НАШИ ПРОЕКТЫ

Полымя памяці

ПРЕСС-ЦЕНТР

Полымя памяці
22 сентября 2025
185
Гомель, адзін з найбуйнейшых гарадоў Беларусі, славіцца сваёй багатай гістарычнай спадчынай. У ім размешчана мноства помнікаў, і значная частка з іх прысвечана Вялікай Айчыннай вайне. Гэта нядзіўна, бо горад быў сур'ёзна разбураны падчас вайны і перажыў цяжкія часы акупацыі.

Месца прыцягнення

У Гомелі на плошчы Працы знаходзіцца галоўны мемарыяльны комплекс горада, Вечны агонь быў запалены тут у 1950 годзе. Гэты мемарыял уяўляе сабой кампазіцыю, якая спалучае архітэктурныя і сімвалічныя элементы. Цэнтральнай часткай з'яўляецца чаша з вечным агнём, вакол якой размяшчаюцца пліты з імёнамі загінуўшых салдат.

Папярэдніцай Вечнага агню стала брацкая магіла, якіх у вызваленым восенню 1943-га абласным цэнтры было нямала. Па словах спецыялістаў, сёння немагчыма высветліць, калі і каго пахавалі першым. Сістэмнага ўліку ніхто не вёў, адбору па рангах таксама не было. У гэтым месцы пахаваныя вайскоўцы розных падраздзяленняў, ад радавога да генерала, ад невядомага салдата да Герояў Савецкага Саюза. Хтосьці мог загінуць ва ўжо вызваленым Гомелі, паколькі горад яшчэ не аднойчы бамбіўся з паветра.


Тут жа перапахавалі пакараных гітлераўцамі чацвярых гомельскіх падпольшчыкаў. Падчас акупацыі яны правялі шэраг дыверсій: узарвалі тэлеграфны трансфарматар і эшалон, знішчыўшы пры гэтым 
11 вагонаў з аўтатэхнікай, вывелі са строю станкі ў паравозным дэпо. У верасні 1943-га Івана Жалязнякова, Пятра Сцепанцова, Васіля Сямёнаўскага і Зінаіду Баравікову схапіла гестапа. Спачатку катавалі, потым расстралялі ў гарадской турме. Да вызвалення Гомеля заставалася крыху больш за 2 месяцы…

Вядомыя і невядомыя

У брацкай магіле пахаваныя 30 чалавек. Біяграфіі некаторых апісаны ў дэталях, пра іншых ёсць толькі запісы на мармуровых плітах – імя, прозвішча, званне, год гібелі.
Генерал-маёр авіяцыі Іван Антошкін стаў Героем Савецкага Саюза яшчэ ў 1940 годзе. Вопытны лётчык прайшоў баі на Халхін-Голе і савецка-фінскую вайну. У адным з вылетаў яго самалёт атрымаў 112 прабоін. Саджаў яго з адным працуючым маторам і зламаным шасі. Тады майстэрства Антошкіна выратавала жыццё ўсяму экіпажу. Загінуў лётчык у маі 1944-га – яго самалёт разбіўся пад Жлобінам.
Герой Савецкага Саюза Аляксандр Ісачанка быў падпольшчыкам. Па ўспамінах баявых таварышаў – адчайна адважны, прыроджаны дыверсант-разведчык. Хлопец з сялянскай сям'і, але дзейнічаў так, быццам прайшоў падрыхтоўку ў спецназе. Пад яго кіраўніцтвам падрыўнікі пусцілі пад адхон амаль 60 эшалонаў ворага, знішчыўшы 87 танкаў, дзясяткі іншай тэхнікі і вялікую колькасць жывой сілы ворага. Загінуў Ісачанка ў кастрычніку 1942-га, калі рыхтаваў выбуховыя прылады для новых аперацый.

