Наша багацце – гэта нашы жанчыны. Сёння гаворка пойдзе пра не зусім звычайнае «месца» для іх – пра палітыку. Тым не менш, высвятляецца, што беларускі і тут маюць рацыю.
Маці каралёў
Ёсць у беларускім мінулым жанчына-каралева, якая адыграла не апошнюю ролю ў гісторыі не толькі Польскай Кароны і Вялікага Княства Літоўскага, але і гісторыі Еўропы, бо лічыцца заснавальніцай дынастыі Ягелонаў. Гэтай жанчынай была беларуская князёўна Соф'я Гальшанская (1405 - 1461).
Каралева вызначалася талерантнасцю, мудрасцю і адыграла значную ролю ў палітычным жыцці дзяржавы, а ў часы Сярэднявечча гэта было зусім няпроста! У 17 гадоў Соф’я Гальшанская стала чацвёртай жонкай польскага караля Ягайлы – на той час яму было больш за 70 гадоў.
У шлюбе яна нарадзіла трох сыноў. Па сутнасці, сам шлюб маладой Соф’і ўжо стаў палітычным крокам: яна пайшла на яго, каб уратаваць краіну ад крыжакоў.
Цяпер імя дынастыі носіць Ягелонскі ўніверсітэт у Кракаве. Каралева аказвала істотную фінансавую падтрымку Кракаўскай акадэміі і была адзіным апекуном гэтай навучальнай установы. Кажуць, Соф’ю не любілі ў Кракаве, бо яна выхоўвала сыноў у павазе да сваёй гістарычнай радзімы – ВКЛ.
Яе лёс не быў шчаслівым – асяроддзе лічыла яе выскачкай, пажылы муж ёй не давяраў і быў раўнівы, а затым і зусім пакінуў яе ўдавой... Соф'я дабілася свайго ў адным – яна стала маці каралевічаў, якіх палякі прызналі спадчыннікамі польскай кароны. Але і тут усё было не так гладка: немаўлём памёр другі сын Казімір, загінуў у 20-гадовым узросце ў 1444 г. у бітве з туркамі пад Варнай першынец Уладзіслаў, якога абралі польскім і вугорскім каралём. Аднак Соф'я не супакоілася: не без яе ўдзелу малодшага сына Андрэя Казіміра выбралі польскім каралём, як раней вялікім князем літоўскім і рускім, каму апякуннічалі князі Гальшанскія. Уплыў Соф'і адчуваецца ў рашэннях Казіміра на карысць Літвы. Напрыклад, насуперак
патрабаванням палякаў ён не далучыў да Польшчы Ўсходнюю Валынь.
Каралева не забывала радзіму і, як магла, ёй дапамагала. У 1428 г. ў Вільні яна ўгаварыла Вітаўта прыняць карону і парваць унію з Польшчай. Падтрымлівала і Свідрыгайлу ў яго імкненні захаваць суверэнітэт Вялікага княства.
Соф'я дачакалася ўнукаў ад шлюбу Андрэя Казіміра і Лізаветы Габсбург, чацвёртага ўнука яна назвала Аляксандрам, хросным імем свайго дабрадзея Вітаўта…
Руплівая Мурашка
Паўстанка, настаўніца, паэтка – у міжваенны час Вера Маслоўская (1896 - 1981) працавала на карысць незалежнай Беларусі і марыла аб’яднаць беларускія землі.
27-гадовая Вера Маслоўская была ключавой фігуранткай гучнага «Працэсу 45-ці» – палітычнага працэсу над беларускімі дзеячамі ў Польскай Рэспубліцы. Іх абвінавачвалі ва ўдзеле ў нелегальнай беларускай арганізацыі і падрыхтоўцы ўзброенага паўстання і імкненні адарваць землі, населеныя беларусамі, ад Польшчы.
Апроч гэтага, Вера стала адной з пачынальніц беларускага школьніцтва на Беласточчыне – цяпер яе называюць жанчынай, якая дала беларусам школу на роднай мове. Сама яна завочна закончыла Свіслацкую настаўніцкую семінарыю, вучыўшыся па начах. Потым на працягу жыцця настаўнічала ў шматлікіх адукацыйных установах.
