.

Калядны час натхняе ўсіх нас да паглыблення веры, надзеі і любові. Сярод разнастайных віроў гісторыі і свету Сын Божы ўваходзіць у наша жыццё і ціха стукаецца ў дзверы кожнага сэрца, запрашаючы адкрыцца дару Божай любові.

Няхай святло Віфляемскай зоркі прынясе ў кожны дом Божае благаславенне, супакой і ўзаемаразуменне. Няхай нованароджаны Сын Божы абудзіць у нас усё найлепшае і дапаможа з новай моцай адкрыць тое, што найважнейшае. Жадаю Вам моцнага духоўнага і фізічнага здароўя, усіх неабходных Божых дароў і ласкі.

Няхай цяпло і надзея, якія асвяцілі ноч Нараджэння Хрыста, дапамогуць нанова адчуць, як моцна мы любімыя і як наша любоў неабходна кожнаму чалавеку, якога Бог ставіць на шляху нашага жыцця. Няхай нованароджанае Божае Дзіцятка прынясе паўнату Божага благаславення і радасці жыцця ў новым, 2023 годзе.

Хрыстос нарадзіўся! Славім Яго! З пажаданнямі Божага благаславення і святочнымі віншаваннямі, Антоній Дзям’янка, біскуп Пінскі.