В Гомеле прошла юбилейная презентация книг лауреатов литературной премии имени Кирилла Туровского

У абласной універсальнай бібліятэцы імя У. і. Леніна адбылася прэзентацыя кніг уладальнікаў абласной літаратурнай прэміі імя Кірылы Тураўскага 2022 года.

У мінулым годзе на абласны конкурс на суісканне прэміі было прадстаўлена больш за 60 рукапісаў. У пяці намінацыях удзельнічалі пісьменнікі-прафесіяналы — члены абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, а ў шостай намінацыі «Адкрыццё года» — усе жадаючыя жыхары вобласці, аматары мастацкай творчасці, аўтары-пачаткоўцы. Па прапанове конкурснай камісіі, зацверджанай рашэннем Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта, прэміі прысуджаны ў пяці з іх. Без намінанта засталася намінацыя «драматургія». 4 верасня на ўрачыстай цырымоніі на галоўнай сцэне ХХІХ Дня беларускага пісьменства старшыня аблвыканкама Іван Крупко ўручыў узнагароды лаўрэатам абласной літаратурнай прэміі ім. Кірыла Тураўскага.

Па шматгадовай традыцыі першая прэзентацыя іх твораў праходзіць напярэдадні Новага года. Яе арганізатары — Гомельскае абласное аддзяленне ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» і абласная універсальная бібліятэка імя У. І. Леніна пры падтрымцы Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі — запрасілі прафесійных пісьменнікаў, пачынаючых аўтараў, усіх аматараў мастацкага слова, актыўных чытачоў, усіх жадаючых жыхароў і гасцей горада над Сожам пазнаёміцца са знакавымі кнігамі Гомельшчыны бягучага года і іх аўтарамі — пераможцамі юбілейнай Х абласной літаратурнай прэміі ім. Кірыла Тураўскага.

Фота аўтара

Нагадаем, што лаўрэатам у намінацыі «Паэзія» прызнаная Ніна Шклярава за зборнік вершаў «Жыццё-жыццейка». Свае творы беларуская паэтка прысвяціла радзіме. Паэзія кнігі распавядае аб непарыўнай сувязі роду чалавечага з роднымі месцамі, адрас якіх для кожнага адзін — планета Зямля.

Кніга «Там, дзе цячэ Пуць-рака” Уладзіміра Гаўрыловіча стаў лепшым у «Прозе». Вядомы беларускі празаік прысвяціў свой раман Году гістарычнай памяці, вялікай і малой радзіме, роднаму Палессю. У гэтым поўнамаштабным творы аўтар – заслужаны дзеяч культуры краіны, лаўрэат шэрагу міжнародных конкурсаў і прэмій, – адказвае на галоўнае пытанне, якое кожны з нас ставіць перад сабой з 2020 года: у якой краіне мы жывём? І ад імя свайго пакалення пісьменнік упэўнена заяўляе: у краіне сапраўдных герояў, у краіне, якая мае глыбокія гістарычныя карані! Падзеі ў рамане разгортваюцца і ў нашы дні, і 10 стагоддзяў таму ў старажытных Тураве, Кіеве і Кракаве. Твор заклікае чытача шанаваць мінулае, каб разумець сучаснасць, думаць пра будучыню свайго народа, Айчыны.

У «Дзіцячай літаратуры» — перамога ў Яўгена Калашнікава за зборнік твораў “Чаяванне з катом». Вершы і казкі, сабраныя ў кнізе, — для дзяцей рознага ўзросту. Вясёлыя і пазнавальныя, з гумарам і навучаннем, казкі вучаць юных чытачоў дабрыні, імкненню да вучобы і пазнання, жыццястойкасці і пераадоленню розных цяжкасцяў.

Аўтарам лепшай «Публіцыстыкі і літаратурнай крытыкі» стаў зборнік «Майскі сад» Тамары Кручэнкі. У яго ўвайшлі інтэрв’ю і замалёўкі з удзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны. Сваю кнігу празаік, паэтка і перакладчык прысвяціла абаронцам Радзімы.

У намінацыі «Адкрыццё года» прэмія прысуджана Жанне Сычовай за раман «Выпрабаванне часам». Аўтар усё сваё жыццё клапоціцца пра здароўе людзей, працуючы ў бальніцы. Вершы пачала пісаць яшчэ ў школьныя гады, працягнула ў медінстытуце. Да празаічных жанраў звярнулася значна пазней. У аснове яе рамана — падзеі, якія разгортваюцца ад Вялікай Айчыннай вайны да 60-х гадоў мінулага стагоддзя.

У рамках прэзентацыі выступілі пісьменнікі і юныя чытачы, з музычнымі прывітаннямі супрацоўнікі абласной бібліятэкі, а па завяршэнні з цудоўнай канцэртнай праграмай выступілі самадзейныя артысты — землякі народнага пісьменніка Беларусі Івана Паўлавіча Мележа. Народнае аматарскае аб’яднанне  “Спадчына” філіяла “Цэнтр культуры г.Хойнікі” доўгія гады ўзначальвала пляменніца Івана Мележа Лілія Краўчанка, яна часта станавілася пераможцам і абласных літаратурных конкурсаў, якія праводзяцца Гомельскім абласным аддзяленнем ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі». За шматгадовае творчае супрацоўніцтва Уладзімір Гаўрыловіч уручыў калектыву Ганаровую грамату аддзялення СПБ і памятныя кніжныя падарункі – асабістыя кнігі і выданні абласнога аддзялення СПБ.

Нагадаем, што папярэднікам абласной літаратурнай прэміі імя Кірылы Тураўскага быў аднайменны літаратурны конкурс, які праводзіўся ў вобласці аддзяленнем ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» пры падтрымцы аблвыканкама з 2007 па 2012 год. У яго развіццё, пасля сустрэчы кіраўніцтва вобласці з актывам пісьменніцкай арганізацыі, у 2013 годзе была заснавана прэмія аблвыканкама «Літаратурная прэмія імя Кірылы Тураўскага». Яе мэтай стала стварэнне высокамастацкіх твораў пісьменнікамі рэгіёну, выяўлення знакавых імёнаў у сферы слоўнага мастацтва, павышэння статусу пісьменніка ў грамадстве, умацавання станоўчага іміджу вобласці. За 10 гадоў прэмію атрымалі больш за 40 прафесійных літаратараў і 8 пачынаючых аўтараў рэгіёна.

Мікалай Уладзіміраў.

tvrgomel.by