Там, дзе б’юць званы: успаміны сведкаў фашысцкай жорсткасці ў Але

Пра гэты населены пункт не пісалі ў падручніках па гісторыі, не здымалі пра яго трагічны лёс фільмаў, відавочцаў таго жаху ўжо няма ў жывых. Тым часам у невялікай вёсачцы фашысты знішчылі ў 12 разоў больш людзей, чым ва ўсім вядомай Хатыні. Досвіткам 14 студзеня 1944 года ў Але былі забітыя 1758 чалавек, з іх 950 дзяцей. Напярэдадні гэтай трагічнай даты мы друкуем успаміны тых, каму ўдалося выжыць у той дзень…

Фота: Андрэй Сілівончык, «СН»

Калі ішла праца над узвядзеннем комплексу «Ала», у музей звярнуўся мясцовы жыхар. Ён расказаў пра сваячку Лілію Жулегу, якая з’яўляецца сведкай тых страшных падзей. Тады яна была зусім малой. У музеі наладзілі кантакт з ёю. І зараз частка яе ўспамінаў размешчана ў музейным павільёне мемарыяльнага комплексу: «Немцы выганялі ўсіх жыхароў са сховішчаў, пастроілі ў калону і гналі ў напрамку чыгуначнага маста праз раку Бярэзіна. Людзей было шмат. Дзядзька Кузьма са сваёй сямёй і мой брат Шура апынуліся крыху наперадзе нас у калоне. Мы з мамай і братам Севам паадсталі, бо мама была вымушана несці мяне на руках. Паміж сабой людзі казалі, што нас гоняць у Алу. Потым памятаю, як мы ішлі па чыгуначным мосце, аўтаматчыкі стаялі па баках. А людзі ўсё ішлі і ішлі. Дзядзька Кузьма знайшоў нас і нешта сказаў маме. Потым я даведалася, што ён сказаў бегчы, калі пяройдзем раку і дзе сустрэцца. Мост прайшлі, дзядзька Кузьма махнуў рукой, і мы пабеглі. Мама трымала мяне на руках, я глядзела назад. Я бачыла вочы маладога нямецкага аўтаматчыка, амаль хлопчыка, які ўсё бачыў, але не страляў…»

Жыхарка вёскі Антонаўка Жлобінскага раёна Таццяна  Ярашэвіч таксама на ўсё жыццё запомніла гэтыя жахлівыя моманты: «Мне было 16 гадоў. Немцы ачапілі вёску і сталі ўсіх зганяць у хлеў. Я ўбачыла, што брат збіраецца ўцякаць. Пабегла за ім. Брата забілі, а за мной пусцілі сабак. Яны павалілі мяне ў снег і пачалі ірваць адзенне, але не загрызлі. Я бегла, не ведаючы куды… У полі стаяў стог сена, схавалася там. Раніцай наступнага дня зайшла ў Чыркавічы, мяне там выхадзілі, і добрыя людзі завялі ў Кароткавічы да родных».

Валянціна Логвін, жыхарка вёскі Кароткавічы, кажа, што яе маці Антаніна Навуменка заўсёды лічыла 14 сту-дзеня 1944 года другім днём нараджэння: «Каб схавацца ад немцаў, людзі ішлі ў вёску Ала і жылі там па 2-3 сям’і ў доме. Але аднойчы раніцай пачулі брэх сабак і стрэлы. Фашысты загналі ўсіх у адрыну і падпалілі. Таго, хто спрабаваў выратавацца, расстрэльвалі. Маме ўдалося выскачыць з хлява, але ад болю яна ўпала і апрытомнела ўжо ноччу. Раніцай яе знайшлі жыхары Кароткавічаў. Усе сваякі мамы – восем чалавек – загінулі…»

Яшчэ адзін страшны эпізод апісаны ў кнізе «Памяць. Светлагорск. Светлагорскi раён» сведкам тых падзей Тарасам Колесневым: «Ад групы аддзялілася жанчына ў целагрэйцы і вялікай клятчастай хустцы. Аўтаматчык ішоў за ёй. Я пачуў просьбу дазволіць згарэць у сваёй хаце. Гэта была Аксіння Цімафееўна Курловіч, жонка бухгалтара калгаса. Пад дружны рогат фашыстаў жанчына павярнулася і цвёрдым крокам пайшла да сваёй палаючай хаты. За ёю бег фашыст з вялікім балонам за спіной. На хаду апырскваў яе бензінам. Жанчына не звяртала на яго ўвагі. Афіцэр дастаў пісталет. Але на парозе дома жанчына ўспыхнула паходняй і схавалася за дзвярыма…»

У той дзень выратаваўся і Арцём Усціменка. Яму ўдалося выбрацца з дому і дапаўзці да лесу. Дом Арцёма Маркавіча знаходзіўся наводдаль ад вёскі, і пасля вайны будынак захаваўся. Гаспадар не хацеў пакідаць родныя мясціны, таму жыў там доўгі час.

Жыхарка вёскі Мольча Светлагорскага раёна Таццяна Калейчык таксама распавядае: «Мне памятаецца Ала. Людзі спачатку жылі звычайна, немцаў не было ў вёсцы. А потым паліцаі, мусіць, прывялі… у канцы снежня 1943 года на мосце праз раку Ала хтосьці забіў нямецкага салдата. Калі немца забілі, усе жыхары Алы сабраліся і пайшлі ў лес, баяліся, што спаляць… Сядзелі-сядзелі ў лесе, а немцаў няма. З 13 на 14 студзеня на ноч сабраліся і пайшлі ў свае хаты…»

Раніцай 14 студзеня 1944 гады немцы акружылі вёску. Людзей заганялі ў дамы і падпальвалі. Тых, хто спрабаваў уцячы, расстрэльвалі, кідалі ў агонь жывымі. У вёсцы загінула 1758 чалавек – у 12 разоў больш, чым у Хатыні…

Цяпер на месцы спаленай вёскі Ала быў узведзены мемарыяльны комплекс у памяць аб трагедыі. Памяць вечная, але, на жаль, зараз пра гэты жудасны момант сучаснай гісторыі краіны цяпер можна даведацца толькі па газетных публікацыях і скупых гістарычных звестках. Сведкаў фашысцкай жорсткасці ў Але і пасля вайны можна было па пальцах пералічыць, а да сённяшняга дня, на жаль, ніхто не дажыў.

Падрыхтавана па матэрыялах інтэрнэт-друку.