НАШИ ПРОЕКТЫ

Жанчыны і мова

ПРЕСС-ЦЕНТР

Жанчыны і мова
21 февраля 2026
184
2026 год аб’яўлены ў Беларусі Годам жанчыны. У праекце «Галоўны цуд Беларусі» пазнаёмім вас з выдатнымі жаночымі асобамі роднай краіны. 
Люты адзначае шмат святаў, адно з якіх – Міжнародны дзень роднай мовы. І як не ўзгадаць тых, для каго яна – самая-самая… 

Першая пісьменніца беларусаў

Францішка Уршуля Радзівіл (1705 - 1753) была адзіным дзіцём Тэафілы Ляшчынскай і Януша-Антона Вішнявецкага, вядомага дзяржаўнага дзеяча Рэчы Паспалітай. Дзяўчынка атрымала выдатную хатнюю адукацыю, вывучыла некалькі еўрапейскіх моў, добра ведала сусветную літаратуру і пісала вершы. Не дзіўна, што Францішка Уршуля так захапілася мастацтвам, бо ў сям'і Вішнявецкіх панавала творчая атмасфера: бацька быў здольным аратарам і літаратарам, а дзядзька меў прыдворны тэатр.



У 20 гадоў Францішка Уршуля выйшла замуж за Міхаіла Казіміра Радзівіла «Рыбаньку», які пазней стаў вялікім літоўскім гетманам. Пры двары па яе ініцыятыве з'явіўся тэатр — вялікая раскоша для таго часу, даступная толькі каралям. Для яго княгіня сама пісала п'есы.

Паколькі князь часта быў у раз'ездах па службе, яго маладая жонка вырашала і мноства іншых пытанняў: кіравала гаспадаркай і рэстаўрацыяй Нясвіжскага замка, бараніла горад ад наездаў расійскіх войскаў, наводзіла парадак у княжацкай бібліятэцы і аднаўляла друкарню. Апроч гэтага ў сям'і Радзівілаў было некалькі дзяцей (на жаль, толькі трое з сямі з іх дажылі да паўналецця).

Для беларусаў Францішка Уршуля Радзівіл — першая пісьменніца. Яна пакінула пасля сябе шмат драматургічных твораў і каля 80 вершаў. Доўгі час яе імя было вядома толькі ў вузкім асяроддзі, але зараз творы Францішкі Уршулі Радзівіл можна свабодна прачытаць на беларускай мове.

«Алфавіт» каралевы літаратуры

Эліза Ажэшка (1841 - 1910) нарадзілася ў вёсцы Мількаўшчына, у сям’і памешчыка і адваката Бенедыкта Паўлоўскага. У 17 гадоў выйшла замуж і з’ехала на Палессе. Пасля 1863 года пасялілася ў Гродне і праславіла горад. Прапанум цікавыя факты пра каралеву літаратуры, як называў яе суайчыннік Францішак Багушэвіч, у своеасаблівым «алфавітным» парадку.



А – Альжбета. Пад гэтым імем яна была ахрышчана ў гонар бабкі па мамінай лініі. Ад самога нараджэння паміж імі ўсталявалася цесная сувязь: старэйшая адыграла ў жыцці малодшай самую значную ролю. Доўгімі зімовымі вечарамі бабуля расказвала ўнучцы пра справы мінулых гадоў, і тая зачаравана слухала бясконцыя гісторыі – пра Тадэвуша Касцюшку, пра Стэфана Баторыя, пра Антонію Тызенгаўза, пра Агінскіх, Сапегаў… Гэта бабка Альжбета, падводзячы да партрэта любімага зяця, бацькі Элізы, якога не стала, калі дзяўчынцы было два з паловай гады, прамаўляла павучальнае: "Будзь, як ён". І яна такой стала.

