«19 сакавіка 1944 года надыходзячыя часткі Чырвонай Арміі ў раёне мястэчка Азарычы Палескай вобласці, Беларускай ССР, выявілі на пярэднім краі нямецкай абароны тры канцэнтрацыйныя лагеры, у якіх знаходзілася звыш 33 тысяч дзяцей, непрацаздольных жанчын і старых», — так пачынаецца паведамленне надзвычайнай Дзяржаўнай камісіі па ўсталяванні і расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў аб месцы непадалёку ад сучасных Азарыч Калінкавіцкага раёна Гомельскай вобласці. Гэта паведамленне было апублікавана ў №106 газеты «Сталінскі ўдар» ад 6 мая 1944 года.
У гэтых канцэнтрацыйных лагерах – каля мястэчка Дзерць, недалёка ад вёскі Падасіннік і непасрэдна ля Азарычаў – знаходзілася звыш 33 тысяч дзяцей, непрацаздольных жанчын і старых з Гомельскай, Магілёўскай абласцей Беларусі, Смаленскай, Бранскай і Арлоўскай абласцей Расіі. Людзей зганялі туды пад выглядам эвакуацыі з аператыўнай зоны. Лагеры ў ваколіцах Азарычаў патрэбныя былі для заражэння тыфам як саміх вязняў, так і перадавых частак Савецкай Арміі, якія прыйдуць ім на дапамогу. Выйграўшы час, немцы збіраліся адысці і ўладкаваць ўмацаваныя раёны.
Па дарозе ў лагер расстрэльвалі ўсіх, хто не мог рухацца. Асабліва жанчын, калі яны неслі дзяцей і хацелі спыніцца на абочыне для адпачынку. Па тых жа дарогах ехалі танкі і ваенная тэхніка, і хто не паспеў сысці, тут жа апынаўся пад гусеніцамі. Кроў і трупы змешваліся з брудам. Для ўзмацнення інфекцыі ў лагеры было дастаўлена 7 тысяч хворых сыпным тыфам. Гісторыя гэтых лагераў – адно з самых гнюсных злачынстваў фашысцкіх захопнікаў, учыненых у гады вайны на беларускай зямлі. Пабудоў, нават лёгкага тыпу, дзе можна было схавацца, на тэрыторыі лагера не было. Людзі кругласутачна знаходзіліся пад адкрытым небам на голай зямлі. Пры гэтым тэмпература была ад 0 да -15 градусаў. Жанчыны, каб хоць неяк сагрэць дзяцей, збіралі іх у групкі па 15-20 чалавек і хавалі лахманамі. У лагеры не было меддапамогі, туалетаў і водазабеспячэння. Бруд, адтайваючы, сцякаў у багністыя часткі лагера, адтуль вязні вымушаныя былі браць ваду, каб здаволіць смагу.
Толькі за тыдзень у Азарыцкім канцлагеры, калі ўлічваць усе тры лагеры, ад голаду, холаду, хвароб і катаванняў загінула каля 20 тысяч чалавек. Лагер праіснаваў 10 дзён. Для тысяч вязняў яны сталі вечнасцю. Сярэдняя працягласць жыцця людзей там складала трое сутак. 19 сакавіка 1944 года з лагера вызвалілі больш за 30 тыс. чалавек, прыкладна палова з іх – дзеці.
Нават пасля вызвалення лагер смерці не адпускаў сваіх вязняў. Нягледзячы на добрае харчаванне, медыцынскую дапамогу, кожную ноч памірала 4-5 дзяцей. З 33 480 вызваленых з лагера 15 960 – дзеці да 13 гадоў, з іх 517 — сіроты. Чаму там было так шмат дзяцей? Напрыклад, у перыяд дэпартацыі насельніцтва са Жлобінскай зоны і канваіравання вязняў з лагера вёскі Параслішча ў канцлагер Азарычы нямецкія салдаты адбіралі ў маці малых і запіхвалі іх у вагоны, машыны, а жанчын адпраўлялі ў працоўныя лагеры.
Па факце асноўныя часткі Чырвонай Арміі абышлі гэтае месца, але эпідэмія закранула 19-ы корпус 65-й арміі, які вызваляў людзей, і неўзабаве яго адвялі з фронту на каранцін. Спатрэбіліся велізарныя намаганні медыкаў, каб лакалізаваць тыф, не даць яму распаўсюдзіцца. Нягледзячы на прынятыя меры, 8% салдат, якія ўступілі ў кантакт, перахварэлі сыпным тыфам, каля 100 памерлі. Іх пахавалі на тэрыторыі шпіталяў.
