У розных кутках Беларусі, якая страціла ў 1941-1945 гадах кожнага трэцяга жыхара, створаны сімвалічныя мемарыяльныя комплексы, устаноўлены манументы, прысвечаныя падзеям самай трагічнай і кровапралітнай вайны на гэтай шматпакутнай зямлі. У Беларусі каля 8 тыс. помнікаў Вялікай Айчыннай вайны. З іх: 3,5 тыс. – загінуўшым воінам, больш за 2,2 тыс. – партызанам і падпольшчыкам, каля 1,4 тыс. – ахвярам генацыду.
З больш чым 1,2 тыс. помнікаў Гомельскай вобласці: 515 брацкіх магіл, 89 воінскіх пахаванняў, 76 мемарыяльных комплексаў, 85 абеліскаў, 214 помнікаў, 33 стэлы. Яны ўваходзяць у ваенна-гістарычныя маршруты і экскурсіі, але галоўнае – з›яўляюцца святым месцам шанавання загінуўшых,
вечным напамінам пра тое, як неацэнны мір.
Ушанаванне памяці герояў і ахвяр мінулай вайны працягваецца ў нашы дні. У праекце «Абеліскі параненай зямлі» мы раскажам пра некаторыя з іх.