Яе палітычная дзейнасць пачалася з 1919 г., калі Вера ўступіла ў Беларускую партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў і выступала супраць польскага рэжыму, адстойваючы беларускую нацыянальную ідэю. Яна адзіная сярод жанчын ёсць на фотаздымку ўдзельнікаў Усебеларускай канферэнцыі ў Празе ўвосень 1921 г. На сходзе яна прапанавала рэзалюцыю аб неабходнасці барацьбы за аб’яднанне ўсіх беларускіх земляў. Праз 2 гады яе арыштавалі і пасадзілі ў беластоцкую турму. Падчас «Працэсу 45-ці» яна размаўляла на беларускай мове і падкрэслівала, што хацела злучыць усе часткі падзеленай Беларусі ў адно цэлае, але вінаватай сябе не прызнала. Яе асудзілі на 6 гадоў турэмнага зняволення.
Пасля вызвалення яна не магла працаваць настаўніцай, аднак пры савецкай уладзе вярнулася да гэтага. У родных Агароднічках яна стварыла беларускую няпоўную сярэднюю школу, якая працавала нават падчас нямецкай акупацыі. Была загадчыцай гарадской бібліятэкі, працавала ў Лізе жанчын і была дэпутаткай беластоцкай Павятовай народнай рады. Пакінула пасля сябе вершы, якія пісала пад псеўданімамі «Мурашка», «Беларуская Мурашка».
Ікона рэвалюцыйнага стылю
Гэтая жанчына магла стаць вядомай піяністкай, але правяла шмат гадоў у ссылцы. Музыка, асветніца, рэвалюцыянерка, якая закупляла зброю для Кастуся Каліноўскага, – усё гэта пра Камілу Марцінкевіч (1834 - 1887).
Яна была дачкой вядомага пісьменніка Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і ўжо з дзяцінства мела талент піяністкі. З 8-мі гадоў выступала з канцэртамі па ўсёй Еўропе, аднак музычнае развіццё спыніў недахоп грошай. Пасля гэтага Каміла грала ў бацькавых пастаноўках і выкладала музыку.
Усё сваё жыццё яна накіравала на рэвалюцыйную дзейнасць. Пасля расстрэлу царскімі войскамі ў Варшаве мірнай маніфестацыі ў 1861-ым годзе ў Мінску пачаўся вялікі антыцарскі супраціў – Каміла Марцінкевіч стала адной з ключавых яго ўдзельнікаў. Яна спявала гімны ў касцёлах і грамадскіх месцах – аднойчы заспявала забаронены рэвалюцыйны гімн у Мінскім кафедральным касцёле. Хутка ўлады забаранілі такія спевы, яна знаходзіла ўсё новыя і новыя метады супраціўлення царскай уладзе. Яе арыштавалі і змясцілі ў лякарню для вар’ятаў, але хутка адпусцілі і забаранілі прыязджаць у Мінск без дазволу.
Жанчына не здавалася і пасля гэтага арганізавала ў мястэчку Гарадок пад Маладзечна школу для бедных дзяцей. У 1863 г. яе зноў арыштавалі за фотаздымак паўстанцаў, на якім яна была адзінай жанчынай. Вядома, што ў яе доме збіраліся паўстанцы, яна раскідвала лістоўкі і здабывала зброю. Каб арыштаваць яе, у Гарадок адправілі 50 паліцыянтаў.
У гэты раз Каміла сядзела ў Пішчалаўскім замку – месцы, якое пазней стане вядомым як следчы ізалятар №1 або «Валадарка». Са сваёй камеры яна кінула кветкі пад ногі паўстанцу Жмачынскаму, якога вялі на шыбеніцу. Пасля гэтага ўчынку ўлады не вытрымалі: 29-гадовую Камілу Марцінкевіч адправілі ў ссылку ў сібірскі Салікамск на 25 гадоў. На радзіму яна вярнулася хворай толькі праз 20 гадоў.