У 1965-м годзе за 2 км ад пасёлка Азарычы, дзе траса Р-34 пераходзіць у Кастрычніцкую вуліцу, быў усталяваны помнік ахвярам лагераў смерці Калінкавіцкага раёна.
Сучасны мемарыял размяшчаецца на тым месцы, дзе дзейнічала Азарыцкае аддзяленне. Комплекс уяўляе сабой шэраг мемарыяльных збудаванняў, размешчаных у лесе. Цэнтральны манумент комплексу ўсталяваны на п’едэстале пасярод пляцоўкі, выбрукаванай тратуарнай пліткай. Тры белыя абеліскі ўзвышаюцца на палянцы, дзе калісьці гінулі людзі. На кожнай са стэл створаны барэльефныя выявы жанчын, старых і дзяцей.
Трохі воддаль стаяць стылізаваныя кулямётныя вышкі і вароты з калючым дротам, а ўваход на тэрыторыю комплексу з боку трасы заступае сімвалічны плот з двюма мемарыяльнымі плітамі па баках. На шырокай левай стэле рэльефнымі літарамі напісана: «Тут у фашысцкім лагеры смерці у сакавіку 1944 года загінулі ад холаду, голаду і хвароб, расстраляныя і закатаваныя больш за 9 тысяч мірных жыхароў». На правай стэле напісана: «Людзі, памятайце нас».
Велізарнае ўражанне на наведвальнікаў комплексу аказваюць вароты і нямецкі калючы дрот там, дзе яны і былі ў сапраўдным лагеры смерці. Заходзячы за гэтыя вароты, людзі павінны былі кінуць цёплую вопратку і ежу ў агонь. І стаяць па шчыкалатку ці нават па калена ў вадзе. У 2022 годзе комплекс дапоўнілі 8 чорных, падобных на цені фігур, якія сімвалізуюць ахвяр лагера смерці. Увасабленнем смутку, пакуты, болю і слёз беларускага і рускага народаў назваў у свой час класік Якуб Колас канцлагер Азарычы…
Пакуль мы памятаем – мы жывем. Сёння ў Азарычы прыязджаюць сотні людзей розных пакаленняў, нацыянальнасцяў, веравызнання са многіх рэгіёнаў Беларусі, блізкага замежжа, прадстаўнікі грамадскіх і маладзёжных аб’яднанняў, устаноў адукацыі, прамысловых прадпрыемстваў, органаў дзяржаўнай улады, дыпламатычных місій далёкага замежжа, унукі, праўнукі сведкаў тых падзей.
Яны едуць даведацца, што адбылося тут у сакавіку 1944 года, ушанаваць памяць вязняў, пакланіцца ўсім, хто выжыў, выстаяў, не скарыўся карычневай чуме нацызму. Іх клічуць сюды памяць і абавязак перад загінулымі. Неабходнасць даведацца самім і расказаць іншым, што давялося тут перажыць вязням, воінам-вызваліцелям, яшчэ раз пераканацца, якой вялікай цаной было дасягнута вызваленне і выратаванне вязняў, і зразумець, што нам ёсць што берагчы і што адстойваць. Факты генацыду павінны дапамагчы маладому пакаленню зразумець, што лад ў грамадстве можа быць дасягнуты толькі тады, калі сапраўднае зло будзе названа злом. Гэта нельга забыць, бо, захоўваючы памяць аб мінулым, мы закладваем трывалую аснову нашай сувязі з будучымі пакаленнямі, выхоўваем маладых людзей на прыкладзе іх прадзедаў і дзядоў у духу сапраўднага патрыятызму і павагі да Айчыны. Дзеля памяці загінуўшых, дзеля павагі да тых, хто застаўся ў жывых, мы павінны ўсвядоміць і засвоіць урокі вайны. І галоўны з іх – не можа быць прабачэння тым, хто прапаведаваў і ажыццяўляў у жыццё палітыку генацыду, здзекаваўся над жанчынамі, старымі, дзецьмі, забіваў або выракаў на смерць, як гэта было ў Азарычах. І не толькі…