НАШИ ПРОЕКТЫ

Зямля герояў

ПРЕСС-ЦЕНТР

Зямля герояў
9 ноября 2025
132

Мемарыяльны комплекс «Партызанская крынічка» збудаваны на месцы базіравання партызанскага атрада «Бальшавік», сфармаванага ў перыяд абарончых баёў за Гомель. Атрад пачаў дзейнічаць з 17 жніўня 1941 года. У час абарончых баёў за Гомель ён першапачаткова налічваў каля 50 чалавек. Размясціўся на 9-м км шашы Гомель - Чарнігаў, у раёне Шчакатоўскай дачы. Партызаны «Бальшавіка» праводзілі дыверсіі на чыгунках і асноўных аўтамагістралях, поўнасцю паралізавалі рух суднаў па рацэ Сож. У лістападзе 1943 года падчас Гомельска-Рэчыцкай аперацыі партызаны брыгады «Бальшавік», рэчыцкай брыгады «Жалязняк», брыгады імя П.К.Панамарэнкі і 108-га атрада імя Катоўскага перарэзалі дарогу Гомель - Шацілкі, напалі на варожы гарнізон у вёсцы Горваль і захапілі некалькі дзясяткаў варожых аўтамашын. Разам з часткамі Чырвонай Арміі партызаны ўдзельнічалі ў аперацыі «Баграціён».

Паводле звестак ваеннай хронікі, партызаны і падпольшчыкі Гомеля знішчылі звыш 10 тыс. гітлераўцаў, 15 складоў баепрыпасаў і рыштунку, 8 чыгуначных мастоў, 150 варожых эшалонаў, 515 аўтамашын, вывелі з нямецкіх лагераў смерці звыш 8 тыс. ваеннапалонных, выратавалі ад угону ў фашысцкае рабства 5 тыс. савецкіх грамадзян.

Вечная памяць

Тут была адкрыта памятная стэла, на мемарыяльных дошках былі адзначаны ўсе партызанскія злучэнні Гомельскай і Палескай вобласці. У 2022 годзе ўся гэта тэрыторыя была выдзелена і рэканструявана ў сучасны ваенна-гістарычны комплекс. Крайняя стэла адведзена для ўвекавечвання імён герояў Савецкага Саюза. Адзін з іх – кіраўнік гомельскага падполля Цімафей Барадзін. Яго гурт адрозніваўся дзёрзкасцю ў працы. Цімафей працаваў на нямецкай друкарні, яны прымудраліся там пад носам у немцаў друкаваць савецкія лістоўкі. У 1942-м групу выдаў здраднік, Цімафея арыштавалі. У апошнюю ноч перад расстрэлам на насоўцы ён перадаў бацькам апошні ліст.

За кожным імем – свая гісторыя і кавалачак мірнага неба. Так, Рыгор Такуеў – майстар падрыўной справы. Ён вучыў партызан працаваць з выбуховымі рэчывамі, і калі пачалася рэйкавая вайна, яго вучні былі здольнымі і парушалі планы ворагаў.

Партызанскі атрад «Бальшавік» быў створаны ў жніўні 1941 года, напярэдадні акупацыі Гомеля нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Камандзірам атрада быў дырэктар аўтарамонтнага завода Ілья Федасеенка. Адным з тых, хто стаяў ля вытокаў атрада, з'яўляўся Герой Савецкага Саюза Фёдар Котчанка. Ён да вайны быў кіроўцам-выпрабавальнікам на аўтарамонтным заводзе. Менавіта ён у жніўні 1941 года вазіў ваенныя і харчовыя грузы ва ўрочышчы пад Гомелем – будучую «Партызанскую крынічку». Апошні рэйс быў зроблены з практычна акупіраванага фашыстамі абласнога цэнтра. Пасля Фёдар Пятровіч стаў удзельнікам падрыўной маладзёжнай групы пад кіраўніцтвам Аляксандра Ісачанкі, а пасля гібелі камандзіра ўзначаліў яе.

Да мурашак

Ваенна-гістарычны комплекс «Партызанская крынічка» пераносіць наведвальнікаў у 1941-ы. Тады тут быў глухі лес і ўсяго некалькі будынкаў, вядомых як Шчакатавіцкая лясная дача. Бацька гомельскага руху народных мсціўцаў Емяльян Барыкін сакрэтна абраў глухое мястэчка для часовага лагера гарадскога партызанскага атрада. Па легендзе, пасля жорсткага бою на шашы Гомель - Чарнігаў байцы ўзялі багатыя трафеі, але вымушаны былі ўцякаць ад праследвання. Паблукаўшы па лесе, вярнуліся да лагера, і адзін з партызан сказаў: «Добрая вадзіца на партызанскай крыніцы». Так і прыжылася назва. А яшчэ казалі, што кожны, хто нап'ецца вады з гэтага падземнага ключа, пражыве столькі, колькі будзе існаваць крыніца.

На мемарыяле – імправізаваныя зямлянкі. Атмасфера – да мурашак. Суровыя будні лясных байцоў як на далоні. Да прыкладу, партызаны атрада «Бальшавік» да 1942 года не мелі магчымасці нармальна памыцца ў лазні. Зразумела, што ў такіх умовах узнікала прысутнасць насякомых на вопратцы, таму прымянялася партызанская лазня: ніжнюю бялізну проста смажылі над вогнішчам, неабходна было трымаць кашулю над вогнішчам да таго часу, пакуль казуркі ўсе не пагараць, але трэба было акуратна гэта рабіць, бо пры найменшым неасцярожным руху адбываўся «партызанскі званочак», калі кашуля ўспыхвала, а ў руках заставаўся толькі ворат.