Б – Беларуская і іншыя. Беларускую мову Эліза Ажэшка ведала з ранняга дзяцінства, якое прайшло ў сельскай мясцовасці. Вельмі многія аповесці і апавяданні ў большай ці меншай ступені прысвечаны беларускаму побыту, а ў вусны многіх герояў наўмысна ўкладзена беларуская гаворка. З замежных моў валодала французскай, якой не валодаць у яе час было нельга. З дзяцінства Эліза вывучала таксама нямецкую мову. 

На якія мовы перакладаліся творы Элізы Ажэшкі? Пачынаем загінаць пальцы: беларускую, украінскую, рускую, чэшскую, сербскую, харвацкую, літоўскую, шведскую, англійскую, французскую, італьянскую, нямецкую, іўрыт.

Г - Гербарыі. Калі нешта можна назваць запалам усяго яе жыцця, то гэта гербарыі. Наогул, свет раслін - яе стыхія. Навукоўцы падлічылі, колькі разоў батанічная лексіка выкарыстана ў адным толькі яе рамане "Над Нёманам". Аказалася – 176 (падчас падарожжаў па Гродзеншчыне пісьменніца распытвала знахарак і знахараў пра зёлкі, іх карысныя вартасці і варыянты прымянення, запісвала народныя назвы раслін). Усяго ў яе калекцыі больш за 228 гербарыяў.

Кожнае лета яна збірала і сушыла лісточкі, кветачкі, травінкі, а ўзімку ператварала ў гербарыі і вырабы: пано і закладкі для кніг, упрыгожванні для падарункавых альбомаў і проста старонкі лістоў. Спосабы сушкі кветак і захавання першароднага колеру яшчэ і зараз з'яўляюцца прадметам навуковых даследаванняў.

У Гродне гербарыі Ажэшкі можна ўбачыць у яе доме, аптэцы-музеі і Старым замку. Расліны захаліся так добра, што ніводзін пялёстак не апаў.

З - Зацірка. Беларуская і польская нацыянальная страва – зацірка з малаком – любімая ежа Элізы з дзяцінства. "Зацірачку з малачком" рыхтавала ёй у Варшаве бабка Зоф'я - жонка дзядулінага брата Яна Каменскага. Вучачыся ў пансіёне, выхадныя і святы Эліза праводзіла ў доме Каменскіх і ласавалася гэтым простым супам, смак якога ўспамінала праз шмат гадоў. Прыхільнасць багатай прадстаўніцы герба Корвін да ежы простых сялян – вельмі паказальная рыска да партрэта пісьменніцы, якая прысвяціла сябе народу.

К - Коцікі. Каты суправаджалі яе ўсё жыццё. Першай жывой істотай, якая падзяліла з будучай літаратурнай знакамітасцю радасць яе пісьменніцкага дэбюту, быў гарэзлівы шэры мількаўшчынскі кот. Спачатку, гуляючы лапамі з яе пяром, ён так настырна перашкаджаў працаваць, што яна спачатку да ўпаду смяялася, а потым вельмі злавалася і, выносячы яго ў суседні пакой, зачыняла дзверы за сабой як мага шчыльней.

М - Муж. Першы муж пісьменніцы Пётр Ажэшка быў старэйшы за яе на 16 гадоў, у дзень шлюбу — роўна ў 2 разы. Бацькі Элізы разглядалі яго, як добрую партыю. Той факт, што Пётр меў кучу даўгоў, таму што любіў шыкаваць і быў картачным гульцом, маці і айчым расцэньвалі як праблему, якая можа быць вырашана менавіта праз шлюб. Пазыкі ліквідуюцца дзякуючы пасагу нявесты, а ён даволі прыстойны, Пётр жа пасталее, стаўшы мужам. Яе зачаравала ўменне Пятра танцаваць, яна, якая правяла пяць гадоў у манастырскіх сценах, была захоплена мноствам новых знаёмстваў, якія ён абяцаў ёй, перспектывай з'ехаць жыць у новую цікавую мясцовасць - на Палессе, бываць там з візітамі ў розных дамах і наогул стаць дарослай заможнай дамай. А потым яна вырасла і вочы адкрыліся. Пачала развод. Гэта было не так проста: Элізе нават прыйшлося "стаць" маладзей на год, каб выкарыстаць юны ўзрост уступлення ў шлюб як аргумент у шлюбаразводным працэсе. Зрэшты, гісторыя з гэтым разводам даволі цёмная.

