НАШИ ПРОЕКТЫ

Незагойная рана

ПРЕСС-ЦЕНТР

Незагойная рана
30 сентября 2025
297
Сёння ў праекце «Абеліскі параненай зямлі» мы раскажам пра месца, якое застаецца незагойнай ранай не толькі Светлагоршчыны, але і ўсёй Беларусі. Месца, дзе мабільнік не працуе, не чуваць гулу транспарту, вакол толькі рыпанне дрэў, многія з якіх памятаюць свіст куль, пах гару і крыкі людзей. 14 студзеня 1944 года нацысты спалілі і расстралялі ў Але 1758 мірных жыхароў...
Да нядаўняга часу аб гэтай вёсачцы ведалі толькі адзінкі, хоць аднойчы Ала ўжо магла стаць помнікам знішчаным вёскам: тады выбар зрабілі на карысць Хатыні. Тут жа, у глухіх лясах Светлагоршчыны, загінула ў 12 разоў больш людзей. Азвярэлыя ад набліжэння паражэння фашысты стралялі і палілі ўсіх без разбору.

Мясцовыя ўпэўнены: нідзе так пранікліва не спяваюць птушкі, як у Але. Дзіўны пакінуты ледавікамі рэльеф, бераг ракі, запаведныя лясы – жыць тут напэўна было суцэльным задавальненнем. Пакуль не прыйшла вайна...

Дарожка выбрукаваная чырвонай пліткай – менавіта так і ішла вясковая вуліца. Да вайны ў Але знаходзіўся Шацілкаўскі лесаўчастак, была пачатковая школа, якую напярэдадні вайны скончылі 
35 вучняў; 168 жыхароў і 34 хаты, на месцы якіх зараз – стылізаваныя брамкі, паламаныя, як лёсы людзей, якія тут жылі. І скульптуры, і падставы-папялішчы – з бетону, але стваральнікі здолелі надаць безаблічным матэрыялу фактуру згарэлага дрэва. Праходзім праз тры парталы, на кожным лічбы – колькасць ахвяр. 950 – гэта дзеці... Ала апынулася ў прыфрантавой зоне. Ратуючыся ад абстрэлаў, сюды прыйшлі жыхары навакольных вёсак са Светлагорскага і Жлобінскага раёнаў. 1758 чалавек – лічба, якую ўсталявалі пасля вайны. Магчыма, ахвяр было больш…

Бетонныя пліты з праваламі ў выглядзе чалавечых фігур – быццам сілуэты людзей, якія назаўжды засталіся тут. 12 бязгучных званоў – даніна памяці жыхарам з суседніх вёсак, якія імкнуліся знайсці ў Але выратаванне. Каля лесу — бетонныя прастакутнікі: ці то парты, за якія ніколі не сядуць дзеці, ці то памінальныя сталы…

14 студзеня 1944 года ў 6 га-дзін раніцы вёску з усіх бакоў акружыў нямецкі карны атрад. Пад папераджальныя стрэлы і брэх сабак усіх, быццам для рэгістрацыі, сагналі ў вялікую калгасную адрыну. Тыя, хто спрабаваў бегчы, падалі, скошаныя аўтаматнымі чэргамі. Тых, хто хаваўся ў зямлянках і ямах, знаходзілі сабакі. З хлява забіралі асобнымі групамі, заяўляючы пры гэтым, што будуць аўтамашынамі адвозіць у тыл, а адводзілі ў іншы канец вёскі, запіхвалі ў дамы, якія аблівалі гаручай вадкасцю і падпальвалі.

Эмоцый дадаюць камяні-скульптуры ў цэнтральнай кампазіцыі. Іх стварылі на тэматычным пленэры скульптары з усёй краіны. Вось скульптура «Вымушанае самаспаленне» Міхаіла Яршова. Гэта адлюстраванне рэальных падзей таго дня. 

Адзін з тых, хто выжыў у Але, Тарас Колеснеў успамінаў, як ад чарговай групы аддзялілася жанчына ў куфайцы і вялікай клятчастай хустцы. Прасіла дазволу згарэць у сваёй хаце. Гэта была Аксіння Курловіч, жонка бухгалтара калгаса. Пад дружны рогат фашыстаў яна павярнулася і цвёрдым крокам пайшла да сваёй палаючай хаты. За ёй – фашыст з вялікім балонам за спіной, на хаду апырскваючы яе бензінам. На парозе жанчына ўспыхнула паходняй і схавалася за дзвярыма. На скульптуры светлагорца Аляксандра Камардзіна – маленькая разгубленая дзяўчынка, якая абараняе сваю ляльку ад куль. У барэльефе час спыніўся, але калі правесці лінію па слядах ад куль на ляльцы, становіцца зразумела: наступны стрэл патрапіць дзяўчынцы ў галаву...

Месца тут было глухое і цяжкадаступнае. За месцам пахаваннем мірных жыхароў і воінаў даглядала лясніцтва. Спецыяльна замацаваны чалавек прыязджаў сюды на кані – інакш было не дабрацца. У 2009 годзе леснікі пачалі будаваць тут дарогу. Дайшлі да тэрыторыі былой вёскі, сталі паднімаць грунт – а там чалавечыя астанкі… Выкліканыя службы правялі велізарную працу, заклалі 12 шурфоў, паднялі абгарэлыя косці, цэглу, чыгуны. Месца гэта абазначылі паклонным крыжом. Неабыякавых жыхароў раёна, сярод якіх быў пісьменнік і паэт Ізяслаў Катляроў, не пакідала ідэя: памяць загінуўшых неабходна ўвекавечыць. Дзякуючы ўсім неабыякавым людзям працэс ссунуўся з мёртвай кропкі. Праект атрымаў падтрымку на самым высокім узроўні і стаў па-сапраўднаму народным. Свой уклад унеслі многія прадпрыемствы, грамадскія арганізацыі, кіраўніцтва і моладзь рэгіёну і краіны.

І сёння сюды прыязджаюць людзі рознага ўзросту з розных гарадоў і краін. Ала – самая трагічная вёска Беларусі. Гэта 12 Хатыняў! І згарэлых лёсаў тут каля дзвюх тысяч. І мы жывыя пакуль іх памятаем…
 
Предыдущая новость
Энергетический суверенитет