У Рэспубліцы Беларусь люты аб’яўлены месяцам лячэбна-аздараўленчага і медыцынскага турызму. Найноўшыя медыцынскія тэхналогіі, якія адпавядаюць сусветным стандартам, сучаснае высокадакладнае абсталяванне, высокакваліфікаваныя спецыялісты і поўнае медыцынскае суправаджэнне спрыяюць прыцягненню замежных гасцей у нашу краіну. Сярод пацыентаў, якія прыязджаюць у Беларусь па медыцынскія паслугі, грамадзяне краін не толькі блізкага, але і далёкага замежжа. Зручнае геаграфічнае размяшчэнне, багатая гісторыя і ўмераны клімат нашай краіны дазваляюць аб’яднаць прыемнае з карысным – павандраваць па цікавых месцах Беларусі і прайсці комплекснае абследаванне або лячэнне. Усё гэта ўплывае на канкурэнтаздольнасць нашай краіны ў дадзеным кірунку. Але і беларусы ў поўнай меры карыстаюцца паслугамі гэтай сферы.
Варыянтаў хапае, было б жаданне
У нашым раёне працуе санаторый «Сярэбраныя ключы», дзе прапаноўваюць пэўны комплекс лячэбна-аздараўленчых паслуг, але гэта не значыць, што не існуе іншых. Варыянтаў хапае, было б жаданне: па ўсёй Беларусі працуюць установы, дзе можна паправіць сваё здароўе.
А для тых, хто па нейкіх прычынах не гатовы кудысьці ехаць, можна знайсці паслугі і па месцы: у горадзе працуюць Лядовы дварэц, басейны, трэнажорныя залы, праводзяцца заняткі па пілатэсу і фітнесу. Не трэба забываць і пра гарадскія стадыёны – гэта бег, спартыўная і скандынаўская хадзьба, зімой – каток з пракатам лыж і канькоў. Для людзей сталага ўзросту таксама практыкуюцца заняткі рознай ступені складанасці ва многіх установах горада.
Аздараўленчы турызм прапаноўваюць і аграэкасядзібы, бо само знаходжанне ў лесе ці на возеры – гэта ўжо аздараўленне. Чыстае паветра, водная гладзь, цішыня – тое, што патрэбна для псіхалагічнай разгрузкі. Самая вядомая – экатурыстычная база «Урэчча», але ёсць і іншыя «кропкі» на тэррыторыі раёна, дзе можна адпачыць душой – фітагарбату і лазню ніхто не адмяняў.
Яшчэ нагадаем пра лячэбны масаж: у нас ёсць спецыялісты, якія аказваюць такія паслугі (гэта тычыцца не толькі ЦРБ). Яны актыўна вядуць старонкі ў сацыяльных сетках, так што пры жаданні іх знайсці нескладана.
Лячэбна-аздараўленчы і медыцынскі турызм – найперш пра наша здароўе. І, безумоўна, ён будзе развівацца, бо неабходны і запатрабаваны. Здароўе - гэта самае каштоўнае, што ёсць у чалавека. Таму клопат пра яго павінен стаць неад'емнай часткай жыцця кожнага з нас. У жыхароў нашага раёна ёсць усе магчымасці не толькі падтрымліваць сябе ў добрай форме, але і ўмацаваць здароўе.