НАШИ ПРОЕКТЫ

Цяжкія крокі вайны

ПРЕСС-ЦЕНТР

Цяжкія крокі вайны
25 ноября 2025
157
У праекце «Абеліскі параненай зямлі» ішла гаворка пра значныя падзеі Вялікай Айчыннай, у выніку якіх савецкія салдаты пракладвалі шлях да Перамогі і гінулі дзеля яе. Напярэдадні 82-годдзя вызвалення Шацілак ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў трэба нагадаць, што на тэррыторыі раёна практычна ў кожным населеным пункце ёсць помнікі або салдатам-вызваліцелям і партызанам, або ахвярам вайны. І гэта не дзіўна, бо некалькі гадоў Светлагоршчына знаходзілася пад акупацыяй, а потым доўгі час тут ішлі крывапралітныя баі… І па-сённяшні дзень да ўжо захаваных «далучаюцца» тыя, каго знаходзяць пошукавікі. І, магчыма, яшчэ доўга будуць іх знаходзіць там, дзе яны, не адступаючы ні на крок, прынялі сваю смерць. А мы, уздячныя, будзем прыносіць да помнікаў і абеліскаў кветкі, бо пакуль мы помнім – яны жывыя для нас і для родных, якія едуць са ўсіх былых рэспублік Савецкага Саюза, каб аддаць даніну павагі сваім салдатам за мірнае неба і добрае жыццё.

Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь у асобе ўпраўлення па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў Узброеных Сіл стварыла ўнікальны інфармацыйны рэсурс адкрытага доступу «Аўтаматызаваны банк даных «Кніга памяці Рэспублікі Беларусь», дзе можна знайсці інфармацыю і пра агульныя месцы захаванняў, і пра канкрэтную асобу. Менавіта там мы ўдакладнілі інфармацыю пра воінскія захаванні на тэррыторыі Светлагорскага раёна.

«На братских могилах не ставят крестов…»

Брацкая магіла, вул.Савецкая, г.Светлагорск. У 1957 г. на магіле пастаўлены помнік – скульптура воіна з вянком і каскай у руках. 9 мая 2005 г. помнік адкрыты пасля рэканструкцыі. Новы помнік зроблены ў выглядзе вялізнага звона з разломам. Манумент складаецца з двух частак – унутранай і вонкавай. На ўнутранай старане вялікага звона выгравіраваны прозвішчы салдат, якія тут пахаваны (373 чал.); звонку выкладзены гарэльеф, па яму можна «прачытаць» гісторыю ўсёй вайны. Унутры таксама знаходзіцца маленькі «жывы» звон, які сімвалізуе момант ісціны – жыццё працягваецца і гучыць, нягледзячы на маўклівы смутак былога.

Помнік – амаль дзевяцітонны бронзавы расколаты звон. Калі прыгледзецца, то раскол нагадвае жураўля, які ірвецца ўвышыню. Увогуле, і на самом звоне ёсць вобразы трох такіх жураўлёў. Кампазіцыя пачынаецца ад разлома. Сам ён у выглядзе паміраючага жураўля сімвалізуе ўсю трагедыю вайны. Ад разлома ў нябыт змаганняў ідуць салдаты. Тут і знаёмыя твары – Героі Савецкага Саюза, якія загінулі пры вызваленні Шацілак і Парыцкага раёна; і абагульненыя вобразы – пехацінец, марак, лётчык, медсястра, якая іх ратуе. Ёсць там і карта раёна, на якой пазначаны план аперацыі «Баграціён», і заключны момант вайны – узяцце рэйхстага. А жураўлі, якія ляцяць удалечыню, у разлом, з’яўляюцца сведкамі глыбокай сімвалічнасці помніка: толькі ад памяркоўнасці сучасных пакаленняў залежыць будзе ці не раскол мірнага жыцця. Помнік у выглядзе звона – гэта сімвал. Разлом у ім – не толькі паветраны птушыны сілуэт. Гэта і ўваход у звон, які таксама можна назваць і капліцай, таму што на ўнутраных сценах чытаем ваенныя званні і прозвішчы ўсіх 264-х загінуўшых пры вызваленні Шацілак і пахаваных у брацкай магіле. П’едэстал манумента складаюць тры блокі чырвонага граніта. 

