У Беларусі кожны месяц прысвечаны пэўнаму віду турызму, і Міністэрства спорту і турызму аб'яўляе май месяцам аграэкатурызму, падкрэсліваючы яго важнасць для развіцця турыстычнага патэнцыялу краіны і папулярызацыі беларускай культуры.
Беларускія аграэкасядзібы – гэта не проста месцы для адпачынку, гэта сапраўдныя цэнтры прыцягнення для тых, хто цэніць экалагічна чыстыя прадукты, актыўны адпачынак на прыродзе, душэўныя зносіны і магчымасць пагрузіцца ў атмасферу беларускай вёскі і проста адпачыць душой і целам удалечыні ад шумных гарадоў. Маляўнічыя краявіды, спрыяльная экалогія і непаўторны вясковы каларыт прыцягваюць гасцей у аграсядзібы краіны. Беларусь двойчы аказвалася на першым радку рэйтынгу найлепшых краін для аграэкатурызму па версіі National Geographic.
Сёння ў Беларусі больш за 1,3 тыс. аграэкасядзіб, на якіх адпачывае звыш паўмільёна чалавек. Яны размешчаны ў самых маляўнічых мясцовасцях, аформлены з нацыянальным беларускім каларытам або ў сучасным экастылі. На Светлагоршчыне гасцей чакаюць аграэкасядзібы «Хутарок» (в.Хутар), «Воўчын кут» (в.Асінаўка), «Міколін востраў» (п.Мольча), дзе гаспадары прапануюць вам адправіцца на сенакос або рыбалку раніцай, у лес па ягады і грыбы, папарыцца ў лазні, дзе прыгатаваны духмяныя венікі і гаючыя травы, пазнаёміцца з народнымі рэцэптамі і сакрэтамі догляду за сабой.