Эліза марыла аб сям'і, пабудаванай на духоўнай сваяцтве, і такі чалавек у яе жыцці ўжо быў. Гэта доктар Свянціцкі. Дзеля яго яна вырашылася на развод і якога, судзячы па ўсім, працягвала кахаць усё жыццё, нягледзячы на ​​іншыя сімпатыі і прыхільнасці. Але адносіны з доктарам скончыліся яшчэ да заканчэння шлюбаразводнага працэсу.
Пазней было шмат гадоў адносін з адвакатам Станіславам Нагорскім. Ён афіцыйна і фармальна быў у шлюбе з другой, і стаў законным мужам пісьменніцы толькі за 2 гады да сваёй смерці.
Апошнія 14 гадоў свайго жыцця Эліза Ажэшка правяла адна. Памерла яна ва ўзросце 69 гадоў, а праз тры для памёр у Мінску доктар Свянціцкі - яе галоўнае каханне. Іх адпявалі і хавалі ў адзін дзень, у адзін час, яго – у Мінску, яе – у Гродна.

Н – Нобель. Свае першыя творы Ажэшка пачала пісаць пасля паўстання 1863-1864 гадоў. На той час яна жыла ў Мількаўшчыне, дзе адкрыла школу для вясковых дзяцей. У 1905 годзе Ажэшка вылучалася на Нобелеўскую прэмію па літаратуры, але тым разам Нобеля атрымаў Генрых Сянкевіч. Другі раз Элізу Ажэшку намінавалі на прэмію ў 1909 годзе, але пераможцай тады стала Сэльма Лагерлёф.

П - Парадокс. Парадаксальнай была любоў Ажэшкі да свайго маёнтка і нелюбоў да свайго горада. Прычына парадаксальнай прыхільнасці да нялюбага горада выкладзена ў аповесці "У клетцы": "Калі цяжка на сэрца і няма з кім падзяліцца бядой, чалавек плача сабе ціхенька ў кутку, і потым яму куток гэты і дарог, і мілы - як прыяцель, які прытуліў у хвіліну, калі цэлы свет быў і халодны, і суровы». «Кінуць Гародню, якую не трываю, дзеля Вільні, да прыкладу, ці Варшавы — ніяк не падыходзіць. Так ужо склалася жыццё, так ужо няхай і цягнецца», – пісала яна.

Але, калі здарыўся самы вялікі пажар за ўсю гісторыю Гродна (пачаўся 10 чэрвеня 1886 года і доўжыўся тры дні) і шматлікія сем’і засталіся без дамоў – згарэла тры чвэрці горада, Ажэшка ўзначаліла гарадскі камітэт па сборы сродкаў на дапамогу пагарэльцам і сама актыўна дапамагала пацярпелым.

Р - Рукадзелле. Нягледзячы на ​​вялікія праблемы са зрокам яна ўсё сваё жыццё не выпускала з рук не толькі пісьменніцкае пяро, але і вязанне: вязала каўнерыкі і абшэўкі, сурвэткі і дарожкі, пакрывала на крэслы і нават фіранкі на вокны. Зараз у мемарыяльных пакоях у маёнтку пісьменніцы на вуліцы яе імя ў Гродне палічкі этажэрак упрыгожваюць карункавыя сурвэткі. Шкада, што гэта не арыгіналы: ацалець яны ніяк не маглі.

