2026 год абвешчаны Годам беларускай жанчыны. А май для беларусаў – месяц Перамогі і памяці пра тых, хто ўдзельнічаў у Вялікай Айчыннай вайне. Таму сённяшні выпуск – пра некаторых нашых суайчынніц, якія пакінулі яскравы след у гісторыі краіны, абараняючы яе ад ворага ў розныя часы.
«Гульні прастолаў» па-беларуску
Гісторыя, якая ўзнікла з-за гэтай неардынарнай жанчыны, вартая захапляльных раманаў у духу «Гульні прастолаў». Гісторыкі лічаць, што знакамітая княгіня Анастасія Слуцкая нарадзілася ў 1473 г. Больш дакладнай даты яе нараджэння вызначыць не ўдалося. Дзяўчынцы было каля 10 гадоў, калі памёр яе бацька, князь Іван Мсціслаўскі. У 90-х гадах XV стагоддзя Анастасію выдалі замуж за слуцкага і капыльскага князя Сямёна Слуцкага.
Галоўнай пагрозай тады былі набегі татараў. Князю неяк удавалася з імі спраўляцца, а аднойчы, калі Сямён быў у ад'ездзе, яго месца заняла Анастасія. Яна тады была цяжарная другім дзіцём, дачкой Аляксандрай. Тым не менш, апранула даспехі і вывела войска супраць татараў у поле. Непрыяцель быў адкінуты ад сцен горада. За Прыпяццю іх дагнаў князь Сямён, які прыбыў са сваімі атрадамі.
У 1503 г. Сямён памёр, і Анастасія ўзяла праўленне княствам у свае рукі. Татары працягвалі рабіць набегі, але пры Анастасіі Слуцк ні разу не быў захоплены ворагамі. Гісторыкі адзначаюць, што княгіня вырашыла ператварыць горад у цытадэль, значна перабудаваўшы ўмацаванні.
Да ўдавы тады сватаўся князь Міхал Глінскі, але быў адхілены.
Раззлаваны жаніх пайшоў штурмаваць Слуцк. Глінскі два разы абкладваў горад, і абодва разы безвынікова. Цвердзь не здавалася.
Праз нейкі час Анастасія перадала Слуцк свайму сыну Юрыю. У часы доўгіх адлучак сына маці зноў брала на сябе ролю мудрай і клапатлівай гаспадыні горада. Княгіня памерла ва ўзросце 55 гадоў.
Беларуская Жанна д’Арк
Эмілія Плятэр (1806 - 1831) са з’яўленнем на свет атрымала права называцца графіняй – нарадзілася Эмілія ў графскай сям'і, у Вільні. Калі ёй было 9 гадоў, бацькі развяліся і яна разам з мамай была вымушана пераехаць да далёкіх сваякоў у цяперашні Даўгаўпілс.

Эмілія збірала беларускі фальклор, запісвала народныя песні, вершы, вучыла танцы і выконвала іх сама. Народную музыку яна іграла на фартэпіяна, часам спрабавала пісаць вершы на беларускай мове. Апроч літаратуры і музыкі дзяўчынка захаплялася конным спортам і стральбой, а яе ідэалам былі жанчыны-ваяўніцы. Яна зачытвалася кнігамі Гётэ і Шылера, цікавілася подзвігамі Тадэвуша Касцюшкі і Юзэфа Панятоўскага. Таму не стала нечаканасцю, што Эмілія Плятэр выбрала сабе нялёгкі лёс рэвалюцыянеркі. Даведаўшыся аб паўстанні ў Варшаве, яна стала заклікаць сваякоў і знаёмых пачаць падрыхтоўку паўстання ў іх, у Літве і Беларусі. І няхай гэтыя планы не ажыццявіліся, у дзяўчыне разглядзелі сапраўднага лідэра. Мясцовыя дваране пасвяцілі Эмілію ў рыцары-Панны па ўсіх старадаўніх абрадах.