Брацкая магіла, вул.П.Мірашнічэнка, г.Светлагорск (каля СШ №4). У гэтым месцы пахавана 137 воінаў, якія загінулі ў баях супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў на тэрыторыі раёна ў 1943-44 гг. У 1958 г. на магіле пастаўлены помнік – скульптура воіна з вянком і каскай у руках. Сярод пахваных – Герой Савецкага Саюза Пётр Мірашнічэнка.

Брацкая магіла, Прывакзальная плошча, г.Светлагорск. У гэтым месцы пахавана 428 воінаў, якія загінулі ў баях пры вызваленні горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У 1958 г. на магіле пастаўлены помнік – скульптура воіна. Сярод пахаваных – Герой Савецкага Саюза Клычніяз Азалаў.

Брацкая магіла, Шацілінскія могілкі, г.Светлагорск. Пахаванне размешчана на старых гарадскіх могілках, побач з брацкай магілай знаходзяцца 5 адзіночных ваенных пахаванняў гэтага ж перыяду. На брацкай магіле ўсталявана ўсечаная стэла на доўгім пастаменце, на стэле замацавана таблічка з імёнамі загінуўшых. У агульнай магіле пахаваны 40 воінаў. Усе салдаты загінулі ў лістападзе 1943 г. у баях за вызваленне в. Шацілкі (зараз г.Светлагорск) ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Брацкая магіла аг.Асташкавічы. У жніўні 1941 г. вёска была акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У баях за вызваленне вёскі і наваколля загінулі 1439 савецкіх салдат (большасць з іх воіны 18-га стралковага корпуса 65-й арміі), якія пахаваны ў брацкай магіле ў цэнтры вёскі.

Брацкая магіла аг.Баравікі. Пахаваны 533 воіны (40 – невядомых), якія загінулі ў 1943 г. у баях супраць намецка-фашысцкіх захопнікаў. Сярод пахаваных – воіны 18-га стралковага корпуса 65-й арміі і 3 партызаны. У 1958 г. на магіле пастаўлены помнік – скульптура воіна.

Брацкая магіла в.Вялікі Бор. У брацкай магіле, якая размешчана перад уездам у вёску з боку г.Светлагорска, пахаваны 2195 воінаў 65-й і 48-й армій (590 – невядомых), якія загінулі ў 1943-44 гг. у баях супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У 1958 г. на магіле ўсталяваны помнік – скульптура воіна.

Брацкая магіла аг. Давыдаўка. Тут пахаваны 1004 воіны (48 – невядомых) 65-й арміі, якія загінулі ў 1943-1944гг. у баях супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у раёне вёсак Давыдаўка, Вялікая і Малая Людзвінаўка, Прасвет, Загор’е, Карані, Горкі. У 1976г. на магіле пастаўлены помнік – скульптура воіна. У 2005 годзе пасля рэканструкцыі ўсталяваны помнік у выглядзе жалезабетоннай пліты з сілумінавым барэльефам.

Брацкая магіла аг.Дуброва. Зараз у цэнтры вёскі, каля клуба, пахаваны 2145 воінаў (11 – невядомых), якія загінулі ў 1941-44 гг. у баях супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў на тэрыторыі раёна. Сярод пахаваных – Героі Савецкага Саюза Мартын Цеплякоў, Сярго Чыгладзэ, Дзмітрый Рэдзькін. У 1958 г. на брацкай магіле пастаўлены помнік – скульптура воіна.

Брацкая магіла в.Карані. У брацкай магіле пахаваны 1094 чалавека, воінаў і партызан, якія загінулі на тэрыторыі раёна ў баях супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у 1943-44г. Сярод пахаваных – Героі Савецкага Саюза Кірыл Камынін і Аляксей Яршоў. У 1967 г. на магіле пастаўлены помнік – скульптура воіна.

Брацкая магіла в.Коўчыцы-2. На паўночна-заходняй ускраіне вёскі пахаваны 12 воінаў 37-й гвардзейскай стралковай дывізіі і партызан атрада імя А.Пархоменкі, якія загінулі ў снежні 1943 г. у баях супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У 1967 г. на магіле пастаўлены помнік – скульптура воіна з аўтаматам і каскай у руках.