Самастойная адзінка
Палута Бадунова (Пелагея-Паліна Аляксандраўна Бадунова) (1885 - 1938) – беларускі педагог, публіцыст і грамадскі дзеяч пачатку XX стагоддзя. Яе жыццё звязана з ідэямі культурнага самавызначэння, сацыяльнай справядлівасці і пашырэння ўдзелу жанчын у грамадскім жыцці.
Нарадзілася ў Новай Беліцы пад Гомелем. Бацька працаваў на чыгунцы, сям'я жыла небагата. Спачатку Бадунова скончыла 2-класную вучэльню ў Буйнічах пад Магілёвам, затым здала экзамены на званне хатняй настаўніцы рускай мовы і геаграфіі. Ужо ў 1905 г. пачала працаваць у школах Гомельскага павета.
Праца настаўніцай стала для яе першым крокам у вялікую грамадскую дзейнасць. Яна падтрымлівала развіццё адукацыі, культуры і роднай мовы, удзельнічала ў стварэнні школ і прытулкаў, дапамагала сем'ям, якія жывуць у нястачы. Пазней яна стала адной з арганізатараў жаночых і дабрачынных ініцыятываў.
Да 1917 г. Палута ўжо была вядомай грамадскай дзеячкай. У перыяд складанага гістарычнага станаўлення беларускай дзяржаўнасці Бадунова ўваходзіла ў кіраўніцтва Беларускай сацыялістычнай грамады, пазней стала адной з заснавальніц Беларускай партыі сацыялістаў рэвалюцыянераў і сакратаром яе Цэнтральнага камітэта. У сваёй дзейнасці яна спалучала ідэі культурнага і палітычнага самавызначэння з верай у сацыяльную справядлівасць. Для Палуты былі важныя не толькі лозунгі, але і рэальныя інтарэсы працоўных, сялян, жанчын і дзяцей. Па сутнасці, яна працавала ў сферы, якую сёння можна назваць сацыяльнай палітыкай.
Сучаснікі адзначалі яе цвёрдасць і ўнутраную годнасць. У звычайных зносінах Палута магла быць спакойнай і мяккай, аднак у прынцыповых пытаннях заставалася рашучай. Паходзячы з простай сям'і, яна асабліва востра рэагавала на несправядлівасць.
У артыкулах і выступах Бадунова абараняла ідэю глыбокіх грамадскіх змен. Гаварыла пра важнасць беларускай культуры і мовы, правы працоўных і доступ да адукацыі. Палута лічыла, што палітычныя рэформы павінны спалучацца з сацыяльнай справядлівасцю. Яе асабістае жыццё было цесна звязана з грамадскай. Мужам Палуты стаў Томаш Грыб, актыўны дзеяч свайго часу. Іх аб'ядноўвалі агульныя погляды і праца. Пры гэтым сама Бадунова заставалася самастойнай фігурай.
Пасля ўмацавання савецкай улады Палута захоўвала крытычнае стаўленне да часткі праводзімай палітыкі, працягваючы адстойваць свае ідэалы сацыяльнай справядлівасці і асветы. І ў розныя гады Бадунову некалькі разоў арыштоўвалі: спачатку як актыўную ўдзельніцу палітычнага жыцця, пазней – як чалавека, звязанага з ранейшымі грамадскімі арганізацыямі і дзеячамі. Новая хваля рэпрэсій канца 1930-х гадоў стала для яе фатальнай. У 1937 г. Палуту зноў арыштавалі. Следства разглядала яе ранейшую грамадска-палітычную дзейнасць як удзел у падполлі. У канцы 1937 года Бадунову прыгаварылі да працяглага тэрміну ў папраўча-працоўных лагерах. Затым справу перагледзелі, а абвінавачанні ўзмацнілі жорсткасць. У 1938 г. ёй паставілі ўдзел у «аб'яднаным падполлі». На гэтай падставе вынеслі смяротны прысуд. 29 лістапада 1938 г. Палуту Бадунову расстралялі ў Мінску. Толькі праз паўстагоддзя, 21 чэрвеня 1989 г., яна была пасмяротна рэабілітаваная пастановай Прэзідыўма Вярхоўнай Рады СССР за адсутнасцю складу злачынства.