29 сакавіка 1831 г. Эмілія сабрала партызанскі атрад з 280 стралкоў, 60 вершнікаў і некалькіх соцень сялян, узброеных косамі, і павяла ў бой. У той час дзяўчыне было 24 гады.
Пасля яна нават паспела атрымаць званне капітана — на той момант гэта было самае высокае званне, якое магла атрымаць жанчына. Але неўзабаве Эмілія нечакана захварэла і памерла. Віной стала ператамленне, стомленасць, бессань, голад і іншыя нягоды, якія прынесла вайна.
Эмілія Плятэр смела кінула выклік стэрэатыпу аб тым, што толькі мужчыны могуць ваяваць. Няма сумневу, што яна заслугоўвае права называцца «беларускай Жаннай д’Арк».
Разам з баявымі таварышамі
Вера Харужая (1903 - 1942) нарадзілася ў Бабруйску ў 1903 г., пазней разам з сям'ёй пераехала ў Мазыр, дзе скончыла школу.
У 16 гадоў яна паспела папрацаваць парабкам у кулакоў, затым настаўнікам у сяле, а пасля пайшла добраахвотнікам на грамадзянскую вайну ў Чырвоную Армію. Яшчэ будучы падлеткам, яна захапілася рэвалюцыйнымі ідэямі.
Актыўная і смелая дзяўчына працавала сакратаром падпольнага ЦК камсамола і была членам ЦК КП Заходняй Беларусі, членам ЦК камсамола Польшчы.
У 21 год арыштавана падчас масавай «зачысткі» сябраў кампартыі і асуджаная да шасці гадоў
пазбаўлення волі, якія пазней былі павялічаныя да васьмі.
У 1932 г. ёй удалося вярнуцца ў Савецкі Саюз. Кніга «Лісты на волю», якую яна напісала ў турэмных засценках, атрымала высокія водгукі. За выдатныя заслугі ў рэвалюцыйным руху Вера Харужая была ўзнагароджана ордэнам Чырвонага Сцяга.
З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны і да дня гібелі ваявала ў партызанскім атрадзе. Яе група правяла мноства дыверсій на чыгунцы, заводах, збірала разведвальныя дадзеныя для камандавання савецкіх войскаў. Але гітлераўцам удалося схапіць яе разам з баявымі таварышамі. Праз месяц Вера Харужая была пакарана.
Без права на памылку
Разведчыкі не маюць права на славу, іх імёны і подзвігі становяцца вядомымі толькі пасля таго, як яны перастаюць выконваць сваю місію. Сярод іх ёсць некалькі жаночых імёнаў часоў Вялікай Айчыннай вайны.
Смеласць жанчын дазваляла праводзіць неверагодныя па складанасці аперацыі ў стане ворага. У тым ліку – ліквідаваць генеральнага камісара Беларусі Вільгельма Кубе. На гаўляйтэра, пры якім на тэрыторыі Беларусі дзейнічала 260 канцлагераў, палявалі 12 спецгруп НКУС, ГРУ і партызан, але ўсе замахі на яго жыццё заканчваліся няўдачай, таму за ім замацавалася мянушка «Шчасліўчык».
Летам 1943 г. падпольшчыца Надзея Траян атрымала заданне кіраўніка групы Івана Залатара стаць адным з рэзідэнтаў у Мінску. Задачай Траян быў пошук і вярбоўка патрыятычна настроеных грамадзян, якія мелі падыходы да нямецкай акупацыйнай адміністрацыі на чале з Кубе, з мэтай яго фізічнай ліквідацыі. Яна пачала шукаць і неўзабаве выйшла на Алену Мазанік – пакаёўку ў асабняку, здолела
пераканаць яе прыняць удзел у смяротна небяспечнай аперацыі. Канчатковы інструктаж Мазанік і перадачу ёй міны запаволенага дзеяння для забойства Кубе ажыццявіла падпольшчыца Марыя Осіпава.