Брацкая магіла партызан, в.Коўчыцы-1 (грамадзянскія могілкі). Пахаваны 9 партызанаў, якіх расстралялі вясной 1942 г. нямецка-фашысцкія захопнікі. У 1967 г. на магіле пастаўлены абеліск.
Брацкая магіла в.Мармавічы. Брацкае пахаванне знаходзіцца на паўночнай ускраіне вёскі. Усяго пахавана 938 воінаў і партызан, якія загінулі ў баях супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у 1943-44 гг. У 1967 г. на магіле ўсталяваны абеліск.

Брацкая магіла аг.Палессе. У цэнтры вёскі, каля дарогі Парычы-Калінкавічы пахаваны 2145 чалавека (26 – невядомых). Гэта воіны 48-й і 65-й амій, якія загінулі ў баях у лістападзе 1943 г.-чэрвені 1944 г. ў раёне вёсак Віша, Уюнішчы, Мехаўшчына, Мыслаў Рог, Палессе, былога пасёлка Падбярэззе Палесскага с/с, Карпавічы Асташкавіцкага с/с, воіны 28-й і 16-й паветраных армій, якія загінулі ў чэрвені 1944 года ў час аперацыі «Баграціён» пры прарыве фашысцкай абароны на захад і на поўнач ад вёскі Уюнішчы і каля вёсак Гарохавічы, Мыслаў Рог, салдаты і афіцэры партызаны, якія загінулі ў 1943-44 гг. у баях супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У 1957 г. на магіле пастаўлены помнік – скульптура воіна з аўтаматам і каскай у руках.

Брацкая магіла г.п.Парычы. Помнік знаходзіцца ў скверы насупраць ДК. На пастаменце размешчана гіпсабетонная скульптура воіна, які схіліўся на адно калена. Колькасць пахаваных – 1999 чалавек. У 1964г. адбылося перазахаванне, на магіле пастаўлены помнік – скульптура воіна з вянком. Пахаваны 

1992 воіна і 7 партызанаў, якія загінулі ў 1941-44 гг. у баях за вызваленне тэрыторыі раёна. Сярод пахаваных – Герой Савецкага Саюза Ніканор Лявухін.

Брацкая магіла аг.Печышчы. У цэнтры вёскі каля клуба пахаваны 1385 воінаў, якія загінулі ў 1943-44 гг. у баях супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У 1958 г. адбылося перазахаванне з аздіночных пахаванняў, на брацкай магіле пастаўлены помнік – скульптура воіна. У 1988 годзе праведзена рэканструкцыя, усталяваны новы помнік – «Смуткуючая маці».

Брацкая магіла в.Расава. На паўднёвай ускраіне вёскі пахаваны 578 воінаў, якія загінулі ў 1943-44 гг. у баях супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У 1967 г. на магіле пастаўлены абеліск. У 2004 годзе пасля рэканструкцыі ўсталявана стэла з барэльефам воіна, пліты з імёнамі ўсіх загінуўшых.

Брацкая магіла р.п.Сасновы Бор. Сам пасёлак узнік у 1954 годзе, недалёка ад в.Вузнаж, таму пры апісанні баявых дзеянняў называецца толькі апошняя. Зараз у цэнтры пасёлка каля клуба ў брацкай магіле пахаваны 187 воінаў і партызан, якія загінулі ў 1943-44 гг. у баях супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У 1958 г. на магіле пастаўлены помнік – скульптура воіна з аўтаматам і каскай у руках. 
Брацкая магіла в.Славань. На могілках пахаваны 184 воіна (83 салдата і 1 партызан – невядомыя), якія загінулі ў баях супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у 1941 і 1943 гг. У 1970 г. на брацкай магіле пастаўлены абеліск.

Брацкая магіла аг. Чыркавічы. На паўднёвай ускраіне вёскі, каля дарогі Парычы-Светлагорск, пахаваны 3330 савецкіх воінаў 48-й і 65-й армій і партызанаў, якія загінулі ў 1943-44 гг. пры вызваленні раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У 1958г. на магіле пастаўлены помнік – скульптура воіна з вянком і каскай у руках.