С – Слава пераможаным. Яна ўдзельнічала ў паўстанні 1863 года. У горацкіх лясах знаходзілася войска аднаго з рэвалюцыянераў - Рамуальда Траўгута. Эліза, юная жонка памешчыка Пятра Ажэшкі, разам з сяброўкай сабрала цэлы легіён адважных і спрытных жанчын. Яны выконвалі самыя розныя задачы: рыхтавалі хлеб і сыры, шылі сарочкі і канфедэраткі, нарыхтоўвалі корпіі для перавязкі параненых або дастаўлялі таемную карэспандэнцыю. Зрэшты, гэта не галоўная яе роля ў тых падзеях. Летам 1863 года атрад паўстанцаў Траўгута разграмілі. І Эліза Ажэшка вывезла яго, параненага, ва ўласнай карэце да мяжы царства польскага. Праз год ён будзе пакараны смерцю ў Варшаве, але за гэты год з малавядомага правадыра палескіх партызан ён ператварыўся ў адну з легенд паўстання.

У той час арыштавалі мужа Элізы, Пятра Ажэшку. У сакавіку 1865 года яго выслалі ў Сібір. Фармальна – за тое, што не данёс уладам аб праходжанні паўстанскага атрада праз свой маёнтак.
Падзеям таго часу Эліза Ажэшка прысвяціла цэлы навелістычны цыкл, назва якога з лацінскай мовы перакладаецца як "Слава пераможаным".

Ш - Школы. За сваё жыццё яна арганізавала як мінімум тры школы: спачатку ў маёнтку мужа Пятра Ажэшкі, потым у сябе ў Мількаўшчыне, а потым на другім паверсе свайго шэрага дома ў Гродне. Першая была школай для сялянскіх дзяцей, другая - для сялян усіх узростаў, трэцяя - для паненак, узятых з бедных сем'яў.

Пахаванне і прыгоды помніка пісьменніцы. Ажэшка памерла 18 мая 1910 года. На развітанне з ёю прыйшоў амаль што ўвесь горад. Па некаторых дадзеных на пахаванні было каля 15 000 чалавек. Каб падтрымаць парадак, на вуліцы адправілі 88 паліцэйскіх і конную варту. Але яны не спатрэбіліся. Парадак падчас пахавальнай працэсіі падтрымлівалі самі гродзенцы. Элізу Ажэшку пахавалі на “старых” гродзенскіх могілках.

У горадзе першы помнік Ажэшцы ўсталявалі ў парку, ля тэатра, у 1929 годзе. Яго прыбралі падчас вайны па загаду акупацыйных уладаў. Паводле адной з гарадскіх легендаў прыхільнікі пісьменніцы схавалі помнік на каталіцкіх могілках. У 1949 помнік вярнулі ў гарадскую прастору. Зараз ён стаіць на скрыжыванні вуліц Ажэшкі і Тэлеграфнай. Захаваўся і дом, у якім Эліза пражыла апошнія 16 гадоў жыцця, там можна пазнаёміцца ​​са змястоўнай музейнай экспазіцыяй.

Проста «Цётка»

Алаіза Пашкевіч (1876-1916) нарадзілася ў шляхецкай сям'і, на Шчучыншчыне. Скончыла экстэрнам Аляксандраўскую жаночую гімназію ў Санкт-Пецярбургу і ўжо тады пачала грамадска-палітычную і літаратурную дзейнасць, удзельнічаючы ў студэнцкім «Кружку беларускай народнай асветы і культуры».



Затым працавала фельчарам пад Вільняй, паралельна займаючыся прапагандысцкай працай (гэтая далікатная на выгляд жанчына ўдзельнічала ў кіраўніцтве Беларускай сацыялістычнай грамадой). Алаіза Пашкевіч горача абараняла правы працаўніц і сялянак, таму карысталася вялікай палітычнай папулярнасцю ў рэвалюцыянераў і дэмакратаў мноства краін.