Партызанскі шпіталь. Аказваць дапамогу ў палявых умовах было цяжка, але магчыма. Абмежаваны запас медыкаментаў кампенсавалі здабытымі трафеямі і народнай медыцынай. Замест ваты і хірургічнай ніткі – роднае льновалакно – выдатны антысептык. Ад праблем са страўнікам ратавалі сухія чарніцы. Ад прастуды – ліпа. Ставілі на ногі як маглі. У большасці выпадкаў анастэзія была маральнай. Аскепкі і кулі выразалі па жывым. Запасы марфіну і навакаіну хутка заканчваліся. Дарэчы, менавіта па грубых швах і сінюшных рубцах пазнавалі пасля вайны партызан. Выйсця не было. Каб купіраваць моцны крывацёк, лекары ўжывалі востры настой дубовай кары, які спальваў мяккія тканіны.

Часам даходзіла да выпадкаў, якія нават сучасная медыцына толкам не можа патлумачыць. Падчас карнай аперацыі ў раёне Палесся (зіма 1942-1943 гадоў) дзяўчынка вырвалася з кола карнікаў і пабегла па заснежаным полі, ёй стралялі ў спіну, ад страху яна нічога не цяміла і не заўважыла, як на бягу ў яе з нагі зляцеў валёнак. Калі зайшла ў хату, стала зразумела, што нага памарожана. Трэцяй ступені абмаражэнне, хтосьці з аднавяскоўцаў здагадаўся запрасіць партызанскага доктара, які пры дапамозе нейкіх прымочак на аснове льнянога насення вярнуў абмарожаныя тканіны да жыцця.

Яшчэ адно надзённае пытанне – харчаванне. Партызанскі стол быў бедным: суп з круп, боршч са шчаўя, бульбачка ў мундзіры. На благі канец – заечая капуста і ачысткі ад бульбяной лупіны, якія маглі выкрасці на нямецкай кухні. Выратоўваў лес – грыбы, ягады, лекавыя травы. Мяса было рэдкім госцем і магло з'явіцца толькі ў выпадку, калі ўдавалася ўзяць трафейныя кансервы або мясцовыя жыхары ахвяравалі бычка ці баранчыка. З 1943-га надышлі самыя галодныя часы. Гаспадарка на Гомельшчыне аднавілася толькі з 1947 года.

Нішто так не шанавалася, як звычайная соль. Паколькі без солі немагчыма ажыццявіць ніякую кансервацыю прадуктаў, у некаторых абласцях замест солі дадавалі ўгнаенне. Ходзяць такія легенды, што калі партызанскія камандзіры ляцелі на Вялікую зямлю, а потым вярталіся назад, там іх па месцы пераапраналі ў форму Чырвонай арміі. Гімнасцёрка ператваралася ў мяшок, у нацельную кашулю, гэта ўсё засыпалася соллю. У любое вольнае месца запіхвалі пакеты з соллю. Лётчыкі лаяліся, маўляў, хлопцы, у нас перагруз 2 тоны, мы не ўзляцім, а партызаны казалі: «Выкінь лепш пару скрыняў узрыўчаткі. Мы яе адаб'ем у немцаў, але соль нам давязі».

Як вядома, партызан без добрых ботаў – ужо не баец. Каб адрамантаваць дзіравы абутак, трэба было першапачаткова з лёну скруціць нітку, затым старанна прапусціць яе праз воск, потым пры дапамозе шыла выканаць «аперацыю». У зямлянцы партызанская каманда чыніла зброю, абутак і адпачывала між кодавых аперацый. Выдатным трэнажорам для стратэгаў былі шахматы. Карыкатуры на гітлераўцаў, гумар і перчанае слоўца паднімалі баявы дух.

Для будучых пакаленняў

Калі зрабіць экскурс у гісторыю, высвятляецца, што цяперашняе пакаленне гамяльчан не першае, хто свята захоўвае памяць аб «Партызанскай крынічцы». У цяжкія 1990-я ёй не дала скончыцца Соф'я Асіпкова, легендарная гомельская падпольшчыца-камсамолка. А першы мемарыял быў закладзены тут яшчэ ў канцы 70-х гадоў мінулага стагоддзя па ініцыятыве
начальніка штаба партызанскага атрада імя Чкалава Гомельскай партызанскай брыгады «Бальшавік», заслужанага настаўніка БССР Івана Гарунова і кіраўніка гомельскага гарадскога камсамольскага падполля, ганаровага грамадзяніна Гомеля.

Сучасны рэканструяваны ваенна-гістарычны комплекс стаў не толькі памятным месцам, але і адным з цэнтраў патрыятычнага выхавання моладзі.
Мемарыяльны комплекс «Партызанская крынічка» адлюстроўвае бяспрыкладную мужнасць і стойкасць абаронцаў нашай Радзімы. Ён варты славы людзей, якія заваявалі Перамогу, і будзе заўсёды нагадваць маладому пакаленню аб кошце, які заплацілі дзяды і пра-дзеды, адстойваючы незалежнасць сваёй дзяржавы.

І жыць героям вечна ў нашай памяці.

 
следующая новость
Мораль интеллектов