Міну, якую даставіла Марыя Осіпава, Алена Мазанік загарнула ў насоўку. У рэзідэнцыі гаўляйтэра сказала, што гэта – падарунак жонцы Кубе, таму яе практычна і не абшуквалі. Дзейнічала Алена вельмі хутка: паклала міну пад матрац ворага, усталявала хімічны таймер і сышла, спаслаўшыся на зубны боль. Выбух прагрымеў 22 верасня 1943 г. ў 0.40. Гаўляйтар загінуў на месцы.
Надзею Траян, Марыю Осіпаву і Алену Мазанік спешна пераправілі самалётам у Маскву. Ужо там ім прысвоілі званне Героя Савецкага Саюза, а ў Германіі абвясцілі асабістымі ворагамі рэйха.
Пра гэтую гісторыю з часоў Вялікай Айчыннай вайны, нямецкай акупацыі Мінска было напісана нямала кніг, зняты кінафільм «Гадзіннік спыніўся апоўначы».
Пасля вайны жыццёвыя дарогі дзяўчат-гераінь разышліся. Надзея Траян скончыла Першы Маскоўскі медінстытут імя Сечанава, стала хірургам і жыла ў Маскве. Выйшла замуж за ваеннага журналіста Васілія Карацеева, паплечніка Канстанціна Сіманава, выхавала двух сыноў, стала кандыдатам медыцынскіх навук, была дырэктарам буйнога Навукова-даследчага інсытута. Зямля родная цягнула да сябе, і яна амаль штогод наведвала Беларусь, гарадок Дрысу (цяпер гэта Верхнядзвінск) на Віцебшчыне, адкуль была родам.
Алена Мазанік у 1948 г. скончыла Найвышэйшую рэспубліканскую партыйную школу пры ЦК КПБ, у 1952 г. – педінстытут і працавала намесніцай кіраўніка Фундамэнтальнай бібліятэкі Акадэміі навук Беларускай ССР. У 1980 г. атрымала званне заслужанай працаўніцы культуры Беларусі. У 1981 г. выдала кнігу «Помста».
Марыя Осіпава пасля вызвалення Беларусі вярнулася ў Мінск і актыўна ўдзельнічала ў аднаўленні разбуранага вайной горада. Працавала ў апараце Старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Васіля Казлова, узначальвала аддзел па памілаванні пры Прэзідыуме Вярхоўнага Савета Беларусі, была членам Вярхоўнага Суда Беларускай ССР, членам рэспубліканскага Камітэта абароны міру. Немалаважная яе заслуга – у рэабілітацыі членаў мінскага падполля, абвінавачаных у супрацоўніцтве з нацысцкімі акупантамі.
Моцная духам маці
У Жодзіне Мінскай вобласці ўсталяваны манумент маці-патрыёткі. Яе прататыпам стала сям'я Анастасіі Купрыянавай. Яе пяцёра сыноў абаранялі Радзіму падчас Вялікай Айчыннай. Малодшы сын Пётр – Герой Савецкага Саюза. 2 лістапада 1944 г. ён закрыў сабой амбразуру нямецкага дзота, паўтарыўшы подзвіг Аляксандра Матросава.

Нарадзілася Купрыянава (у дзявоцтве Шалтуновіч) у 1872 г., у шматдзетнай сялянскай сям'і ў в.Мехеды Лагойскага раёна. Вучыцца ў школе ёй не давялося – трэба было прыглядаць за братамі і сёстрамі, дапамагаць па гаспадарцы. У 1904 г. сястра Анастасіі Сафія збіралася выйсці замуж за мельніка Рыгора Курсевіча, але ў дзень вяселля нечакана памерла. І замест яе пад вянец пайшла Насця. Дзяўчына палюбіла Рыгора, у іх нарадзіліся чацвёра сыноў – Мікалай, Аляксандр, Сцяпан, Міхаіл і дачка Ганна.