Сёння яе лёс разглядаецца як прыклад стойкасці, вернасці перакананням і грамадзянскай мужнасці. Яе дзейнасць шлях у выніку прывяла да фарміравання беларускай дзяржаўнасці і сучаснага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Маргарэт Тэтчар
У 1938-ым годзе старшынёй Вярхоўнага Савета БССР стала Надзея Грэкава (1910 - 2001), якой на той момант было 28 гадоў. Цяпер гэтая пасада аналагічная прэзідэнцкай – паводле Канстытуцыі, яна фактычна кіравала рэспублікай. Паралельна яна была сакратаркай Камуністычнай партыі тагачаснай Беларусі ў галіне прамысловасці. Надзея Рыгораўна кіравала БССР 9 гадоў, стаўшы адзінай жанчынай у палітычнай гісторыі СССР, якую абралі на такі высокі пост.
Здарылася гэта на ўсенародных выбарах у 1938 г. Яе кандыдатуру ўхваліў Сталін, параіўшы змяніць прозвішча «Грэк» на «Грэкава», каб усе бачылі, што ва ўладзе БССР знаходзіцца жанчына.
Яна пачынала як швачка ў Мінску, а пасля – кіравала краінай, у якой у тыя часы з нуля стваралася прамысловасць, фармавалася сістэма кіравання, нарошчваўся культурны патэнцыял. У гэтых умовах Надзея Грэкава развівала прамысловыя аб’екты, якія цяпер сталі візіткай Беларусі: Рагачоўскі камбінат, Добрушскую папяровую фабрыку, Аршанскі льнокамбінат.
Разам з тым гэта былі часы пастаянных рэпрэсій. Дачка Грэкавай згадвала, што ў кватэры заўсёды стаяла «трывожны» чамаданчык на выпадак арышту, а пасля працы яна часам не ішла дадому, а гуляла па Мінску да раніцы: лічылася, што быць арыштаванай удзень не так страшна. Яна дапамагала сваякам рэпрэсаваных, што пісалі ёй лісты з просьбамі, падпісваючы адрасата «Цёця Грэкава» ці проста «Мінск, Грэкава». У справах бязвінна схопленых ёй даводзілася пісаць асабіста да Берыі і Цанавы.
У 1941-м, калі горад занялі нацысты, яна вучылася ў Маскве. Пазней падчас працы ў Казані яна дапамагала беларускім партызанам і чатыры разы хадзіла за лінію фронту, каб падтрымаць людзей.
Пасля вайны яна выклікала здзіўленне тым, што так шмат увагі надавала адра-джэнню культуры і навукі. Жанчына ратавала каштоўныя кнігі, якія акупанты вывезлі з Мінска, кантралявала збор матэрыялаў пра злачынствы супраць чалавечнасці і апекавалася вызваленымі вязнямі з лагера смерці «Азарычы» ў сакавіку 1944-га года. Матэрыялы, якія яна сабрала пра злачынствы нацыстаў, потым выкарыстоўваліся падчас Нюрнбергскага працэсу.
У 1944 г. яна вярнулася ў Мінск узнаўляць народную гаспадарку, а пазней пераехала ў Маскву. Там праз яе пачалі ціснуць на мужа – галоўнага інспектара Савецкай арміі Малініна. Тады 42-гадовая жанчына зволілася і больш ніколі не вярнулася на чыноўніцкую пасаду. Яна выхоўвала дзяцей і працавала ў грамадскіх арганізацыях, якія займаліся пытаннямі жанчын і ветэранаў...
Як вы разумееце, гэта толькі невялікая частка беларусак, пра якіх мы расказалі на старонках газеты. На самой справе іх значна больш, і кожная заслугоўвае слоў падзякі за вялікую душу і жаданне зрабіць родную краіну лепшай.