Брацкая магіла в.Чэрнін. У цэнтры вёскі пахаваны 1367 воінаў (15 – невядомых) і партызан, якія загінулі ў баях супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў пры вызваленні раёна і вёскі. Сярод пахаваных – Герой Савецкага Саюза Сяргей Краснапёраў.

Брацкая магіла в.Язвін. Тут на грамадзянскіх могілках пахаваны 1493 воіны, якія загінулі ў баях супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў на тэрыторыі сельсавета.

Брацкая магіла д. Якімава Слабада. У ёй пахаваны 282 савецкія салдаты, якія гераічна змагаліся за Радзіму. Пахаванне размешчана ў цэнтры вёскі. На брацкай магіле ўзведзены манумент салдата, які прыхіліў калена і схіліў галаву з каскай у руках. Год узвядзення: 1963.

Брацкая магіла ў в.Ала. Помнік размешчаны на тэрыторыі былой вёскі Ала. Уяўляе сабой пастамент, на якім знаходзіцца гіпсабетонная скульптура воіна, які схіліўся на адно калена. Агульная колькасць пахаваных – 2255 чалавек. У асноўным гэта мірныя жыхары, бежанцы з навакольных вёсак (Чыркавічы, Здудзічы, Ракшын, Рудня, Іскра, Какаль (зараз Светач), Плесавічы, Караткевічы, Мормаль), закатаваныя нямецка-фашысцкімі захопнікамі (імёны 302-х устаноўлены, 933 – невядомыя), і савецкія воіны, якія загінулі пры вызваленні раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў (710 – вядомыя, 310 – невядомыя). У 1958 г. на магіле пастаўлены помнік – скульптура воіна з вянком. Яна цяпер уваходзіць у склад мемарыяльнага комплексу «Ала», пабудаванага ў 2020 г.

Страшна ўявіць сабе…

Так, жах генацыду не мінуў наш край. Вось яшчэ жудасныя лічбы…
  • Магіла ахвяр фашызму аг.Давыдаўка (0,5 км на паўночны захад ад вёскі). У магіле – 129 мірных жыхароў – жанчын, старых людзей, дзяцей, якіх растралялі нямецка-фашысцкія захопнікі. У 1967 г. на магіле пастаўлены абеліск у выглядзе чатырохграннай прызмы. У 2005 г. ўсталяваны абеліск з барэльефнай выявай твару жанчыны.
  • Магілы ахвяр фашызму в.Коўчыцы-2 і Высокі Полк: 318 чалавек і 1700 мірных жыхароў (852 – невядомыя) суадносна пахаваны ў брацкіх магілах.
  • Магілы ахвяр фашызму в.Крукі, Малімоны і Печышчы – 40, 120, 120 чалавек суадносна загінулі ад рук нямецкіх катаў. Са 120-ці чалавек у Печышчах – 23 невядомыя.
  • Магіла ахвяр фашызму в.Уюнішчы. 20 невядомых мірных грамадзян пахаваны тут.
  • Магіла ахвяр фашызму аг.Хутар. У брацкай магіле пахаваны 99 жыхароў вёскі, закатаваныя нямецка-фашысцкімі захопнікамі (5 – невядомыя), 12 чалавек з іх спалены жывымі ўлетку 1943 г. У 1953 г. пастаўлены помнік.
  • Магіла ахвяр фашызму в.Чкалава. У цэнтры вёскі пахаваны 24 жыхары.
  • Магілы ахвяр фашызму в.Раковічы, Стракавічы, г.Светлагорск. У Раковічах загінулі 6 жыхароў, у Стракавічах – 7. У Светлагорску таксама ёсць захаванні мірных грамадзян: у некалькіх брацкіх магілах пахаваны 34 і 351 чалавек.
Акрамя таго ёсць у вёсках раёна і адзіночныя або з малой колькасцю салдат захаванні. Але лічбы – гэта не паказчык: кожны помнік, кожная – вялікая ці малая – магіла даглядаюцца, да іх прыходзяць і ў святы, і ў будні, каб аддаць даніну павагі і ўдзячнасці за жыццё пад мірным небам роднай Беларусі.

 
Предыдущая новость
Прерванный транзит