У 1951-м у мемарыяльным комплексе пахавалі яшчэ аднаго чалавека. Відавочна – у парадку выключэння, абумоўленага маштабам асобы Героя Савецкага Саюза Емяльяна Барыкіна. Для Гомеля – чалавек-глыба. У вайну ён быў адным з камандзіраў партызанскага злучэння, а затым старшынёй гаркама партыі – фактычна першы пасляваенны кіраўнік абласнога цэнтра. Імем Барыкіна названа адна з самых працяглых вуліц Гомеля, а на фасадзе дома №94 намаляваны мурал з яго партрэтам. У вочы кідаецца акладзістая да грудзей барада героя. Кажуць, што ў пачатку вайны Емяльян Ігнатавіч даў зарок не галіцца, пакуль не будуць выгнаныя акупанты. На пасляваенных фота легендарны партызан ужо без барады.

Гомель быў першым?
Асобная гісторыя – калі з'явіўся Вечны агонь. У энцыклапедычным даведніку «Гомель» выдавецтва «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» сказана: год запальвання агню на плошчы Працы – 1950-ы. Аднак афіцыйна лічыцца, што першы ў СССР Вечны агонь запалілі ў 1957-м на Марсавым полі ў Ленінградзе. Выходзіць, Гомель быў першым? Зрэшты, не будзем спяшацца з высновамі. Асабліва з улікам таго, што цэнтралізаваная газіфікацыя абласнога цэнтра пачалася толькі ў 1961-м і ў гонар гэтай грандыёзнай падзеі на некалькі дзён быў запалены факел – літаральна за паўтары сотні метраў ад плошчы Працы. Гэта, зрэшты, не кажа пра тое, што Вечнага агню на мемарыяле ў 1950-м не было, мяркуюць гісторыкі. Яго маглі ўсталяваць, але запальваць толькі ў значныя даты. Пры гэтым агонь гарэў за кошт пераносных газавых балонаў або працаваў на вадкім паліве.


На карысць такой версіі кажа яшчэ адна акалічнасць. Першая рэканструкцыя мемарыяла адбылася ў 1965-м. Магчыма, яна была звязана з падвядзеннем да яго газаправода – прылеглыя да плошчы Працы вуліцы да таго моманту былі газіфікаваныя.

У савецкі час мемарыял рэканструяваўся двойчы – у 1965 і 1983 гадах. А ў канцы 1990-х прайшоў слых, што агонь будуць запальваць толькі ў знакавыя святы – аплата за кругласутачна спажываны газ была для горада сур'ёзным артыкулам выдаткаў. Аднак на справе да такіх абмежаванняў не дайшло.

У пачатку нулявых здарыўся іншы інцыдэнт: невядомыя выкралі прамяні зоркі, у цэнтры якой гарыць полымя. Палітычных матываў за гэтым не стаяла – бытавы крымінал, звязаны з паляваннем за каляровымі металамі. Неўзабаве прамяні вярнулі, замацаваўшы надзейней ранейшага. Сёння мемарыяльны комплекс – пад кругласутачным відэаназіраннем.
У 2016-м падчас яго рэканструкцыі былі дададзены два новыя элементы – у памяць пра ваенных лётчыкаў і маракоў: на адной з мармуровых пліт намаляваны прапелер з крыламі, на другой – карабельны якар.

Мемарыялы з вечным агнём сярод мноства помнікаў займаюць асаблівае месца. Гэты сімвал нязгаснай памяці прысвечаны героям, якія аддалі свае жыцці за Ра-дзіму. Вечны агонь гарыць кругласутачна, без перапынкаў, нагадваючы пра тое, што памяць аб загінуўшых павінна быць жывой і бесперапыннай. Наведваючы такія месцы, мы не толькі аддаём даніну павагі героям, але і ўмацоўваем сувязь з гісторыяй, што дапамагае нам будаваць лепшую будучыню.
 
Предыдущая новость
Не своим голосом
следующая новость
В единстве наша сила