Падчас эміграцыі Алаіза паспела адвучыцца ў двух універсітэтах — у Кракаве і Львове, вывучыўшы філасофію, філалогію і гісторыю; падарожнічала ў Фінляндыю, Швецыю, Італію. Выйшаўшы замуж, яна вярнулася з эміграцыі, стала актрысай тэатра Ігната Буйніцкага, рэдагавала маладзёжны часопіс «Лучынка».

З пачаткам Першай сусветнай вайны працавала сястрой міласэрнасці ў тыфозным бараку Віленскага ваеннага шпіталя. У 1916 годзе, адправіўшыся на пахаванне бацькі, заразілася тыфам і памерла.
Сучасным беларусам Алаіза Пашкевіч больш знаёмая па сваім творчым псеўданіме — Цётка. Пад ім яна публікавала свае кнігі і артыкулы. Яе аўтарству належаць зборнікі «Хрэст на свабоду», «Скрыпка беларуская», кніга для дзяцей «Першае чытанне для дзетак беларусаў».

«Кахаю наш край — старонку гэту…»

Канстанцыя Буйло (1893-1986) нарадзілася ў Вільні. Яе бацька, Антон Буйло, служыў лясным аб'ездчыкам у графа, маці, Настасся Францаўна, займалася домам і дзецьмі, спявала ў касцёльным хоры. Сям'я жыла сціпла, але бацькі з малых гадоў прывучалі дзяцей да чытання, навуцы і музыцы. Пазней сям'я пераехала ў Вішнева (Валожынскі раён), дзе маленькая Канстанцыя пазнаёмілася з Эміліяй Станкевіч — маці Уладзіславы Станкевіч. Пані Эмілія давала ўрокі французскай мовы для Канстанцыі. А паміж дзяўчынкамі завязалася сяброўства, якое працягвалася і пасля таго, як Уладзіслава Станкевіч стала жонкай Янкі Купалы.



Першы верш Канстанцыі «Лёс» быў апублікаваны ў газеце «Наша ніва» (1909), пад імем яе брата Эдуарда – Э.Буйло. Менавіта ён настаяў адправіць верш у газету, а каб сястра нарэшце вырашылася, прапанаваў падпісаць яго сваімі ініцыяламі. У 1914 годзе ў друкарні Марціна Кухты выйшла першая кніга паэткі - «Курганная кветка». Яе афармленнем займаўся Язэп Драздовіч, а рэдагаваў сам Янка Купала. Грошы дапамагла сабраць княгіня Марыя Магдалена Радзівіл. Пазней Максім Гарэцкі ў «Гісторыі беларускай літаратуры» назаве Канстанцыю Буйло найбольш таленавітай пасля Алаізы Пашкевіч (Цёткі) паэткай у беларускай літаратуры пачатку ХХ стагоддзя.

У тым жа годзе Канстанцыя Буйло скончыла настаўніцкія курсы і накіравалася на працу ў Лідскі павет. Калі пачалася Першая сусветная вайна, яна паступіла на працу ў канцылярыю Усерасійскага земскага саюза (арганізацыя займалася забеспячэннем арміі), дзе і пазнаёмілася з будучым мужам — Віталем Калечыцам. У 1916 годзе пара абвянчалася. Праз 10 гадоў мужа Канстанцыі Буйло адправяць у ссылку па абвінавачанні ў садзейнічанні варожай партыі. І толькі ў 1950 годзе яна даведалася, што яе муж памёр у лагеры яшчэ ў 1942 годзе. У 1957 годзе В.Калечыц быў пасмяротна рэабілітаваны.

У 1968 годзе яна атрымала званне «Заслужаны работнік культуры БССР».

Нам хацелася б уключыць у гэты артыкул яшчэ шмат жаночых імёнаў, вартых увагі. Але зробім гэта ў наступны раз, бо такія біяграфіі натхняюць і даюць зразумець, што нават самыя складаныя і нерэальныя рэчы ўвасабляюцца ў жыццё, калі прыкласці намаганні.
 
Предыдущая новость
Неад’емная частка жыцця