У 1916 г., калі ішла Першая сусветная вайна, Курсевіча прызвалі ў царскую армію. Аднойчы ён трапіў пад газавую атаку немцаў, быў узяты ў палон, потым вярнуўся дадому, але восенню 1918 г. памёр. Адной выхоўваць пяцёра дзяцей Анастасіі было цяжка. Савецкая ўлада нацыяналізавала млын Курсевіча, зямлі ва ўласнасці ў сям'і не было. Анастасія бралася за любую працу, батрачыла ў багатых людзей. Потым выйшла замуж за Івана Купрыянава і нарадзіла яму дваіх сыноў – Уладзіміра і Пятра. У 1929 г. ў Жодзіна быў створаны калгас, і Купрыянава ўладкавалася туды працаваць. Муж пакінуў яе і дзяцей і з'ехаў…
Дзеці Анастасіі выраслі сумленнымі, смелымі людзьмі. Маці навучыла іх працаваць на зямлі, любіць Радзіму і абараняць сваю сям'ю. Міхаіл Купрыянаў у 1942 г. стаў сувязным партызанскага атрада «Смерць фашызму», Уладзімір і Пётр ваявалі ў брыгадзе «Разгром». Старэйшыя сыны Мікалай і Сцяпан служылі ў Чырвонай Арміі. Першым не вярнуўся з задання Міхаіл. Партызанская група нарвалася на засаду, Міхаіл прыкрываў адход групы, быў цяжка паранены. Яго катавалі ў Барысаўскай турме, там ён і памёр… Уладзімір прапаў без вестак (потым аказалася, што ён знаходзіўся ў польскім канцлагеры. У 1947 г. вярнуўся дадому, але ў 1949-м загінуў на паляванні – няшчасны выпадак). 18-гадовы Пётр пакляўся адпомсціць за сваіх братоў. Анастасіі ў той час было ўжо больш за 70 гадоў, але яна як магла дапамагала партызанам: прала, прыбірала. Пётр Купрыянаў быў узнагароджаны медалём «Партызану Айчыннай вайны» II ступені. 16 ліпеня 1944 г. ён удзельнічаў у партызанскім парадзе ў Мінску, пасля чаго яго прызвалі ў Чырвоную Армію. Звання Героя Савецкага Саюза яго ўдастоілі пасмяротна.
Анастасія і яе сын Аляксандр памерлі ў адзін дзень – 13 красавіка 1979 г. Паводле афіцыйных даных, Купрыянава пражыла 107 гадоў. Аднак існуе версія, што насамрэч яна была маладзейшая – 95 гадоў. Узнагароджана ордэнам Пятра Вялікага I ступені (пасмяротна) «За выхаванне сыноў, якія загінулі пры абароне Радзімы, і ў сувязі з 60-год-дзем Вялікай Перамогі».
Як гартавалася сталь
Зінаіда Тусналобава-Марчанка (1920 - 1980) нарадзілася на хутары Шаўцова, цяпер Расонскага раёна
Віцебскай вобласці, у сям’і селяніна. У 1930-я гады разам з сям’ёй вы-ехала ў Сібір. У гады Вялікай Айчыннай вайны – санітарка 849-га стралковага палка, удзельніца баёў за Варонеж. Пасля вайны жыла ў Полацку. Узнагароджана ордэнам Чырвонай Зоркі, ордэнам Чырвонага Сцяга, у 1957 г. ёй прысвоена званне Героя Савецкага Саюза, у 1965-м атрымала медаль імя Флорэнс Найтынгейл.

Лабарантка-хімік трэста «Ленінск-вугаль» Зінаіда Тусналобава звярнулася ў ваенкамат г.Ленінск-Кузнецкі Кемераўскай вобласці з просьбай адправіць яе на фронт. Але Зіне адмовілі з-за адсутнасці ваенных спецыяльнасцей. Скончыла кароткатэрміновыя курсы медыцынскіх сясцёр. І ў красавіку 1942 г. санітарку Зінаіду Тусналобаву ўжо прызвалі ў дзеючую армію – на Варонежскі фронт у 849-ы стралковы полк 303-й стралковай дывізіі.
Ліпень 1942 г. Нашы часці знаходзіліся ў бесперапынных баях. Але юная медсястра мужна пераносіла ўсе выпрабаванні і ўжо за першыя 3 дні вынесла з поля бою 40 параненых байцоў. А за 8 месяцаў – 123 чалавекі, за што ўдастоілася ордэна Чырвонай Зоркі і атрымала званне старшыны медыцынскай службы.
25 студзеня 1943 г. часці Чырвонай Арміі вызвалілі ад акупантаў Варонеж, і дывізія, дзе служыла Зінаіда, пачала цяжкі шлях ў Курскую вобласць. У пачатку лютага часці дывізіі стрымлівалі наступленне гітлераўцаў на станцыі Гаршэчнае Курскай вобласці. Чыгуначнае палатно ператварылася ў мяжу. Вораг імкнуўся захапіць станцыю і літаральна паліваў артылерыйскім і мінамётным агнём савецкіх воінаў. І Тусналобава зноў ратавала параненых салдат і афіцэраў – выносіла з поля бою, аказвала першую медыцынскую дапамогу. У гэты час ёй паведамілі, што паранены камандзір узвода, і яна кінулася ратаваць, але сама апынулася параненай у абедзве ногі. І ўсё ж на руках дапоўзла да камандзіра, але ён ужо памёр. Губляючы прытомнасць, Зіна старалася рухацца ў бок сваіх, але сілы скончыліся... У гэты час гітлераўцы пайшлі ў контратаку, і часцям дывізіі давялося адступіць. Зіна засталася ляжаць сярод загінулых таварышаў. Падчас зацішша ворагі аглядалі месца бою і дабівалі параненых чырвонаармейцаў. Зіна прытварылася мёртвай. Адзін з фашыстаў падышоў і да яе: ударыў дзяўчыну нагой у жывот, потым прыкладам — па галаве, твары...
Ачуняла Зінаіда на другія суткі, з цяжкасцю разумеючы, дзе знаходзіцца і што з ёй адбылося. Паспрабавала ўзняцца — не атрымалася. Яна... прымерзла да зямлі і ўжо не спадзявалася на выратаванне. Але, знаходзячыся ў напаўбескантрольным стане, раптам пачула набліжаючыяся крокі. Гэта нашы разведчыкі вярталіся з задання…
З моцнымі абмаражэннямі Зіну адправілі ў палявы шпіталь. Там з-за гангрэны, якая развілася, ёй ампутавалі правую руку. Потым на працягу паўтара месяца — яшчэ адну руку і нагу, пасля чаго адправілі ў тыл. На станцыі Вад давялося зрабіць чарговую аперацыю — па ампутацыі левай нагі. У 23 гады Зіна Тусналобава засталася без рук і без ног... У Свярд-лоўску яна перанесла яшчэ тры аперацыі. Невыносныя фізічныя і маральныя пакуты прыйшлося перажыць гэтай мужнай дзяўчыне. Але, пераадольваючы адчай, яна шукала ў сабе сілы жыць. І дапамагала ёй прачытаная кніга Мікалая Астроўскага «Як гартавалася сталь», якая ўсяляла надзею і настройвала на барацьбу.
Пасля двухгадовага знаходжання ў шпіталях у студзені 1945 г. дзяўчына была гатовая да выпіскі, каб пачаць жыццё з чыстага аркуша. З дапамогай пратэзаў яна зноў навучылася хадзіць. І неўзабаве вярнулася на радзіму, у Полацк. Зінаіда Тусналобава з дзіўнай мужнасцю і найвышэйшай годнасцю пераадолела ўсе жорсткія выпрабаванні і пакуты, што выпалі на яе долю. І разам з мужам Іосіфам Марчанкам, таксама ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, здолела пабудаваць сваё мірнае жыццё, выгадаваць дваіх дзяцей…
Жыццёвы шлях гэтых жанчын розны, але становіцца тым самым прыкладам, які прымушае пераасэнсаваць нешта для сябе, змяніць сваё светаадчуванне і па-іншаму зірнуць на нашу краіну,
усвядоміць, якой цаной здабывалася мірнае жыццё на шматпкут-
най беларускай зямлі.